05 Мая, 2024 Воскресенье

У скарбонку тапонімаў

  • 03 августа 2015 Культура Беларуская 0

    Што ў Вялікіх Гарадзяцічах называюць Аскінне, у Барыкове – Опін, а ў Рэдкавічах – Зелямень? Не ведаеце? Гаворка ідзе пра лес, дакладней, пра некаторыя яго ўчасткі каля названых вёсак. Гэтыя незвычайныя назвы – мікратапонімы, вядомыя на тэрыторыі асобных населеных пунктаў.

    Менавіта для збору мікратапонімаў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арганізаваў анамастычную экспедыцыю ў Любанскі раён. Удзельнікі экспедыцыі – супрацоўнікі вышэйназванага Цэнтра Уладзімір Кошчанка, Святлана Ліпніцкая і Вадзім Шклярык – на працягу некалькіх дзён сустракаліся з жыхарамі вёсак Любаншчыны, каб распытаць пра вясковыя назвы мясцовых сажалак, урочышчаў, лясоў, пасёлкаў…

    Такія экспедыцыі планаваліся яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, тады ж мовазнавец прафесар Валянціна Лемцюгова распрацавала інструкцыю-апытальнік для збору анамастычнага матэрыялу. Аднак здзейсніць экспедыцыю ўдалося толькі сёлета, ініцыятарам яе стаў старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар Капылоў.

    Увогуле гасцінная Любаншчына з яе добразычлівымі жыхарамі прыйшлася даспадобы сталічным навукоўцам. Былі прыемна здзіўлены яны, напрыклад, такім фактам, што многія жыхары вёсак – прычым не моладзь, а бабулі і дзядулі – размаўляюць не на трасянцы, а амаль на літаратурнай беларускай мове.

    Не былі даследчыкі расчараваны і тым матэрыялам, што атрымалася знайсці ў нашым раёне. Наведаўшы 30 вёсак і пасёлкаў Любаншчыны, яны запісалі каля 700 назваў. Даныя матэрыялы будуць апублікаваны ў зборніку «Беларуская анамастыка», які рыхтуецца да друку ў аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

    Дарэчы, такія запісы амаль што ў палявых умовах – гэта найлепшы спосаб для атрымання дакладнага матэрыялу па анамастыцы. Бо вельмі важна не проста правільна запісаць назву, але і пазначыць фанетычную структуру слова. А яшчэ, працуючы на месцы, даследчыкі могуць атрымаць і дадатковую інфармацыю пра аб’ект: яго геаграфічнае размяшчэнне, гісторыю ўзнікнення назвы і інш.

    Вядома, экспедыцыя не была б такой удалай, калі б не ўсебаковая падтрымка і дапамога мясцовых улад. Навукоўцаў размясцілі ў гасцініцы, забяспечвалі транспартам длявыезду ў неабходныя населеныя пункты, арганізоўвалі сустрэчы з інфарматарамі. Шчырыя словы ўдзячнасці супрацоўнікі Акадэміі навук выказалі намесніку старшыні райвыканкама Тамары Дамашэвіч, якая ў значнай ступені паспрыяла таму, што экспедыцыя адбылася менавіта на Любаншчыне; а таксама загадчыку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васілю Каткаўцу і загадчыку арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага РЦК Сяргею Выскварцы.

    З цягам часу знікаюць селішчы, пасёлкі і вёскі. Застаюцца толькі рэшткі памяці пра іх. Менавіта каб гэта памяць не знікла, каб засталася жыць у кніжках, і арганізоўваюцца падобныя экспедыцыі. Дарэчы, мажліва, у жніўні навукоўцы зноў прыедуць на Любаншчыну, а таксама на Салігоршчыну, і скарбонка памяці мясцовых назваў папоўніцца яшчэ больш.

    Автор: Настасся ДАШКЕВІЧГолас Любаншчыны
    Теги: 

Комментарии (0)