29 Марта, 2024 Пятница

Майстры Слуцкага цэнтра традыцыйнай культуры

  • 21 сентября 2015 Культура Беларуская 0

    У будынку былога Дома афіцэраў (у свой час быў вельмі папулярным: тут праводзіліся шматлікія канцэрты) з 2010 года  размясціўся цэнтр традыцыйнай культуры. Перад уваходам у памяшкане – вялікі пень з прыгожай беленькай духмянай «шапкай»: на ім цвіце медуніца. Гэта падалося сімвалічным...

    Дырэктар цэнтра Зінаіда Міхайлаўна Губановіч расказвае пра свой калектыў з любоўю: усе вельмі таленавітыя, творчыя, захопленыя. Майстры на ўсе рукі ды яшчэ і артысты, выдумшчыкі. Толькі за апошні год яны арганізавалі і правялі больш за 150 самых розных мерапрыемстваў: святы і абрады, майстар-класы, спартыўныя і гульнёвыя праграмы, прадстаўленні, выстаўкі і іншыя. Гэта акрамя работы аматарскіх калектываў і майстэрняў.  А імі ганарацца не толькі ў цэнтры традыцыйнай культуры. Іх вырабамі проста нельга не захапіцца: габелены, саламяныя і вышываныя цуды, прыгажунькі-лялькі. Усё гэта багацце нараджаецца ў пяці аматарскіх калектывах і дзвюх майстэрнях: этнаграфічнай «Беларускай хаткай» загадвае Наталля Сяргееўна Кухта, «Беларуская лялька» збірае рукадзельніц пад кіраўніцтвам Таццяны Міхайлаўны Германовіч, «Саламянае суквецце» дапамагае ствараць Таццяна Васільеўна Гурбо, Вольга Анатольеўна Варашкевіч навучыць плесці габелены ў «Кудзесніцы», адпачыць душой, заняцца ў вольны час мастацкай творчасцю, добрымі справамі  можна ў жаночым клубе «Калі ласка». Юлія Анатольеўна Кунцэвіч у сваёй майстэрні стварае з абрэзкаў тканіны сапраўднае казачнае хараство, а Святлана Андрэеўна Скілондзь займаецца мадэліраваннем адзення з элементамі беларускага народнага касцюма.

    Бачылі б вы яе калекцыі! Апошняя – «Слуцкія паясы: перапляценне стагоддзяў». Прыгожыя, з пяшчотных тканін дзявочыя сукеначкі аздоблены элементамі ўзораў слуціх паясоў, выкананых у тэхніцы «батык». Ідэя стварыць гэту вытанчаную калекцыю ўзнікла ў Святланы пасля прачытання артыкула аб тым, што традыцыйнае беларускае мастацтва ўспрымаецца  часцей як сялянскае, і свята «Слуцкія паясы» асацыіруецца з вясковай культурай, сельскім каларытам. І вось, калі ласка, цяпер можна ўбачыць, як маглі б адзявацца беларускія паненачкі ў  XVII – XVIII стагоддзях.

    Лідчанка Святлана Скілондзь працуе ў цэнтры традыцыйнай культуры з 2013 года, скончыла Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж па спецыяльнасці мадэл’ер, цяпер – студэнтка завочнага аддзялення ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Уласныя фантазіі і народную творчасць спалучае ў калекцыях дзіцячага адзення; іх у яе ўжо тры, у кожнай – 4-5 мадэлей, любімая – першая. «Спляценне мудрагелістых узораў», яркія «Кроплі лета» дэманстравалі падчас выпуску школы-студыі Сяргея Нагорнага ў Маладзечне. Вядомы «мадыст» ацаніў работы Святланы. А гэта вельмі  карпатлівая праца – стварэнне касцюма. Усё – ад эскізаў да самых дробных упрыгажэнняў сваіх сукеначак – Святлана робіць сама. Тут і вышыўка, і мярэжка, і аплікацыя. Адным словам, вырабы адмысловай ручной  работы. Святлана з дзяцінства захаплялася маляваннем, мадэліраваннем адзення, а любімай цацкай была папяровая лялька. Маладая майстрыха асвойвае розныя віды hand made і вельмі задаволена, што яе хобі і работа супадаюць. Разам з дачкой Палінай малююць, лепяць. Цяпер Святлана распрацоўвае пано (батык з элементамі аплікацыі) па беларускіх народных казках, а для калег – касцюмы, якія зробяць случчан адметнымі сярод іншых удзельнікаў на фестывалях, святах, конкурсах.

    Майстрам па саломапляценні працуе ў цэнтры традыцыйнай культуры Таццяна Васільеўна Гурбо. Гледзячы на яе вырабы з саломы, нават і не паверыш, што прафесію яна выбірала выпадкова.

    Таццяна Васільеўна і вяжа, і вышывае, і малюе… Пасля заканчэння Салігорскага педагагічнага каледжа яна працавала майстрам роспісу па дрэве ў Квасыніцкім цэнтры рамёстваў, а ў цэнтры традыцыйнай культуры змяніла кірунак дзейнасці. 

    Кабінет упрыгожаны саламянымі павучкамі, пано, аплікацыямі, ёсць і падкова – на шчасце, саламяны тапіарый. Адразу ж у вочы кідаецца калекцыя сумачак… з саломы, аздобленых прыгожымі кветкамі.

    Т.В. Гурбо сёлета з калекцыяй саламянага посуду (цукерніцы), які ўпрыгожыла карункамі, заняла першае месца на абласным конкурсе «Саламяныя дзівосы». Дарэчы, на яе рахунку – удзел у спецыялізаваных выстаўках, конкурсах, фестывалях-кірмашах.

    – Прыемна, калі на конкурсах падыходзяць жанчыны, маладыя дзяўчаты і цікавяцца работамі, просяць сфатаграфавацца. Хочацца далей працягваць і папаўняць калекцыю новымі вырабамі, – адзначыла Таццяна Васільеўна. – Творчасць захапляе, натхняе, робіць жыццё больш цікавым.

    Таццяна Васільеўна расказвала пра асаблівасці нарыхтоўкі саломы, розныя тэхнікі пляцення вырабаў з саломы. Яна аддае перавагу «зубатцы», якую пры дапамозе лескі сшывае. Напрыклад, для капелюша ёй спатрэбілася 12 метраў «зубаткі». Таццяна Васільеўна з вялікім задавальненнем робіць аплікацыі з саломы. Дарэчы, эскізы гэтай прыгажосці сама малюе.

    Малодшая дачка Таццяны Васільеўны Соф’я таксама захапляецца саломапляценнем.

    – Дзеці, калі прыходзяць у гурток, адразу ж хочуць зрабіць яшчэ непасільную для іх рэч. Паступова ад простага ідзём да складанага, – гаворыць Таццяна Васільеўна. – На жаль, у час інфармацыйных тэхналогій, гаджэтаў дзяцей складаней прыцягнуць да творчасці. А народная творчасць павінна жыць, яе неабходна шанаваць і прымнажаць.

    Разам з Таццянай Васільеўнай вучылася ў Салігорскім педагагічным каледжы майстар па вырабе габеленаў Вольга Анатольеўна Варашкевіч.

    Вольгу Анатольеўну бабулі, матуля прывучалі да творчасці з дзяцінства. У сем гадоў яна ўжо вязала кручком, навучылася вышываць. «У жыцці ўсё спатрэбіцца», – зазначае яна.

    Выраб габелена – карпатлівая праца, якая патрабуе вытрымкі, сканцэнтраванасці. Здаецца, самыя простыя рэчы, а майстар напаўняе іх такой разнастайнасцю колераў і адценняў, што цяжка адарваць погляд.

    – Габелен – гэта не вышыўка, як думаюць многія, а тканы дыван ручной работы, які служыць для ўпрыгожвання інтэр'ера. Адразу – эскіз, потым на падрамнік нацягваецца аснова, пераплятаючы рукамі ніткі розных колераў, мы ствараем карціну, – расказвае Вольга Анатольеўна. – Пры гэтым па ўсіх правілах малюнка неабходна вытрымаць перспектыву, кампазіцыю, улічыць усе цені.

    Вольга Анатольеўна таксама сама распрацоўвае эскізы. Яна вырабіла габелены з выявамі гербаў Рэспублікі Беларусь і горада Слуцка, Міхайлаўскага кафедральнага сабора, помніка Сафіі Слуцкай. Ёсць работы, у якіх спалучаюцца розныя тэхнікі, з элементамі дэкарыравання.

    Вольга Анатольеўна ўпэўнена, што калі бярэшся за любую справу, неабходны добры настрой, каб усё атрымалася.

    Вольга Анатольеўна вучыць дзяцей яшчэ аднаму віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – ніткаграфіцы на картоне (ізанітка).

    Ізанітка падобна на калейдаскоп. Спалучаючы трохкутнікі, акружнасці, прамыя лініі, авалы, ромбы, можна атрымаць мноства ўзораў, карцін.

    Дарэчы, ад любой з работ майстрых нельга адвесці позірк. І гэта не дзіва, бо яны ўкладаюць у іх сваю фантазію, уменне, душу. 

    Вось такія цуды нараджаюцца ў цэнтры традыцыйнай культуры, напоўненым крэатыўнай атмасферай, які аб’ядноўвае таленавітых людзей, улюбёных у сваю справу – адраджаць, захоўваць, распаўсюджваць традыцыйнае народнае мастацтва, і  якія з задавальненнем далучаюць да гэтага і дзяцей, і дарослых, дзеляцца сваёй любоўю да прыгожага, роднага, нашага беларускага.

    Автор: Ірына Міргародава, Ірына КаваленкаСлуцкий край

Комментарии (0)