26 Апреля, 2024 Пятница

У Моталь за прысмакамі і ўражаннямі

  • 13 августа 2015 Культура Беларуская 0

    На двары з самага ранку спякота, аж млосна. Куды мяне нясе ў такую гарачыню? – запытала я сябе, уладкоўваючы на плечы рукзак і фотакамеру. Мотальскіх прысмакаў, бачыш ты, захацелася. Быццам сваіх няма. А можа не такія? Трэба ж пабачыць, паспрабаваць, каб потым нашым чытачам расказаць...
    Нягледзячы на спробу навігатара завесці нас у нейкі непралазны гушчар, мы трапілі ў Моталь акурат да адкрыцця свята. Пакуль вядучыя сустракалі песнямі і жартамі гасцей з розных куткоў Беларусі і замежжа, а мясцовыя паварата прытанцоўвалі з вялікімі драўлянымі лыжкамі і відэльцамі, мы вырашылі разгледзецца, што да чаго і па чым. Што ні гандлёвая пляцоўка – свой багаты асартымент. Вырабы з дрэва, ільну, гліны, шкла, скуры і тканіны здольны задаволіць самага капрызнага пакупніка. Дарэчы, шмат чаго з прадстаўленых тавараў можна ўбачыць на любым кірмашы, у тым ліку і на Свіслацкім, які ўжо не за гарамі. 
    Кажуць, прыехаць у Моталь і не паспрабаваць фірменных мясных вырабаў – дарма губляць час. Прыслухаліся, што кажуць людзі ў чарзе, пакаштавалі і ўпэўніліся – гэта чыстая праўда. «Калі ласка, мне мотальскай каўбасы” – „А вось тая мясная пляцёнка з чаго? Надта апетытна выглядае” – “Што можаце параіць нам купіць, але каб менавіта мотальскае?” – „Здаецца, ужо ўсё. Калі не, яшчэ кавалачак таго мяска з прыправамі”. Мабыць, рассмакавалі. Побач, не кожны адразу заўважыць, вялікае пляцёнае крэсла з… каўбасы. Хто з фотакамерамі – фатаграфуе, хто хітры – спрабуе. Свята толькі пачалося, а падлакотнік добра пагрызены. Вялікі натоўп пакупнікоў у сырных шэрагах, каля гандлёвых кропак з рыбай, садавінай і гароднінай, салодкімі і хлебабулачнымі вырабамі. 
    Мабыць, тут добрая дэмаграфічная сітуацыя, разважаю я ўслых. Што ні кампазіцыя, усё з калыскай. І ў мотальскім кафэ пад адкрытым небам, і на падворку з хатняй жывёлай, і нават каля таго крэсла з каўбасы. А ў калысцы, не жарт, па двое дзетак. Чым не прапаганда шчаслівай беларускай сям’і? Тым больш, што маладыя ахвотна фатаграфуюцца на фоне такіх калысак. 
    Стаміўшыхся ад вандровак па вуліцах аграгарадка на галоўнай сцэне свята віталі вядомыя артысты і мастацкія калектывы. Прыгожыя касцюмы, вясёлыя песні, майстэрскае валоданне музычнымі інструментамі і добры настрой зрабілі фестываль яшчэ больш запамінальным.
    Каб людзі маглі лягчэй перажыць гэту спякоту, пад навесамі ўстанавілі бутлі з пітнай вадой. Смагу маглі заталіць усе жадаючыя. Бясплатна. Пад другім навесам гасцям прапанавалі асвяжыцца з дапамогай распрысквальніка ды яшчэ параду давалі, на якія часткі цела лепей. Клопат аб людзях, як кажуць, відавочны. Прыемна нас уразілі ветлівыя работнікі ДАІ: паказалі, дзе лепей прыпаркаваць машыну, каб яна не нагрэлася на сонцы, расказалі, якой дарогай хутчэй вярнуцца дадому і пажадалі шчаслівага шляху. 
    Па дарозе на Свіслач не маглі абмінуць мемарыяльны музей-сядзібу Т. Касцюшкі і палац Пуслоўскіх у Косава. Музей Т. Касцюшкі – хата, у якой 4 лютага 1746 г. нарадзіўся Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка – вялікі сын беларускай зямлі, нацыянальны герой Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі. Першапачаткова сядзіба была пабудавана ў 1720 г. бацькам Т. Касцюшкі. У гады Другой сусветнай вайны яна згарэла, а праз 60 год была адноўлена на старым фундаменце з родным склепам, якія былі знойдзены падчас археалагічных раскопак у 2003 годзе.
    Музей падзяляецца на мемарыяльную частку  і  гістарычную. У першай размясціліся сені, кухня, пакой маці, працоўны кабінет бацькі Касцюшкі, гасціная. Прадстаўлена мэбля XVIII–XIX стст. У гістарычным пакоі знаходзяцца матэрыялы археалагічных раскопак, манеты, медалі, грашовыя банкноты з партрэтам Т. Касцюшкі, герб і генеалагічнае дрэва роду Касцюшкаў, зброя сялян-паўстанцаў і іншае. 
    Удала ўпісваецца ў маляўнічы паркавы краявід палац, які пабудаваў граф Вандалін Пуслоўскі ў Мерачоўшчыне ў 1838 годзе. Разам з сядзібай Касцюшкаў і паркам яны стварылі ўнікальны палацава-паркавы ансамбль. Але на долю палаца выпалі вельмі складаны лёс і цяжкія выпрабаванні. Пасля паўстання 1863 года ён быў канфіскаваны і перайшоў да маскоўскай арыстакратыі: спачатку да купца Аляксандрава, потым князёў Трубяцкіх і, нарэшце, Альдэнбургскіх. У час Першай сусветнай вайны палац быў моцна разбураны. Правялі рэстаўрацыю. У перыяд акупацыі гітлераўцы выкарыстоўвалі яго тэрыторыю пад гета. У канцы Другой сусветнай вайны палац і дом-сядзіба пацярпелі ад пажару. Парк вынішчаны ў савецкі час. Зараз у Косаўскім замку вядуцца рэстаўрацыйныя работы, таму агледзець яго мы маглі толькі ходзячы за плотам. Але нават гэтага хапіла, каб зразумець, што дачакацца іх завяршэння варта.

    Автор: Вольга БУБЕНЧЫКСвіслацкая газета

Комментарии (0)