28 Апреля, 2024 Воскресенье

У Шчучыне прэзентавана першая кніга Мірскага

  • 14 сентября 2015 Культура Беларуская 0

    На замову музея кнігу пісалі загадчык і навуковы супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных навук і інфармацыйна-аналітычнай работы Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдаты гістарычных навук Аляксей Шаланда і Сяргей Рыбчонак, навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Рагнеда Аляхновіч. На ўрачыстым мерапрыемстве ў Шчучыне навуковую манаграфію прадстаўляў Аляксей Шаланда.

    “Як мы ўсе ведаем, Мірскі замак пабудаваны Іллінічамі. Першая зала экспазіцыі ў замку менавіта ім і прысвечана, аднак навуковай складаючай ёй да гэтага часу не хапала. Вось і ўзнікла ідэя, што варта ўсё ж такі нейкую навуковую аснову падкласці пад тое, што выстаўлена ў гэтай зале”, – першым узяў слова Аляксей Шаланда. Ён адзначыў, што кожны з трох аўтараў, якія працавалі над кнігай, даследаваў род Іллінічаў з пункту гледжання сваёй вузкай спецыялізацыі. Адзіны ў краіне спецыяліст са ступеняй па генеалогіі Сяргей Рыбчонак вывучыў радавод Іллінічаў, сабраў усю магчымую інфармацыю пра 20 на сёння вядомых прадстаўнікоў роду. Рагнеда Аляхновіч адказвала за частку кнігі пра маёнткі Іллінічаў, Аляксей Шаланда пісаў пра геральдыку.

    “Мы не забыліся і на тое, што чытачы манаграфіі могуць быць розныя, не толькі спецыялісты, але і госці Мірскага замка, якія пажадаюць набыць кнігу, пачытаць пра тых людзей, якія замак заснавалі. Мясцовыя жыхары, напрыклад, могуць знайсці ў кнізе інфармацыю пра ўласныя радаводы, глыбей пазнаёміцца са сваёй даўніной. Ёсць тут і сапраўды драматычныя гісторыі. Да манаграфіі дададзены карта, падрыхтаваная Дзмітрыем Віцько, копіі арыгінальных дакументаў з перакладамі на беларускую мову, малюнкі, што маюць непасрэднае дачыненне да разгледжанай тэмы”, – таксама паведаміў Аляксей Шаланда.

    день письменности 695

    У манаграфіі, як расказаў загадчык аддзела спецыяль-ных гістарычных навук і інфармацыйна-аналітычнай работы Інстытута гісторыі НАН Беларусі, паказваюцца Іллінічы, якія калісьці былі аднымі з самых уплывовых людзей у дзяржаве. “Мала хто ведае, што Юрый Іванавіч Іллініч, які пабудаваў замак у Міры, быў удзельнікам бітвы пад Оршай 1514 года. Ніхто па сёння не звяртаў на гэта ніякай увагі. Больш за тое, ён прысутнічаў у 1518 годзе на вяселлі каралевы Боны Сфорцы і Жыгімонта I Старога. Толькі два прадстаўнікі ад Вялікага Княства Літоўскага былі там увогуле: Юрый Іванавіч Іллініч і князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі – два героі бітвы пад Оршай. Гэта кніжка адкрывае гісторыю роду, які доўгі час быў забыты”, – даводзіў Аляксей Іванавіч.

    “Манаграфія – узор не проста бібліяграфічны, але і навуковы. Праект, які мы распачалі два гады таму, рэалізаваўся паспяхова. І зараз мы вельмі задаволены, што можам трымаць гэтыя цудоўныя кнігі ў руках. Спадзяёмся, што гэтае першае выданне музея “Замкавы комплекс “Мір” стане добрым фундаментам для далейшай дзейнасці музея як выдаўца”,– падзялілася ўражаннямі дырэктар музея “Замкавы комплекс “Мір” Вольга Папко. Слова на прэзентацыі ўзяў і навуковы рэдактар кнігі Максім Гальпяровіч: “Дзякуючы аўтарам беларускі кнігазбор стаў больш важкі на сапраўды якасны том, прысвечаны гісторыі беларускага шляхецка-магнацкага роду. Вельмі важна, каб гісторыя беларускіх шляхецкіх і магнацкіх родаў працягвала пісацца, таму што так і перадаецца традыцыя. Мы ў першую чаргу павінны ведаць беларускую гісторыю ў кантэксце гісторыі іншых народаў”.

    Думаецца, музей “Замкавы комплекс “Мір” высветліць не адну старонку гісторыі Беларусі. Установа ўжо рыхтуецца да прэзентацыі новай кнігі, што, як плануецца, пройдзе ў лютым 2016 года. Тэма – жыццё Мікалая Радзівіла Сіроткі.

    Автор: Святлана ВАШЧЫЛАПолымя

Комментарии (0)