Дзень беларускага пісьменства – надзвычай важная падзея ў жыцці нашай краіны. Гэта свята аб’ядноўвае тых, хто з вялікай павагай ставіцца да роднага слова, духоўных здабыткаў нашага народа, нацыянальнай культуры, асветы і літаратуры. Яно распачало свой шлях у далёкім 1994 годзе са старажытнага Полацка і прайшло праз усю Беларусь.
Сёлета свята адбылося на Гродзеншчыне, у прыгожым горадзе Шчучын. Прайшло на высокім узроўні. Пры завяршэнні ўрачыстасцей ХХII Дня беларускага пісьменства эстафета была перададзена Рагачову.
Дэлегацыю Рагачоўскага раёна ўзначальвала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Ганковіч. У прысутнасці Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч спецыяльны вымпел “Рагачоў 2016” Валянціна Нікіфараўна атрымала з рук старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Сяргея Ложэчніка.
— Мы ўсе былі вельмі ўсхваляваныя, — гаворыць Валянціна Нікіфараўна. – Гэта ж упершыню наш родны Рагачоў прыняў прэстыжную эстафету рэспубліканскага літаратурнага фестывалю! Вялікі гонар і агромністая адказнасць! Наш горад і раён маюць надзвычай багатую гістарычную і культурную спадчыну, якой можна ганарыцца, тут жывуць і працуюць цудоўныя людзі, і я ўпэўнена, што мы добра падрыхтуемся і годна сустрэнем удзельнікаў і гасцей чарговага, ХХIII Дня беларускага пісьменства ў верасні 2016 года. Давайце ж усе разам дружна працаваць, каб праславіць свой родны край!
Міхась КАВАЛЁЎ.
Фота Раісы БАРАВОЙ.
Комментарии (0)