20 Апреля, 2024 Суббота

На парадку дня – стварэнне аргкамітэта

  • 17 августа 2015 Культура Беларуская 0

    250-годдзе Міхала Клеафаса Агінскага трэба сустрэць годна. Неабходна паказаць, што памяць пра аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай» і яго паплечнікаў у раёне захоўваецца і шануецца. У гэтым перакананы дырэктар Маладзечанскага музычнага каледжа, старшыня праўлення мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына М.-К. Агінскага» Рыгор Сарока.

    — Юбілей нашага славутага земляка будзе адзначацца 25 верасня, — падкрэсліў Рыгор Сямёнавіч. – А 20 кастрычніка горад прыме ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай кампазітару, дыпламату і паўстанцу. Адным з момантаў мерапрыемства стане наведванне часткова адноўленага месца пахавання сям’і Ходзькаў-Дадэркаў у Аборку (у гэтым населеным пункце ў 1800 годзе нарадзіўся асабісты сакратар Міхала Клеафаса, вядомы беларускі гісторык, выдавец, публіцыст, бібліёграф Леанард Ходзька). Мяркуецца, што прадстаўнікі розных краін ля брамы былога касцёла Святога Роха пасадзяць алею. Да таго часу тут павінны з’явіцца альтанка і калонка для вады. У планах грамадскасці — устаноўка мемарыяльнага каменя на месцы, дзе стаяў дом Леанарда.

    Па меркаванні Рыгора Сарокі, для каардынацыі работы валанцёраў, грамадскіх арганізацый, суб’ектаў гаспадарання і мясцовых улад пры падрыхтоўцы да юбілейных мерапрыемстваў неабходна стварыць арганізацыйны камітэт, зацвердзіць план яго дзеянняў і прызначыць адказных па кожным кірунку.

    Ідэю падтрымаў і старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Яхнавец.

    — Тое, што ў горадзе і раёне захоўваецца спадчына роду Агінскіх, аднаўляюцца гістарычныя мясціны, карысна для ўсіх, — адзначыў Аляксандр Дзмітрыевіч. – Адпаведная работа прыцягвае на Маладзечаншчыну турыстаў, а культурны міжнародны абмен абавязкова распаўсюджваецца і на сферу эканомікі.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алег БЯГАНСКІМаладзечанская газета

Комментарии (0)