24 Апреля, 2024 Среда

«Навагрудская Мадонна, дзе ты?»

  • 01 сентября 2015 Культура Беларуская 0

    Цябе шукае галерыст з Гданьска. І прапануе правесці першы сусветны з’езд ураджэнцаў зямлі Міцкевіча.

    «Я не быў тут ужо 95 гадоў!» — з такімі словамі Мірослаў Зайдлер, уладальнік галерэі ў Гданьску, ступіў на навагрудскую зямлю. Не падумайце, ён не перажываў рэінкарнацыі, не атрымліваў «бонусам» лішнюю сотню гадоў… Справа ў тым, што яго дзед жыў на Навагрудчыне, таму для нашчадка, які адчувае сувязь з зямлёй продка, вельмі важным было трапіць на яе.

    Толькі замкавая ікона!

    Мірослаў Зайдлер вырашыў усталяваць у адным з касцёлаў у Гданьску памятную таблічку ў гонар сваіх бацькоў і дзядоў. Як чалавек, які выдатна разбіраецца ў мастацтве, валодае галерэяй, ён мог змясціць на ёй якую заўгодна выяву… І цвёрда вырашыў, што памятную дошку павінна ўпрыгожваць выява абраза Маці Божай Замкавай (Навагрудскай), якую Адам Міцкевіч апеў у сваёй паэме «Пан Тадэвуш». І не стала праблемай для галерыста тое, што ікона знікла 100 гадоў таму… Мірослаў Зайдлер звяртаецца да яе: «Дзе ты, навагрудская Мадонна? Ты мне патрэбна». Хтосьці можа назваць гэта сентыментальнасцю. Але такая адкрытасць і настойлівасць у выяўленні пачуццяў дакладна паспрыяе пошукам страчанай Мадонны. Зайдлер упэўнены, што адшукае яе.

    По­шу­кі іко­ны аб’­яд­на­лі прад­стаў­ні­коў роз­ных кан­фе­сій. Мі­рос­лаў Зай­длер, ка­та­лік, на­вед­ваў усе маг­чы­мыя кас­цё­лы. А Паў­лі­на Бі­нек, пры­ехаў­шы сю­ды, ста­ві­ла свеч­кі ва ўсіх цэрк­вах.

    Пра тое, што Мірослаў Зайдлер нядаўна наведваў Навагрудак, карэспандэнту «Звязды» паведаміла дырэктар навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Вяршыцкая. Цэлы тыдзень яна суправаджала шаноўнага госця, дапамагаючы шукаць тое, што яго так цікавіла. За гэты час яны абышлі ўсе мясцовыя цэрквы, з’ездзілі ў музей Лаўрышаўскага манастыра. Падчас размоў і спатканняў, якія адбываліся цягам гэтага візіту, нават утварылася таварыства людзей, якія будуць дапамагаць шукаць абраз…

    Загадцы абраза Маці Божай Замкавай сёння ўжо 100 гадоў: спачатку яназнаходзілася ў царкве замка, пасля была перанесена ў Барысаглебскую царкву, аадтуль прапала ў 1915 годзе падчас Першай сусветнай вайны.

    Гэта чарнігаўская ікона Божай Маці, якая, магчыма, трапіла ў Новагародак у сярэдзіне XІ стагоддзя. Па версіі айца Феадосія з Лаўрышскага манастыра, яе прывёз сюды Яраслаў Мудры падчас паходу на Літву, калі быў заснаваны Новагародак. У 1915 годзе, напярэдадні нямецкай акупацыі, абраз вывезлі назад у Чарнігаў. Аднак ці там яна цяпер, ці была вывезена некуды яшчэ — гэта тое пытанне, на якое трэба знайсці адказ.

    Сем гадоў таму ў Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей прыйшоў ліст з Расіі, з Бранскай вобласці. У ім таксама ўздымалася пытанне аб месцы знаходжання гэтай іконы. Па словах краязнаўцы, які даслаў ліст, абраз апынуўся ў вёсцы Дабрадзееўка ў Бранскай вобласці. Гэту версію таксама трэба праверыць.

    Славуты дызайнер Паўліна Бінек — радня паэта

    Разам з Мірославам Зайдлерам на Навагрудчыну прыязджала жанчына, якая з’яўляецца нашчадкам славутага паэта. Гэта Паўліна Бінек з роду Стыпулкоўскіх: бацька паэта Мікалай Міцкевіч меў сястру, якая выйшла замуж за Вінцэнта Стыпулкоўскага і пасялілася ў Завоссі (пасля смерці Базыля Міцкевіча). Паўліна Бінек паходзіць акурат з гэтай сям’і.

    Гэта яе першы прыезд на гістарычную радзіму. У Гданьску яна вырабляе ўпрыгажэнні з бурштыну і добра вядомая як мастачка і дызайнер. Яе працы карыстаюцца вялікім поспехам, захоўваюцца ў калекцыях 14-ці музеяў розных краін. Відавочна, што гэта чалавек з выдатным мастацкім густам. Быць можа, абстаноўка, якая акружала вялікага паэта, паўплывала і на яе творчыя праекты? Падчас наведвання дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Паўліна адзначыла, што ў дзяцінстве яе атачалі такія ж самыя рэчы: крэслы, крэдэнс… Пра крэслы з Туганавіч яна сказала: «Іх трэба пазалаціць, яны павінны выглядаць іначай». Атмасфера музея ў Завоссі таксама аказалася знаёмай для мастачкі.

    Тамара Вяршыцкая ўпэўнена, што для Паўліны Бінек надзвычай важная яе сувязь з Навагрудчынай:

    — Яна займаецца мастацтвам і таму ўмее цаніць простыя рэчы, якія насамрэч таго вартыя. Яна прыгожая як знешне, так і ўнутрана. У мяне няма такога ўражання, што Паўліна не наша… Калі мы выпадкова спыніліся дзесьці пры дарозе, яна вырвала некалькі каласоў з поля. І яблыкаў з дрэва ў Завоссі нарвала. Усё гэта павязе ў Польшчу. Чалавек, які абыякава ставіцца да зямлі продкаў, не стаў бы так рабіць. А яна паставілася да ўсяго надзвычай далікатна. Ёй трэба было ўзяць нейкую часцінку з гэтых мясцін. З яблыкаў яна зварыць павідла і будзе ўсім казаць, што гэта павідла з Завосся.

    У апошні дзень візіту на Навагрудчыну ў доме-музеі Адама Міцкевіча, а пасля і ў Завоссі Паўліна Бінек выпадкова сустрэлася з кіназдымачнай групай з Чэнстахова. У інтэрв’ю ім яна сказала наступнае: «Беларусь — такая прыгожая, адкрытая краіна. Тут выдатныя людзі, з якімі цёпла і ўтульна. У Беларусь варта ехаць». Адметна, што такое ўражанне з’явілася ў чалавека, які ўпершыню завітаў да нас.

    Пасведчанне навагрудчаніна

    Пошукі іконы аб’ядналі прадстаўнікоў розных канфесій. Мірослаў Зайдлер, каталік, наведваў усе магчымыя касцёлы. А Паўліна Бінек, прыехаўшы сюды, ставіла свечкі ва ўсіх цэрквах.

    — Чарговы раз я здзіўлена, як Адам Міцкевіч працягвае ўплываць на розных людзей, — адзначыла Тамара Вяршыцкая. — Гэта ён паклікаў Мірослава Зайдлера ў Навагрудак, прапанаваўшы тэму, якая патрэбна яму асабіста, але і для многіх іншых мае велізарнае значэнне. Мірослаў агучыў ідэю, якая нарадзілася яшчэ гадоў 15 таму (яна ўзнікла, але вельмі хутка згасла і не была рэалізавана): штогод праводзіць сусветныя з’езды навагрудчан. Гэта верне нас зноў да Адама Міцкевіча. Бо для паэта ў першую чаргу было важна быць чалавекам адсюль — навагрудчанінам. Гэтыя землі называлі Літвой яшчэ ў 1930-я, мясцовая шляхта «менавала» сябе ліцвінамі…

    Ужо вядомыя даты: першы сусветны з’езд навагрудчан пройдзе з 4 па 7 жніўня 2016 года. Падчас з’езда, які стане штогадовым, кожны госць атрымае пасведчанне навагрудчаніна. Яно будзе выдавацца незалежна ад заслуг і пасад. Адзінае, што мае значэнне, дык гэта тое, што ты ці твае продкі нарадзіліся на гэтай зямлі.

    — Мы вельмі спадзяёмся, што грамадскасць ацэніць такі крок, — адзначае дырэктар музея, — бо сапраўды хочам, каб сюды ехалі людзі, такія як Паўліна Бінек з роду Стыпулкоўскіх і Мірослаў Зайдлер з роду гербавай шляхты Аўсяных. Каб яны адчувалі сваю сувязь з гэтай зямлёй. Каб яны таксама любілі Навагрудчыну, Беларусь, як любіў Міцкевіч. Тады мы не будзем лічыць сябе горшымі за еўрапейцаў ці амерыканцаў — мы такая ж самая Еўропа. Мы хочам, каб і нашым людзям, якія ходзяць па вуліцах Навагрудка, працуюць на сваіх лецішчах, не падымаюць вачэй, каб паглядзець на зоркі, гэта дало нейкі шанц мець кантакты, развівацца і сустракацца з тымі самымі нашчадкамі навагрудчан.

    Падчас чатырох дзён з’езда запланавана вельмі насычаная праграма. Адным з галоўных мерапрыемстваў будзе фестываль культур «Міцкевіч» — культур тых народаў, якія спрадвеку насялялі Навагрудчыну: беларусаў, палякаў, яўрэяў, татар і іншых. Гэта створыць прастору, свабодную ад палітыкі, але аб’яднаную спадчынай вялікага паэта.

    14 лістапада ў Навагрудку адбудзецца канферэнцыя, прысвечаная РыгоруЦамблаку — мітрапаліту, які быў абраны ў 1415 годзе ў гэтым горадзе і ўзначаліўасобную праваслаўную мітраполію ВКЛ. На канферэнцыі таксама будзе ўзнята пытанне пошуку навагрудскай замкавай іконы.

    Ля вытокаў талерантнасці

    — Адам Міцкевіч — адзін з нямногіх людзей (пасля яго, праз 100 гадоў, быў яшчэ Ян Булгак), які ацаніў самую вялікую каштоўнасць сваёй зямлі, — працягвае Тамара Вяршыцкая. — Гэта традыцыя таго, што зямля належыць усім, хто на ёй жыў і жыве. Людзі называлі сябе «ліцвінамі», а па нацыянальнасці маглі быць палякамі, беларусамі, яўрэямі… У яўрэяў з’явілася варыяцыя гэтай назвы — «літвакі», аднак яна паходзіць ад назвы той самай гістарычнай Літвы. Парадокс, але ў самым папулярным творы Міцкевіча, «Пане Тадэвушы», як заўважаюць крытыкі, ёсць толькі адзін станоўчы герой — гэта яўрэй Янкель (музыка, які іграе на цымбалах на вяселлі маладой пары — Тадэвуша і Зосі). Міцкевіч адлюстраваў зямлю, на якой панавала рэлігійная талерантнасць, якая гістарычна сфарміравалася яшчэ ад часоў вялікіх князёў Гедыміна і Вітаўта. Аднак ён дбаў пра тых, хто займаў больш нізкае становішча. Быўшы вялікім польскім паэтам, прызнаным прарокам гэтага народа, ён, згодна са сваім імем, быў чалавекам для ўсіх, бо біблейскі «Адам» паходзіць ад слова «адама» — «зямля», а яшчэ азначае «чалавека для ўсіх».

    Лю­дзі на­зы­ва­лі ся­бе «ліц­ві­на­мі», а па на­цы­я­наль­нас­ці маг­лі быць па­ля­ка­мі, бе­ла­ру­са­мі, яў­рэ­я­мі… У яў­рэ­яў з’я­ві­ла­ся ва­ры­я­цыя гэ­тай наз­вы — «літ­ва­кі», ад­нак яна па­хо­дзіць ад наз­вы той са­май гіс­та­рыч­най Літ­вы.

    — Ён дбаў найперш пра адраджэнне Польшчы. Але якой Польшчы?.. Той самай Рэчы Паспалітай усіх нашых народаў. Міцкевіч ніколі не з’яўляўся палякам у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Ён быў нашчадкам традыцый Вялікага Княства Літоўскага. Для яго Польшча — краіна ліцвінаў і палякаў як галоўных народаў гэтай краіны. Але ў ёй павінна быць месца для ўсіх. Абвешчаная Міцкевічам у 1848 годзе канстытуцыя будучай адроджанай Польшчы змяшчала 15 пунктаў. Першым з іх было: «У нацыі кожны з’яўляецца грамадзянінам, і ўсе грамадзяне роўныя перад законам». У той краіне, якую хацеў пабудаваць паэт, закон вышэйшы за караля. Рэч Паспалітая была адзінай краінай у Еўропе, у якой не кароль, а закон ставіў апошнюю кропку ва ўсіх пытаннях. І паэт марыў адрадзіць яе і бачыць такой.

    Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

    Навагрудскі раён

    Фота з асабістага архіва Тамары Вяршыцкай

    Автор: Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧЗвязда

Комментарии (0)