28 Апреля, 2024 Воскресенье

В музее-усадьбе «Пружанский палацик» продолжается выставка работ С.Жуковского. История одного шедевра: «Обрыв»

  • 15 июля 2015 Культура Беларуская 0

    Дакладны час напісання гэтай карціны невядомы, мяркуючы па імпрэсіянісцкай манеры, дзесьці ў сярэ-дзіне 1900-х гг. Менавіта ў той перыяд Станіслаў Жукоўскі, абнаўляючы традыцыі рэалізму, для эмацыйнага прайгравання рэальнасці пачаў выкарыстоўваць прыёмы імпрэсіяністаў: мазок стаў больш выяўленым і энергічным, узмацнілася дэкаратыўнасць.

    Гэта адна з тых карцін Жукоўскага, якія аказваюць моцнае ўражанне на гледача. Здавалася б, нічога незвычайнага: ні маштабнага гістарычнага сюжэту з арыгінальнай трактоўкай, ні панарамных прыродных прастораў, ні  адбыўшайся трагедыі, але лёгкае адчуванне таго, што яна вось-вось павінна адбыцца. Звычайна наведвальнікі стаяць каля яе падоўгу, не ў сілах адарваць погляд ад палатна.

    Вельмі сціплы па памеры  пейзаж,  маленькая камерная кампазіцыя, нібы нейкі «бермудскі» прамавугольнік няўмольна зацягвае ў свае глыбіні.  І чым бліжэй да яго падыходзіш, усё больш і больш пагружаешся ў тайну, паступова раскрываючы задуму мастака.

    Галоўны герой карціны — высокі пясчаны абрыў — здалёк нагадвае  пышны, пакрыты шакаладна-вішнёвай глазурай бісквіт, ад якога ўжо хтосьці нябачнай рукой адрэзаў прынадны кавалачак. І духмяны буры сок сцякае, насычаючы друзлыя краі. Яркі імпрэсіянісцкі каларыт нараджае адчуванне цёплага дня. Сонца не відаць, яно дзесьці яшчэ высока над гарызонтам, толькі велізарныя цені на вадзе і пяску падказваюць, што схавалася за воблакам. Разлітае золата сонечнага святла афарбоўвае ўсё вакол чароўным мігценнем, насычае фактуру, ускладняючы колер шматлікімі адценнямі. Мастак нібы гуляе  на кантрастах, нечакана пераходзячы ад крэмава-охрыстых адценняў да сінячорных мазкоў. Паглядзіце на роўнядзь вады! Яе вясёлкавая паліфанічная ра-бізна нагадвае лускавінкі на спінцы гіганцкага люстранога карпа. Так і карціць акунуцца ў цёплую ваду і ўхапіць яго за хвост!

    Але варта падысці да карціны бліжэй, як разумееш, што бераг не ўтульны і не добразычлівы. Што гэта праплывае міма?! Тоненькая, выгнутая невядомай сілай бярозка! Галінкі трымаюцца над вадой з апошніх сіл (здаецца, сам цень падстаўляе  рукі), за-зіраюць у воднае люстэрка, нібы просяць запомніць іх такімі. Яны хутка знікнуць з вачэй і панясуцца ўдалечыню.  А што за змейка  цёмнай звілістай стужкай паўзе ўгару  па стромкай сцяне?! Яна расколе напалам абрыў, і асінка на беразе, якая выйшла развітацца з сяброўкай, не ўтрымаецца і сарвецца ўніз. Пад яе нагамі-каранямі ўжо трэскаецца і разыходзіцца зямля.

    За ўсім гэтым абыякава назіраюць высокія хвоі, якія адышлі ад берага і прадбачліва спляліся сваімі кронамі ў адзіную непраходную зялёную гушчу і не прапускаюць нават неба. Але сінь прасочваецца скрозь тры невялікія адтуліны ізумруднай агароджы, а сакавіты блакіт заліваецца зверху, абудзіўшы чародку дробных птушак, яны ўзляцелі высока-высока ў неба над пухнатымі аблокамі, а тыя, нібы чатыры беласнежныя галубы, размахнуўшы крылы, тужліва буркуюць над абрывам.

    З якім   уменнем, з якой лаканічнасцю і глыбінёй Станіслаў Жукоўскі раскрывае містычны настрой невялікага кутка прыроды! Пейзаж прымае апавядальны характар, перадае глыбіню самых асабістых пачуццяў і перажыванняў чалавека, якому даводзіцца хадзіць над прорвай жыцця. Жадаеце пачуць яе аповяд?! Прыходзьце і азнаёмцеся з ёю, магчыма, штосьці новае спазнаеце і пра сябе.

    Алена Зялевіч, старшы навуковы супрацоўнік  музея-сядзібы «Пружанскі палацык».

    Автор: Елена ЗелевичРаённыя будні

Комментарии (0)