28 Марта, 2024 Четверг

Французская спадчына Міцкевіча ў Навагрудку

  • 14 июля 2015 Культура Беларуская 0

    На Гродзеншчыну прывезлі экспанаты з калекцыі музея Міцкевіча ў Францыі.


    У выхадныя, калі ў Віцебску віраваў і спяваў «Славянскі базар», у Навагрудку таксама былоцікава. Тут у Доме-музеі Адама Міцкевіча, пры ўдзеле Пасольства Беларусі ў Францыі, адкрывалася новая выстава. Гравюры ХІХ стагоддзя да твораў паэта і арыгінальныя медальёны, копія партрэта выбітнай піяністкі Марыі Шыманоўскай мастака Валенсія Ваньковіча, карціна «Шлях Міцкевіча» з кабінета пасла Італіі… Добрая нагода наведаць Навагрудак у найбліжэйшыя паўгода.

    Дажджлівы суботні поўдзень. У адной з музейных залаў, музычным салоне, збіраюцца госці. Жанчына за піяніна выконвае творы ХІХ стагоддзя. Штосьці з гэтага некалі грала і Марыя Шыманоўская. Славутая піяністка свайго часу, яна гастралявала па Германіі, Англіі, Швейцарыі, Францыі, Італіі, выступала для каралеўскіх асоб. Шыманоўская адной з першых пачала выконваць музычныя творы па памяці. Міцкевіч пазнаёміўся з таленавітай піяністкай у 1829 годзе ў Маскве, дзе яе запрасілі іграць для імператарскага двара. Марыя прыехала туды разам з дзвюма дочкамі. Праз пяць гадоў малодшая з іх, Цэліна, стала жонкай Адама Міцкевіча.

    Сёння цешча знакамітага паэта «гасцюе» ў Навагрудку. У музеі экспануецца копія партрэта піяністкі, напісаная мастаком Віктарам Альшэўскім (арыгінал, створаны Валенсіем Ваньковічам, знаходзіцца ў Парыжы).

    — Любая копія дае магчымасць прафесійна развівацца, — упэўнены Віктар Альшэўскі. — Перш чым распачаць працу, я наведваў Луўр, глядзеў, як мастакі там капіруюць, вывучаў тэхніку Ваньковіча. Два тыдні правёў у Парыжы, у музеі Міцкевіча, займаўся гэтым праектам. Паглыбіўся ў эпоху, практычна дыхаў творам. Праца настолькі захапіла мяне, што я з 9 да 17 гадзін, пакуль пісаў копію ў музеі, адыходзіў ад карціны, толькі каб зрабіць некалькі глыткоў вады.

    Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Беларусі ў Францыі Павел ЛАТУШКА ўзгадвае, што менавіта з партрэта Шыманоўскай, які захацелася прывезці на радзіму, і пачаўся ўвесь праект:

    — Так склаўся лёс нашай краіны, што шмат гісторыка-культурных каштоўнасцей было вывезена за мяжу. Наш абавязак сёння — вяртаць іх. Гэта можна рабіць па-рознаму: купляць рарытэты на аўкцыёнах, заключаць дамовы паміж дзяржавамі. А можна капіраваць асобныя творы.

    Яшчэ адна праца, якую перадалі ў музей на час выставы, — карціна «Шлях Міцкевіча». Віктар Альшэўскі напісаў яе гадоў 15 таму. Быццам дарожны дзённік, карціна расказвае пра гарады, дзе жыў паэт. Пецярбург, Берлін, Варшава, Рым, Канстанцінопаль… Фігура Міцкевіча аб’ядноўвае ўвесь свет. Нездарма твор прывабіў італьянцаў і трапіў у калекцыю Пасольства Італіі ў Беларусі.

    У іншай зале навагрудскага дома паэта размясцілі экспанаты з фонду парыжскага музея Міцкевіча. На сценах — старонкі з гравюрамі да зборніка, надрукаванага ў Познані ў 1863-1864 гадах. Тут ілюстрацыі да трох твораў Міцкевіча — «Пані Твардоўская», «Гражына» і «Конрад Валенрод». Наведвальнікі музея ўбачаць і шэсць медальёнаў з профілем паэта, выпушчаныя да 100-годдзя з дня яго нараджэння. На выставе таксама прадстаўлены кнігі з асабістай калекцыі беларускага пасла ў Францыі, напрыклад, курс лекцый Міцкевіча «Славяне» для Калеж дэ Франс.

    На радзіму сапраўды сусветнага паэта прыехалі прадстаўнікі французскага музея Міцкевіча. Пакуль яны знаёміліся з домам, дзе публіцыст правёў дзіцячыя гады і куды завітваў на канікулы падчас навучання ў Віленскім універсітэце, мы распытвалі пра парыжскі куток, прысвечаны нашаму земляку.

    — Музей быў закладзены сынам Міцкевіча Уладзіславам, — распавядае супрацоўніца Ганна ЧАРНОЦКА. — Ён быў першым дырэктарам гэтага музея і перадаў у калекцыю цікавыя экспанаты: карціны, мэблю, рукапісы бацькі. Будынак знаходзіцца на востраве на рацэ Сене — вельмі прыгожае месца непадалёк ад Нотр-Дам дэ Пары. Да нас заходзяць турысты з Польшчы, Японіі, Амерыкі. У гэтым месяцы было шмат наведвальнікаў з Беларусі. Міцкевіч жыў у Парыжы больш за 20 гадоў. У Калеж дэ Франс ён быў прафесарам славянскай славеснасці. Таму яго асоба важная для нашай краіны.

    «Шлях Міц­ке­ві­ча» Вік­та­ра Аль­шэў­ска­га. Тая кар­ці­на, што ві­сіць у ка­бі­не­це па­сла Іта­ліі ў Бе­ла­ру­сі.

    У Парыжы ў 1832-1834 гадах Міцкевіч напісаў адзін з самых вядомых сваіх твораў — паэму «Пан Тадэвуш». Летась акцёры Купалаўскага тэатра вазілі ў французскую сталіцу аднайменны спектакль. Тры фуры з дэкарацыямі, 60 артыстаў. Падчас падрыхтоўкі пастаноўкі для замежнай сцэны было шмат складанасцей, але ўсё атрымалася. Калі скончыўся спектакль, парыжская публіка дзесяць хвілін апладзіравала беларусам стоячы. Для Францыі, дзе гледачы ў тэатрах практычна не ўстаюць, гэта рэдкасць.

    Павел Латушка прызнаецца, што сёння не так лёгка арганізоўваць міжнародныя культурныя праекты, часам яны немагчымы без падтрымкі мецэнатаў. Падобныя выставы патрабуюць выдаткаў на права паказу (хаця ў выпадку з французскім музеем Міцкевіча пашанцавала: кіраўніцтва адмовілася ад выплат, звязаных з гэтым правам), сродкаў на транспарціроўку і страхоўку экспанатаў. Спонсарам стаў Пріорбанк, які часткова прафінансаваў праект (напрыклад, аплаціў пражыванне нашага мастака ў Парыжы, пакуль той рабіў копію Ваньковіча).

    Ці будзе ў выставы працяг? Ёсць надзея, што будзе. Дырэктар навагрудскага літаратурнага музея збіраецца наведаць французскіх калег і, магчыма, не толькі прывезці на радзіму паэта чарговыя рарытэты з Парыжа, але і зладзіць на Сене экспазіцыю беларускай калекцыі. Больш за тое, ужо вяліся перамовы з музеямі Міцкевіча ў Варшаве і Вільнюсе. Не выключана, што карціны, якія цяпер знаходзяцца ў Польшчы і Літве, вернуцца праз копіі ў айчынную культурную скарбонку.

    — Мне падаецца вельмі важным, што падобная міжнародная выстава, якая спалучае Беларусь і Францыю, адбываецца на старажытнай навагрудскай зямлі, — адзначае Павел Паўлавіч. — Добра, што маштабныя праекты ідуць у рэгіёны. Кожны чалавек, незалежна ад таго, пражывае ён у сталіцы ці ў маленькім гарадку, мае права атрымаць асалоду ад мастацтва.

    Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

    Фота аўтара

    Автор: Наталля ЛУБНЕЎСКАЯЗвязда

Комментарии (0)