25 Апреля, 2024 Четверг

Гучыць роднае слова, спявае душа народа

  • 08 сентября 2015 Культура Русский 0

    Ляціць над зямлёю сакавітае, мілагучнае беларускае слова. Ляціць праз гады і стагоддзі, праз рэвалюцыі і войны, перажываючы то заняпады, то ўздымЛяціць ад часоў Францыска Скарыны да часоў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча. А з 1994 года ў першыя выхадныя каляндарнай восені роднае слова становіцца ў Беларусі галоўнай нагодай вялікага і прыгожага нацыянальнага свята — Дня беларускага пісьменства.

    Сёлета беларускае слова зрабіла святочны прыпынак на блізкай нам шчучынскай зямлі, што дала нашаму народу нямала выдатных людзей, сярод якіх ёсць літаратары і навукоўцы. Да свята невялічкі, але ўтульны Шчучын падрыхтаваўся адмыслова і стаў яшчэ больш прыгожым. На цэнтральных яго вуліцах разгарнуліся шматлікія выставы і сцэнічныя пляцоўкі, рамесныя майстэрні і гандлёвыя кропкі. На працягу двух дзён працавалі выставачныя павільёны, у якіх свае дасягненні дэманстравалі выдаўцы і паліграфісты, мастакі і журналісты Гродзеншчыны і Беларусі. Акрамя тэмаў роднай мовы і пісьменнасці, актуальнай на святочных выставах была таксама тэматыка 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Год моладзі — у прыватнасці, яна адлюстроўвалася ў экспазіцыі конкурсу маладзёжных ваенна-патрыятычных плакатаў. Да свята горад зрабіў сваім жыхарам выдатныя падарункі: пасля рамонту ўрачыста адкрыліся будынак цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі і абноўлены палац князёў Друцкіх-Любецкіх, дзе зараз размясціўся цэнтр дзіцячай творчасці. Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел высокія госці: намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, Міністр інфармацыі Лілія Ананіч, Міністр культуры Барыс Святлоў, Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій і іншыя. Свята стала ўрачыстасцю не толькі роднай мовы, але і духоўнасці: менавіта ў Шчучыне ў суботу завяршылася распачатая колькі дзён таму рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, а ў нядзелю раніцай каля храма Святога Міхаіла Архангела быў пасаджаны Сад Малітвы, ад яго прайшоў хрэсны ход да храма Богаяўлення, дзе адбылася Божая літургія.

    Вялікая ўвага падчас святкавання Дня беларускага пісьменства была нададзена людзям, якія працуюць са словам падчас з ювелірнай дакладнасцю, — паэтам, пісьменнікам і публіцыстам. Дарэчы, у Шчучыне прысутнічалі літаратары не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Чарнагорыі і многіх іншых краін. Яны выступалі на розных сцэнічных пляцоўках са сваімі творамі, многія з іх паказвалі свае не толькі літаратурныя, але і музычныя здольнасці, а падчас цырымоніі адкрыцця свята лепшым беларускім літаратарам па выніках мінулага года ўпершыню ў гісторыі была ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія. З ахвотай знаёміліся наведвальнікі святочных мерапрыемстваў з навінкамі беларускіх выдавецтваў і стэндамі, на якіх былі прадстаўлены рэспубліканскія, абласныя і раённыя перыядычныя выданні. Працавалі спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, а Горад майстроў радаваў разнастайнасцю прыгожых і незвычайных вырабаў і сувеніраў, прадстаўленых рамеснікамі з усіх раёнаў вобласці. Уразіла — і нас таксама — выстава-конкурс самаробнай кнігі, аформленая ў павільёне паліграфістаў Гродзеншчыны. Уяўляючы, якіх намаганняў і якой руплівасці падчас патрабавала стварэнне такіх без перабольшвання шэдэўраў — а там былі кнігі з дрэва, з тканіны, нават кнігі-вышыванкі, дзе літары і малюнкі кожнай старонкі былі менавіта вышыты, — такія працы выклікалі непадробнае захапленне. Дарэчы, другое месца ў конкурсе ў намінацыі “На лепшае мастацкае афармленне ўласнага твора” было прысуджана ваўкавычанам Надзеі і Паўлу Развадоўскім.

    Увогуле, Ваўкавышчына была годна прадстаўлена на шчучынскай зямлі. Акрамя Развадоўскіх, на конкурсе самаробнай кнігі дэманстраваліся работы Ірыны Сухоцкай і Ірыны Пекар, Тэрэзы Кавальчук і Марыі Заручэўскай. У тым жа павільёне сваю прадукцыю прадставіў калектыў Ваўкавыскай друкарні. Былі на свяце дэлегацыі раённага Цэнтра рамёстваў і раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, прадстаўнікі культуры, адукацыі і спорту Ваўкавышчыны. Ансамбль Ваўкавыскіх электрасетак “Каларыт” выступаў на адной са сцэнічных пляцовак, а гандлёвыя кропкі Ваўкавыскага філіяла аблспажыўтаварыства дапамагалі частаваць гасцей і ўдзельнікаў свята. Наш пазаштатны аўтар Георгій Кісялёў паказаў свой талент мастака. А калектыў рэдакцыі “Нашага часу” таксама не застаўся ўбаку і прадставіў сваю экспазіцыю ў павільёне сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай вобласці. Не маючы мэты выхваляцца, тым не менш скажу, што наша прэзентацыя стала адной з лепшых і самых яркіх — да нас з цікаўнасцю падыходзілі і нашы калегі, і прадстаўнікі аблвыканкама, і звычайныя гледачы, задавалі пытанні і прасілі “што-небудзь на памяць”. Сярод складнікаў гэтага поспеху — не толькі грунтоўная падрыхтоўка з боку калектыва рэдакцыі, але і арганізацыйная дапамога цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, фотастудыі “Браво”, Ваўкавыскай друкарні і паліграфічнай фірмы “Друк”, за якую ўсім ім наша вялікае “дзякуй”.

    …Падарыўшы ўдзельнікам і гасцям безліч пазітыўных момантаў і прыемных сустрэч, свята завяршылася, а Шчучын перадаў эстафету Рагачову, які прыме мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства ў наступным годзе, і зноў, цяпер ужо на зямлі Гомельшчыны, будзе гучаць наша сакавітая родная мова. Падводзячы рысу, хацелася б сказаць вось што. Я шчыра веру, што пераважная большасць беларусаў — хто ўяўна, а хто, магчыма, і падсвядома — усё ж імкнецца да сапраўднай, душэўнай, а не паказной беларускасці. Рэцэпт яе зусім просты: паважаць нашу мову, паважаць нашу гісторыю і культурную спадчыну. Паважаць тых людзей, якія жывуць побач, і тое, што зроблена іх рукамі. Менавіта паважаць, нягледзячы на палітычныя, ідэалагічныя, культурныя рознагалоссі. А на роднай мове размаўляць не таму, што гэта модна, а таму, што патрабуе таго душа.

    Автор: Олег АвштольНаш час

Комментарии (0)