25 Апреля, 2024 Четверг

Ансамбль танца «Папараць-кветка» ўзяў два першыя месцы на фестывалі-конкурсе «Балгарская ружа»

  • 11 сентября 2015 Культура Беларуская 0

    Старшая група з нумарамі «Пава» і «Пчолка» і малодшая з нумарамі «Вясковая полька» і «На бахчы» ўдзельнічалі ў намінацыі «Народная харэаграфія», а старшыя дзяўчаты прадставілі «Ціхарэцкую» і «Ах, мамачка…» у намінацыі «Мадэрн».

    Мы ўжо не першы раз выступалі на гэтым фестывалі, і зноў беларускія танцы спадабаліся замежнікам: на Балканах іх нячаста бачаць. Бывала, проста падыходзілі і дзяліліся сваімі ўражаннямі ўдзельнікі з Расіі, Румыніі, фатаграфаваліся з намі. Тут дапамагала якое-ніякое веданне англійскай мовы. Нам жа глянуліся балгары і румыны са сваімі незвычайнымі для нас матывамі і доўгімі, сапраўды як у народзе, танцамі. Спрабавалі падтрымліваць іх спевакоў, але балканскія песні, падобныя да скарагаворак, аказаліся для нас надта складанымі.

    Самае лепшае ў кожным такім конкурсе – гэта цудоўная магчымасць пасябраваць з усім светам. Напрыклад, рускія артысткі выцягвалі на танец любога з гледачоў. Усе спявалі і танцавалі разам. Амаль традыцыйным стаў своеасаблівы карагод сяброў: усе спрабуюць станцаваць па-балгарску, беручы прыклад з майстроў, якія трымаюцца тваёй рукі і вытупваюць нешта неверагодна рытмічнае. Ён трымае цябе за руку, ты трымаеш яшчэ некага – і раптам з’яўляецца атмасфера сусветнага сяброўства і радасці! А на закрыцці, пасля цырымоніі ўзнагароджання, удзельнікі і гледачы разам зацягнулі радкі з гімна фестывалю: «Добър вечер, приятелю млад, добре дошъл в България!». Акрамя конкурсных дзён нас парадавалі мора і гарачы пясок. Нецярпліва чакалі раніцы, каб хутчэй даведацца, які сцяг будзе на моры: ці можна купацца. Пагулялі па навакольных гарадах Кітэну і Прыморска – паспрабавалі курортнага каларыту. А самыя яскравыя ўспаміны пакінула рамантычнае плаванне да лініі гарызонту на сапраўдным караблі. Каманды «Чэрап» і «Якар» змагаліся за куфар з каштоўным скарбам і потым разам частаваліся здабытымі цукеркамі. Пасля марскога абеду мы вярталіся на бераг, мерна гойдаючыся на хвалях. Па-мойму, кожны з нас захацеў стаць мараком у гэты час...

    Дарога дадому, у Беларусь, была доўгай – дзве ночы і два дні, ратавалі дзіцячая весялосць, гумар і смех. Праездам мы былі ў Румыніі, Славакіі, Польшчы, затрымаліся ў Венгрыіі. І як жа добра зноў ступіць на нашу Слуцкую зямлю пасля такога падарожжа!

    Дзякуй табе, Балгарыя! Гэтыя дні запомняцца нам надоўга. А наперадзе нас чакаюць новыя конкурсы і фестывалі. Думаю, пра Слуцк яшчэ не раз будуць гаварыць...

    Автор: Аляксандр ДАБРАНАЎСлуцкий край

Комментарии (0)