29 Марта, 2024 Пятница

Родныя словы пяшчотнай дзіўнай мовы

  • 10 сентября 2015 Культура Беларуская 0

    Гучалі яны на розных пляцоўках у старажытным і ў той жа час памаладзеўшым Шчучыне ў мінулыя выхадныя. Краіна святкавала ХХІІ Дзень беларускага пісьменства. Адноўленыя аб’екты культуры, сацыяльнай сферы, помнікі дойлідства ў святочным горадзе – усё гэта стала магчымым дзякуючы шырокай падтрымцы органаў дзяржаўнага кіравання і плённай працы міністэрстваў.

    Шматлюдна было ўжо ў суботу, 5 верасня. Працавалі розныя выстаўкі, праводзіліся канферэнцыі, конкурсы. Паразважаць на тэму «Літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства” мелі магчымасць удзельнікі міжнароднага „круглага стала” “Сугучча”. Паэты і празаікі з васьмі краін абмяркавалі пытанні, звязаныя з „беларускімі” нумарамі ў літаратурна-мастацкіх выданнях.

    Мы, беларусы, шчыра дэманструем усім народам свету, што хочам жыць з імі ў міры і шчасці. Таму сардэчна віталі на свяце гасцей – дыпламатаў, пісьменнікаў, журналістаў і не толькі – з Расіі і Украіны, Казахстана і Таджыкістана, Азербайджана і Арменіі, Літвы і Малдовы, Сербіі і Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіны, ЗША.

    Урачыстае адкрыццё свята адбылося 6 верасня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, размешчанай на набярэжнай каля мясцовага Дома культуры. Маляўнічыя навакольныя краявіды нібы ўзгадвалі, што сёлетняя сталіца беларускага пісьменства абрана невыпадкова. Хвіліна-другая, і вядомыя таленавітыя вядучыя запрашаюць на сцэну намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь М. І. Русага, намесніка старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь І. І. Бузоўскага, старшыню Гродзенскага аблвыканкама У. В. Краўцова, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, старшыню Шчучынскага райвыканкама С. В. Ложачніка.Прывітальнае слова гасцям і ўдзельнікам свята даслаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. У ім зазначана, што Дзень беларускага пісьменства аб’ядноўвае тых, хто з вялікай павагай ставіцца да роднага слова, здабыткаў нашага народа. Толькі ў мінулым годзе ў нашай краіне было выдадзена звыш 11 000 найменняў кніг і брашур тыражом больш за 30 мільёнаў экзэмпляраў. 

    – Сёлета цэнтрам свята стала гасцінная гродзенская зямля – край моцных культурных традыцый, – зазначыў, вітаючы гасцей свята, У. В. Краўцоў. – Гістарычныя эпохі пакінулі нам багатую духоўную спадчыну, у тым ліку і ў справе кнігавыдання. З Гродзеншчыны ў розныя часы гучала шмат галасоў таленавітых пісьменнікаў, гучаць яны і сёння. Абласны выканаўчы камітэт заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць лепшыя ідэі і творчыя намаганні, якія накіраваны на адраджэнне і развіццё традыцый нашай духоўнай спадчыны, мастацтва.
    Упершыню ў краіне на ХХІІ Дне беларускага пісьменства ўручалі Нацыянальную літаратурную прэмію за лепшыя творы 2014 года. Сярод 45 пададзеных на конкурс у розных намінацыях работ трэба было выбраць сем лепшых. У адной з намінацый пераможцу не вылучылі, таму ўсіх аўтараў шэсць: У. Саламаха, Т. Краснова-Гусачэнка, М. Шыманскі, Г. Скаржынская-Савіцкая, Дз. Марціновіч, Н. Голубева. Літаратурную прэмію пісьменнікам уручалі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Л. С. Ананіч, пісьменнік, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі М. І. Чаргінец, міністр культуры Б. У. Святлоў і міністр адукацыі М. А. Жураўкоў. Значнай для ўсёй краіны падзеяй у Год моладзі стала адкрыццё пасля рэканструкцыі архітэктурнага помніка канца ХІХ – пачатка ХХ стагоддзяў – палаца князёў Друцкіх-Любецкіх. Тут будзе размешчаны Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. А намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В. А. Лісковіч ад імя ўсіх прысутных выказаў надзею на тое, што з гэтых сцен не за доўгім часам выйдуць у свет маладыя таленавітыя асобы. Тым больш, што конкурс юных чытачоў “Жывая класіка” паказаў – недахопу ў іх няма. 

    Сярод падарункаў, якія застануцца жыхарам горада назаўсёды, варта таксама адзначыць рэканструкцыю цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі, адкрыццё першага магазіна-кавярні, дзе можна набыць кнігі айчынных аўтараў і выдавецтваў, аднаўленне раённага Дома культуры і набярэжнай.

    На плошчы Свабоды праходзіў фестываль кнігі і прэсы. Тут размясціліся павільёны выдавецтваў і пляцоўкі рэдакцый СМІ. Шмат зацікаўленых гледачоў наведалі выніковую выставу рэспубліканскага конкурсу „Фота Беларусі” і экспазіцыі плакатаў  пераможцаў Міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката моладзі краін СНД “Нам дорог мир”. Тут жа можна было пабачыць плакаты часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сапраўднай жамчужынай фестывалю стала выстаўка самаробнай кнігі, прадстаўленая Гродзенскай абласной бібліятэкай імя Карскага. Наведвальнікі гандлёвых пляцовак мелі магчымасць набыць кніжныя навінкі і нават атрымаць аўтограф аўтара.

    Па суседству, на сцэнічнай пляцоўцы, праходзіла літаратурнае свята „Бацькаўшчына светлая мая”. Падчас яго гледачы маглі ўжывую пагутарыць з пісьменнікамі і паэтамі, выдаўцамі кніг і вядомымі журналістамі, пазнаёміцца з прэзентацыяй выдавецкіх праектаў і кніг – пераможцаў абласнога конкурса імя Цёткі.А святочны настрой стваралі музычныя і тэатральныя калектывы, дзе нараўне з аматарамі прымалі ўдзел такія мэтры сцэны, як мужчынская вакальная група “Чысты голас”.
    Побач у гарадскім скверы па вул. Савецкай размясціўся горад майстроў „Народная творчасць – крыніца натхнення”. Тут можна было набыць сувеніры, паўдзельнічаць у майстар-класах народных умельцаў. Жадаючыя маглі паспрабаваць сябе ў ролі ганчара ці каваля і пабачыць, як працуе старажытны друкарскі станок.

    Запамінальнай для шчучынцаў і гасцей свята стала фестывальная пляцоўка “Гамоняць пушчы беларускія”, прадстаўленая аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Свіслацкага райвыканкама. А пачаставацца „Восеньскімі прысмакамі” можна было на пляцоўцы Свіслацкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага грамадства. Аддзел адукацыі, спорту і турызму  райвыканкама прэзентаваў на свяце турыстычны патэнцыял нашага раёну.

    У суботу і нядзелю на цэнтральным  Шчучынскім стадыёне “Алімп”  праходзілі фінальныя абласныя спаборніцтвы па футболе сярод юнакоў 2001–2003 гадоў нараджэння ў рамках спартакіяды „Каласок” для дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў.

    Спаборніцтвы праходзілі пад кіраўніцтвам упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. Непасрэднае правядзенне спаборніцтваў ажыццяўляў Шчучынскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб. У іх прымалі ўдзел пяць каманд: Шчучынскага, Гродзенскага, Навагрудскага, Іўеўскага і Ваўкавыскага раёнаў. Кожная з іх стала пераможцам занальных спаборніцтваў у сваёй групе і выйшла ў фінал. Фінальныя спаборніцтвы праходзілі пры падтрымцы балельшчыкаў, якія запоўнілі трыбуны стадыёна. На стадыёне панавала атмасфера сапраўднага дарослага футбольнага чэмпіянату. Нягледзячы на тое, што ў футбол гулялі дзеці, за мяч яны змагаліся, як дарослыя, і як дарослыя, сціснуўшы зубы, цярпелі ўдары саперніка. Суддзі за парушэнні раздавалі жоўтыя карткі, а за грубыя парушэнні нават выдалялі з поля. Каманды гулялі па кругавой сістэме – кожная з кожнай. І вось у выніку 5 месца ў Навагрудскага раёна, на 4 месцы Ваўкавыскі раён, 3 месца ў каманды Гродзенскага раёна, на 2 – Іўеўскі раён і 1 месца ў гаспадароў, у каманды Шчучынскага раёна. Каманды-прызёры былі ўзнагароджаны граматамі, медалямі і кубкамі ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

    Наша калега Н. А. Рыбік разам з народным тэатрам ДУ “Астравецкі цэнтр культуры і народнай творчасці” прадставіла гледачам незабыўны „Калядны вечар”.

    Дзень беларускага пісьменства...

    Гавораць з намі тут вякі,

    І слова роднае нязменна

    Ляціць у сонечны блакіт.

    Дзякуй, Шчучын, за гасціннасць і натхненне!

    Автор: Вольга БУБЕНЧЫК, Ігар БАЯРКІН.Свіслацкая газета

Комментарии (0)