05 Мая, 2024 Воскресенье

Такога шматлюднага вяселля Бездзеж яшчэ не бачыў!

  • 28 сентября 2015 Культура Беларуская 0

    Яно сабрала каля 400 гасцей не толькі з раёна і вобласці, але і з замежжа, і было адсвяткавана з захаваннем спрадвечных тутэйшых традыцый, якія па крупіцах сабралі і аднавілі аматары і прыхільнікі народнай творчасці. Усё было, як і калісьці на першы дзень вяселля, якое звычайна гулялі ў маладой: скліканне гасцей, замес і ўпрыгожванне каравая, зборы і выкуп нявесты, адпраўленне і  блаславенне да вянчання, прыезд сватоў, перапой маладых, жарты вакол пасагу, праводзіны нявесты з бацькоўскай хаты ў дом жаніха…

    Гэтае самабытнае тэатралізаванае прадстаўленне “Караваю, мой раю” стала адным з ключавых пунктаў абласнога свята-конкурсу фальклорнага мастацтва “Таночак”, якое ў мінулую нядзелю прайшло ў Бездзежы. Яго адкрылі галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Лілія Аляксееўна Свідуновіч і старшыня  раённага Савета дэпутатаў Святлана Уладзіміраўна Барташ.

    Першапачаткова народнае гулянне меркавалася ладзіць на этнаграфічным падвор’і “Каля Плэса”, ля музейнага комплекса “Бездзежскі  фартушок”. Але гэтым намерам перашкодзіла дажджлівае надвор’е, і большасць фестывальных мерапрыемстваў было перанесена ў сельскі Дом культуры і непасрэдна ў памяшканне музея.

    У прасторным  фае вясковай установы культуры праходзіў заключны этап абласнога агляду-конкурсу вядучых гульнёвых праграм, дзе сабраліся лепшыя культарганізатары са сваімі забаўляльнымі праграмамі, у аснову якіх былі пакладзены, што называецца, “гульні і жартоўкі з народнай кладоўкі”.

    Сваю праграму “Жаніцьба Андрэйкі” прадставіла і рэжысёр народнага драмтэатра Драгічынскага гарадскога Дома культуры Кацярына Зіновіч.

    Пазней загадчыца аддзела абласнога грамадска-культурнага цэнтра, старшыня журы гэтага конкурсу Ірына Васільеўна Сасніна, адзначыць, што праз такія забаўляльныя праграмы, заснаваныя на даўнішніх народных традыцыях,  фальклор становіцца даступным і зразумелым шырокаму колу гледачоў. А значыць, прайграўшых у гэтым конкурсе не было: пераможцамі можна лічыць усіх тых, праз каго зберагаецца гісторыя роднага краю, духоўная спадчына і гульнёвыя традыцыі сваіх мясцін і свайго народа.

    А глядзельная зала Бездзежскага СДК належыла дзіцячым фальклорным калектывам, у ліку якіх быў і танцавальны ансамбль “Ліпачка” з вёскі Ліпнікі. У праграме іх выступленняў былі народныя песні, танцы, байкі, жарты і г.д. Старшыня журы конкурсу дзіцячых фальклорных калектываў Лілія Аляксееўна Свідуновіч паведаміла, што па выніках гэтага мерапрыемства прадстаіць вызначыць, хто будзе прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскім конкурсе фальклорнага мастацтва. Але гэта – другарадная справа. Галоўнае, што маладое пакаленне далучаецца і з задавальненнем вывучае і адраджае традыцыі сваіх продкаў. А значыць, не знікае духоўная повязь пакаленняў, якая робіць больш моцнай і сваю краіну, і яе народ…

    Прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў свята фальклорнага мастацтва стала выступленне  ўзорнага калектыву “Гасцінец” з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, што на Валожыншчыне, і фальклорнага гурта “З лесу”, які прыехаў у Бездзеж з Польшчы.

    Адметна, што замежны  калектыў пад кіраўніцтвам Ягны Кніттэль выконвае народныя абрадавыя песні як на польскай і беларускай мовах, так і на нашым паляшуцкім дыялекце, і гэта толькі падкрэслівае спрадвечную еднасць нашых духоўных карэнняў. Парадавала і тое, што гасцей з Міншчыны і Польшчы нашы гледачы неаднаразова выклікалі на “біс”…

    Але ж вернемся да тэатралізаванага вясельнага прадстаўлення “Караваю, мой раю”, якое было распачата на бездзежскіх вуліцах і этнаграфічным падвор’і “Каля Плэса” і прадоўжана ў памяшканні музея “Бездзежскі фартушок”.  Ураджэнка нашых мясцін і прыхільніца тутэйшых звычаяў, загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Мікалаеўна Быцко зазначыла, што ў адноўленым абрадзе сабраны найбольш самабытныя элементы даўнішняга паляшуцкага вяселля, а дакладней – яго першага дня, які звычайна гулялі ў маладой. Актыўны ўдзел у рэканструкцыю святочнага абраду ўнеслі: сямейны ансамбль пад кіраўніцтвам Валянціны Мікалаеўны Лук’яновіч  з вёскі Леснікі, фальклорна-этнаграфічныя гурты Гутаўскага, Завершскага СДК, Мікіцкага Дома фальклору нашага раёна, Люсінскага сельскага клуба Ганцавіцкага раёна, Ладаражскага сельскага Дома фальклору з Піншчыны, Здзітаўскага СДК Бярозаўскага раёна і іншыя. Асобна была падкрэслена роля народнага ансамбля абрадавай песні ”Таночак” з Гошава, які даў назву абласному фестывалю фальклорнага мастацтва і стаў яго своеасаблівым сімвалам і брэндам.

    І ўдзельнікі, і госці тэатралізаванага прадстаўлення былі апрануты ў саматканыя і вышываныя ўборы сваёй мясцовасці, што толькі падкрэслівала нацыянальны каларыт вясельнага абраду. Ролю нявесты Ганначкі выконвала брэстаўчанка Ангеліна Быцко, а вось жаніх Іванка – Аляксандр Карыціч – быў з тутэйшых.

    Пад абрадавыя песні  ў імправізаванай хаце з’яўляецца дзяжа, у якой жанчынкі замешваюць каравай, рэшата, у якое сяброўкі нявесты складваюць кветкі для яго ўпрыгожвання. Да шлюбу маладой надзяваюць старадаўні вяночак “павы”, які захоўваецца ў мясцовым музеі, звязваюць жаніху і нявесце рукі, “каб не было разлукі”, праводзяць вакол стала  і з блаславеннем адпраўляюць да вянчання. Цудоўны па сэнсу наказ маладым, якія ідуць да шлюбу, захаваўся на Піншчыне, і яго агучыла загадчыца Ладаражскага Дома фальклору Тамара Сцяпанаўна Паляйчук:

    “Дай, Божэ, у добрый час початы, у злы – помовчаты.

    Рідныі батько і маты, станьтэ на постаты,

    Дайтэ благословенне свойму дытяты…

    На шлюбу стояты, вынця прыняты,

    Вынцэ ўзяўшы, вік выковаты, 

    Дытэй годоваты, добра нажываты…

    Шануваты Бога на нэбі, людэй – на зымлі,

    Свою молодость і нашу старость”. 

    З гэтымі добрымі словамі, абсыпаючы жытам, акрапляючы святой вадой, маладых адпраўлялі да царквы.

    А бацькі тым часам, па мясцовай завядзёнцы, “затанцоўвалі” вяселле, каб было яно вясёлым і раздольным, і рыхтаваліся сустракаць жаніха і нявесту…

    Сакавітым гумарам і вясёлымі жартамі суправаджалася адорванне, ці, па-мясцоваму, перапой маладых, падчас якога гучалі такія па-народнаму ёмкія і каларытныя віншаванні, што сцены разыходзіліся ад смеху.

    Спакваля да тэатралізаванага прадстаўлення далучыліся і некаторыя з гледачоў, і яно вылілася ў сапраўды масавае гулянне. “Як быццам вярнуліся ў маладосць і пагулялі на сапраўдным колішнім вяселлі”, – заўважалі многія з пажылых удзельнікаў  абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва.

    У заключэнне ўсе калектывы былі адзначаны Ганаровымі граматамі, а пераможцы – Дыпломамі і памятнымі падарункамі.  І многім хацелася, каб свята мела працяг. Бо сэрца просіцца да вытокаў, і душа хоча ведаць, як дзядам, бацькам жылося, што спявалі, у што гулялі?.. І, пэўна ж, менавіта такія мерапрыемствы дапамагаюць зведаць-спазнаць народную мудрасць і захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

    Галіна ШАФРАН

    Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

     

     

     

     

    Автор: Галіна ШафранДрагічынскі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)