25 Апреля, 2024 Четверг

Аляксей Хлястоў: «У мяне верылі — і ўсё атрымалася»

  • 22 октября 2015 Культура Беларуская 0

    Ён першым прадстаўляў Беларусь на міжнародным конкурсе «Новая хваля». Свой сцэнічны вопыт набываў, супрацоўнічаючы з ансамблем «Сябры» і выступаючы для публікі ў Бахрэйне. А сапраўдную папулярнасць гэты выканаўца адчуў пасля выхаду альбома «Адкажы мне, чаму», які стаў лідарам продажаў у 2004 годзе. Хлопец успрыняў той поспех як знак, што і ў сваёй краіне можна быць запатрабаваным, паспяховым і любімым публікай. І, здаецца, нават праз два дзясяткі гадоў на эстрадзе спявак Аляксей Хлястоў не страціў свайго імпэту. Мы распыталі яго пра працу з Дзянісам Майданавым, урокі мінулага і сямейныя кампрамісы.

    — Нядаўна на вялікім экране быў прадстаўлены фільм «Мы, браты». Як вы трапілі ў каманду тых, хто мае дачыненне да яго стварэння?

    — Далучыўся да яе з падачы прадзюсара фільма Сяргея Ждановіча, які папрасіў мяне праспяваць песню. Спачатку размова вялася толькі пра дэмазапіс, я нават не ведаў нічога пра саўндтрэк. А недзе праз месяц, калі карціна ўжо была часткова зманціравана і я паглядзеў урыўкі, то быў уражаны. Ва ўсім свеце, каб абудзіць інтарэс да кіно, да яго пішуць музыку і здымаюць кліп з фрагментамі фільма. Незвычайнае пачуццё, калі разумееш, што ўдзельнічаеш у каманднай працы і маеш дачыненне да стварэння нацыянальнага праекту. Ды і з пазіцыі набыцця вопыту мне таксама было цікава папрацаваць. Мы знялі кліп, і ён — яшчэ адна магчымасць, каб людзі пачулі цябе не толькі ў Беларусі, але і ў многіх замежных краінах. Фільм прадалі ў 40 краін свету і, як бы яго ні крытыкавалі, — вынік ёсць.

    — Праца ў дуэце — для вас не першы вопыт. Тандэм з Дзянісам Майданавым адрозніваецца ад папярэдніх?

    — Увогуле мне камфортней спяваць сольна, бо тады можаш пражываць кампазіцыю, арыентуючыся на свае эмоцыі. А ў дуэце важна адчуваць настрой партнёра, імкнуцца шукаць правільныя вакальныя інтанацыі, каб усё гучала гарманічна. Калі канкрэтна гаварыць пра песню «Ты — брат», то гэта гісторыя двух славянскіх братоў, якія распавядаюць пра свае душэўныя перажыванні, пра ўзаемапаразуменне і ўменне дараваць… Я, у прынцыпе, чалавек адкрыты, і мне нескладана быць у камандзе. Сёння я працую з цудоўнымі людзьмі, якія сваёй прысутнасцю даюць мне разуменне таго, што мы адна сям’я. І з імі я магу раздзяліць тую радасць, якую адчуваю, знаходзячыся на сцэне.

    — А як складваюцца вашы ўзаемаадносіны з братам, улічваючы, што вы працуеце ў адной сферы?

    — Па рабоце мы не павучаем адзін аднаго, але параіцца можам. У кожнага з нас свая аўдыторыя, і калі я разглядаю сваю дзейнасць з пазіцыі камерцыі, то Андрэй мысліць найперш катэгорыямі творчасці. А што тычыцца нашых сямейных узаемаадносін, там мы заўсёды падтрымліваем адзін аднаго. Варта здарыцца якой непрыемнасці, мы тут жа кінемся на выратаванне. Спрэчкі здараюцца, але ў каго іх не бывае?

    — У чым брат стаў для вас прыкладам па жыцці?

    — Ён стаў для мяне тым, на каго хацелася раўняцца ва ўсім, што датычыцца сцэны. Андрэй мэтанакіравана ішоў да таго, каб сабраць вакол сябе людзей, якім падабаецца тое, чым ён займаецца. Я бачыў чалавека, які быў душой кампаніі. І, назіраючы за гэтым, сам зразумеў, што хачу таксама быць на сцэне. А потым ужо вучыўся, слухаючы замежных выканаўцаў. Дапамог і вопыт працы за мяжой.

    — Цяжка было адважыцца на ад’езд у Бахрэйн, дзе чакала жыццё сярод чужой культуры?

    — Пераезд у іншую краіну ў 1996 годзе для мяне быў вымушаным крокам, бо большасць артыстаў тады не мела магчымасці зарабляць на радзіме. Я думаў, што трэба жыць, развівацца і дапамагаць бацькам, бо бачыў, наколькі ім было цяжка ездзіць у Польшчу «чаўнакамі». І ў той перыяд я пазнаёміўся з агентам, які прапанаваў «замуціць» бізнес. Ён прадстаўляў нашы інтарэсы ў Бахрэйне… Я паехаў у чужую краіну без ведання мовы, таму першы час мы маўчалі, як рыбы, і нічога не разумелі. Пачалі вучыцца, і ўжо праз некалькі тыдняў я больш-менш мог падтрымаць размову, а праз паўтара года свабодна гаварыў па-англійску. Некаторыя моманты ў культурным жыцці сапраўды нялёгка было прыняць. Але з часам разумееш, што ты жывеш у чужой краіне — значыць, павінен паважаць яе традыцыі і звычаі. А потым з’явіліся новыя кантакты, і ўсё ўспрымалася значна прасцей.

    — У сілу якіх прычын вы вырашылі вярнуцца дадому?

    — Час ад часу мы з жонкай прыязджалі ў Беларусь. Пераафармлялі дакументы і зноў вярталіся назад. А 2003 год стаў пераломным для Бахрэйна — умовы працы і заробкі сталі непрывабнымі. Вырашылі наведацца дадому. Прыязджаем, і ў той жа дзень мне тэлефануе кампазітар Уладзімір Сарокін і просіць выступіць дуэтам з маім братам на яго творчым вечары. На тым канцэрце нібыта адбылося маё вяртанне на сцэну. Там жа я сустрэў Аляксандра Ціхановіча, які прапанаваў мне зняцца ў тэлепраекце «Хіт-момант» (яго тады толькі планавалі запусціць). Мы з Ленай пачалі хуценька шукаць кампазітараў, аранжыроўшчыкаў і запісваць песні. Пра ад’езд з Беларусі нават думаць перасталі. У снежні 2003 года выйшаў мой першы альбом «Адкажы мне, чаму», і, калі яго раскупілі з неверагоднай хуткасцю, я зразумеў, што мая краіна зноў прыняла мяне…

    — Сёння вы — вядомы артыст і разам з тым шчаслівы муж і бацька траіх дзяцей. Што ў прыярытэце: праца ці бацькоўства?

    — На жаль, я не адчуваю радасці бацькоўства ў поўным аб’ёме, бо вельмі заняты на працы. Калі ёсць магчымасць, то імкнуся максімальна праводзіць час з сям’ёй. Разумею, што дзеці сумуюць па мне. Малодшая дачка (жонка расказвала) ноччу прыходзіць да майго ложка і пытае, дзе тата? І гэта не можа не кранаць… Таму ў паездках я тэлефаную дадому па «Скайпе», дасылаю ім відэа. Мне сорамна, што не магу даваць дзецям столькі ўвагі, колькі павінен. Але спадзяюся, калі яны вырастуць, то змогуць дараваць мне.

    — Неяк вы сказалі, што сямейнае жыццё — гэта кампраміс…

    — На саступкі з ахвотай ідзеш у першыя гады адносін, калі толькі прыціраецеся адзін да аднаго і баіцеся страціць свайго чалавека. Ты разумееш, што калі не будзе ўзаемапаразумення, то нічога не атрымаецца. Цяпер мы ведаем, што ёсць дзеці, праца, і вельмі важна падтрымліваць другую палавінку, асабліва калі жыццё з усіх бакоў «падціскае». З самага пачатку Лена верыла ў мяне і ў тое, што я змагу быць паспяховым, — таму ўсё атрымалася. Мне, магчыма, пашчасціла, бо прафесійная дзейнасць вымушае не быць дома пастаянна. А значыць, паспяваем і адпачыць адно ад аднаго, і з нецярплівасцю чакаем сустрэчы.

    Автор: Алена ДРАПКОЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)