18 Апреля, 2024 Четверг

Кнігай блаславёныя

  • 28 октября 2015 Культура Беларуская 0

    У гэтую дарогу мяне блаславіў ён сам. Маршрутка на Полацк імчала па яшчэ сонным пад першымі промнямі кастрычніцкага сонца Мінску, а ён, у бронзе, захутаны ў цьмянае золата халаднаватага святла, стаяў, урачыста ўскінуўшы рукі, і кніга, узнесеная да неба, была з ім. Выпадкова ці не, але ў ХХІ стагоддзі Францыск Скарына праводзіць усіх, хто выязджае з Мінска менавіта ў напрамку яго роднага Полацка, і сустракае тых, хто з Полацка прыязджае. Постаць чалавека з кнігай не губляецца на фоне гмаха Нацыянальнай бібліятэкі: яна значная, неад’емная частка архітэктурнай кампазіцыі, без якой і наш славуты «алмаз» не выглядаў бы так урачыста і дасканала. Зрэшты, а ці магло ў Беларусі быць інакш?

    У мяне на стале ляжыць мая першая Біблія. Падораная атэістычна выхаванай школьніцы ў далёкім 89-м, яна перавярнула калісьці такі правільны і зразумелы, здавалася, свет. А яшчэ— падарыла, бадай, першае па-сапраўднаму дарослае, усвядомленае пачуццё гонару за сваю зямлю, за свой народ, за ўласную да іх прыналежнасць. Бо ў той кнізе, акрамя кананічных тэкстаў, быў дадатак. У якім — надзвычай цікавая табліца: у якім годзе кожны з народаў СССР (ад рускіх да нанайцаў) атрымаў Святое Пісанне на нацыянальнай мове. 1517-ы насупраць графы «беларусы» вылучаны шрыфтам. Невыпадкова: гэтая дата на сто, на дзвесце, на трыста, а то і на чатырыста гадоў ранейшая, чым многія астатнія.

    Праз пяцьсот гадоў з таго часу, як «Псалтыр» пачаў гісторыю беларускага кнігадрукавання і працягнуў гісторыю беларускага асветніцтва, я спрабую прайсці шляхам Скарыны. Убачыць тое, што мог бачыць ён, згледзець яго сляды нават у сучасным увасабленні, даведацца пра яго як мага больш, сустрэўшыся з дасведчанымі людзьмі, для якіх скарыніяна— не прыгожы неалагізм, а сапраўдная навука… Урэшце, зразумець і адчуць, што рухала гэтым чалавекам у яго падзвіжніцкай справе. Што ён сёння — для Беларусі, для беларусаў, для ўсяго свету…

    Частка першая.

    «…Ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет»

    Вядома, напачатку быў Полацк. Зноў, напэўна, невыпадкова менавіта ён. Найстарэйшы горад. Калыска дзяржаўнасці. Цэнтр асветніцтва і радзіма першай усходнеславянскай святой. Добры пачатак, каб набыць неабходныя веды і выправіцца па навуку ў Еўропу, якая ў той час квітнела натхненнем Рэнесансу. Далёкая радзіма, якая, ахопленая полымем працяглай знішчальнай вайны, стане недасягальнай, светлым успамінам, пранесеным скрозь жыццё, найвялікшай любоўю, выказаць якую атрымалася ва ўласнаручна аддрукаванай кнізе, на мове, якую на радзіме зразумеюць…

    Знаходкі праз паўтысячы гадоў

    Адшукаць матэрыяльныя сляды нейкага асобна ўзятага чалавека праз пяцьсот гадоў проста нерэальна. Асабліва на знявечанай шматлікімі войнамі зямлі. Ды яшчэ калі гэты чалавек быў не каралеўскай і не княжацкай крыві. Вось хіба што Заходняя Дзвіна і паўтысячы гадоў таму гэтаксама хмурылася і дыхала холадам пад кастрычніцкім небам. Ды Сафія на стромкім беразе ракі збірала пад сваімі скляпеннямі чалавечыя малітвы і патаемныя жаданні. Магчыма, і купецкі сын Францыск дзяліўся тут з Усявышнім сваёй марай, прасіў паспрыяць і дапамагчы. Праўда, помніць Скарыну могуць толькі сцены сутарэнняў у саборы: наземная частка храма была ўзарвана войскамі Пятра І, і тую барочную прыгажосць, якой мы цешымся цяпер, пабудавалі на старым — з часоў Усяслава Чарадзея — падмурку ў ХVІІІ стагоддзі. «Сучаснік» Скарыны — яшчэ адзін храм — Спаса-Ефрасіннеўская царква ў жаночым манастыры — некалькі разоў рэканструявалася, таму сказаць, што яна сёння такая, якой убачыў яе наш герой, можна толькі з пэўнай доляй умоўнасці.

    Пяць гадоў таму падчас раскопак у полацкім Запалоцці археолагі знайшлі рэшткі бернардзінскага кляштара, які знаходзіўся на гэтым месцы з канца ХV да канца ХVІІ стагоддзя. Прарэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук, прафесар Дзяніс Дук, які ў 2010-м кіраваў тымі раскопкамі, перакананы: знойдзеныя рэшткі драўлянай пабудовы і печы, рэчы бытавога ўжытку не толькі сінхронныя жыццю Скарыны — гэта першае матэрыяльнае сведчанне аб нашым першадрукары ў яго родным горадзе. Бо менавіта ў кляштары Скарына мог набыць неабходную адукацыю, каб пайсці вучыцца далей. «Прамых звестак пра гэта няма, але на той час у Полацку веды, каб паступіць у Кракаўскі ўніверсітэт, можна было набыць толькі ў гэтым кляштары. Брацкая школа, у якой, як вядома, амаль праз дзвесце гадоў працаваў Сімяон Полацкі, з’явілася значна пазней», — упэўнены гісторык.

    Кляштар, трэба сказаць, шукалі не мэтанакіравана. Проста праводзілі раскопкі ў раёне новабудоўлі, як належыць у гістарычных мясцінах. Але меркавалі, што кляштар быў менавіта тут, і, калі з’явіліся першыя знаходкі, меркаванні сталі ўпэўненасцю. Калі так, то, можа, пашанцуе знайсці і месца, дзе стаяў дом Скарыны? Бацька ж яго Лука быў купцом, у горадзе, напэўна, існаваў асобны купецкі пасад, гэта магло захавацца на старажытных планах. Дзяніс Дук тлумачыць: у Полацку не было асобнага купецкага пасада, і ў гэтым адрозненне горада ад іншых. Было некалькі «змяшаных» пасадаў, у якіх жылі і купцы, але гэтыя тэрыторыі вялікія па плошчы, а дакладных інвентароў Полацка не захавалася. Так што пошукі рэштак аднаго асобна ўзятага жытла, якое стаяла дзесьці тут пяцьсот гадоў таму, амаль не маюць шанцаў на поспех. «Амаль», бо гісторыя часам падкідвае сваім рупліўцам такія сюрпрызы і падарункі…

    Але адкуль такая перакананасць, што ў тым знойдзеным кляштары Скарына вучыўся? (Нават калі сапраўды гэта было адзінае месца ў горадзе, дзе можна было падрыхтавацца да ўніверсітэта.) Вільня недалёка, бацька быў чалавекам нябедным. Мог адправіць нашчадка па навуку туды… «Гэта наўрад ці, — гаворыць Дзяніс Дук. — У Полацк з часоў юнацтва Скарына, як вядома, так і не вярнуўся: горад апынуўся на «лініі фронту» войнаў з Маскоўскай дзяржавай. Але любоў да Полацка, туга па ім — скразная тэма яго прадмоў. Менавіта гэты горад, а ніякі іншы, Францыск згадвае як сваю радзіму. Значыць, у Полацку ён правёў значны адрэзак часу, каб адчуць і зразумець гэта. Калі б не вайна, яго друкарня на тэрыторыі ВКЛ адкрылася б, напэўна, не ў Вільні, а тут, у Полацку…»

    Калі ўдакладняла ў гісторыка, ці толькі падмуркі Сафіі ды цэркаўка ў манастыры могуць помніць Скарыну, ён дадаў: у Полацку, можна сказаць, што і з часоў першадрукара, захаваўся гістарычны ландшафт. Усе гэтыя пагоркі, стромы бераг Заходняй Дзвіны, урвішчы ля Палаты Скарына мог бачыць амаль у гэткім самым выглядзе. «І гэты ландшафт абавязкова трэба захаваць», — лічыць Дзяніс Дук.

    «Ён жа адзін такі!..»

    Па гэтым гістарычным ландшафце — з пагорка ўніз, да ракі — спускаюся да старога мураванага будынка. Тут месціцца адзіны ў краіне Музей беларускага кнігадрукавання. Зразумела, што з’яўленню менавіта ў Полацку музей абавязаны Францыску Скарыну. Будынак для яго выбраны невыпадкова: на гэтым месцы калісьці была брацкая школа Богаяўленскага манастыра, у якой у сярэдзіне ХVІІ стагоддзя выкладаў яшчэ адзін слаўны сын гэтага горада — Сімяон Полацкі.

    Музей быў заснаваны ў 1990 годзе, калі адзначалі 500-годдзе першадрукара. Яго загадчыца Алена Шумовіч, якая працуе тут ледзь не з першага дня, успамінае, колькі працы было ўкладзена, каб музей стаў музеем (да гэтага ў старажытным будынку доўгі час былі жылыя памяшканні). Згадвае Алена Уладзіміраўна, як Скарына фактычна прадказаў ёй лёс: ураджэнка Гомельшчыны ніколі не думала, што будзе жыць у Полацку. Але, калі вучылася ў Гомельскім універсітэце, купіла невялікую кніжку «Францыск Скарына». За мужам яна паездзіла па ўсім былым Саюзе і пасля кожнага пераезду са здзіўленнем заўважала, што кніжка тая не згубілася. «Яна нібы вяла мяне сюды, у Полацк, у гэты музей…»

    А ў музеі пануе… Зразумела, Скарына! Ён сустракае адразу на ўваходзе, над лесвіцай: у параднай мантыі доктара навук — такім яго ўбачыў мастак Віктар Шматаў. А на карціне Леаніда Хобатава, якая вісіць у зале, прысвечанай беларускім асветнікам, ён у простым адзенні, валасы перавязаны раменьчыкам, пэўна, такім працаваў за друкарскім станком. На выяве работы Лазара Рана Скарына ў самой друкарні сядзіць ля станка, з аркушам паперы і пяром у руках. Мы нават з супрацоўніцамі музея паспрачаліся пра тое, што ён робіць: правіць аддрукаваную старонку ці піша прадмову да чарговай кнігі. Сышліся на адным: да гэтай карціны можна вадзіць вучняў і прапаноўваць паразважаць пра гэта. Такі ўрок гістарычнай творчасці атрымаецца.

    Нядаўна ў музеі з’явіўся яшчэ адзін жывапісны партрэт славутага земляка — урачысты, насычаны залацістым, з «сонцам маладзіковым» над галавой (крыху падобны на абраз). Яго намалявала і падаравала музею маладая палачанка Яна Зянько, выпускніца сталічнага каледжа мастацтваў.

    У музеі нямала цікавых старадрукаў (напрыклад, «Евангелле» з друкарні Мамонічаў), а вось уласна Скарынавых кніг — няма ніводнай, толькі копіі. Зусім нядаўна, праўда, арыгінальныя «Эклезіяст» і «Кніга царстваў» з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі тут выстаўляліся цэлы месяц (упершыню выданні Скарыны завіталі ў Полацк так надоўга). За гэты час выставу наведалі без малога паўтары тысячы чалавек. У музеі часта бываюць і замежныя госці, сярод якіх часцей тыя, з кім доўгі час была агульная гісторыя: літоўцы, палякі. Пытаюся, ці не прэтэндуюць яны на нашага Скарыну: усё-ткі вучыўся ў Кракаве, друкаваў у Вільні… «Скарына і сябе, і нас ад гэтага застрахаваў, — усміхаецца Алена Шумовіч. — Ён жа кнігі друкаваў кірыліцай…»

    А калі і паспрабавалі б замежныя госці першадрукара «прысвоіць», наўрад ці ім тое ўдалося б. У Полацку гісторыю радзімы ведаюць і не саромеюцца гэтым ганарыцца (не толькі ў музеі давялося ў гэтым пераканацца), успрымаюць яе як частку сваёй біяграфіі. Я ў музеі перад маладзенькай супрацоўніцай Вольгай Філімонавай пачала сумненні наконт узросту першадрукара выказваць: маўляў, калі меркаваць па выкладзенай у экспазіцыі біяграфіі, у чатырнаццаць гадоў ён мог ва ўніверсітэце пачаць вучыцца, а ў дваццаць сем, ужо маючы ступень доктара навук, кнігу першую адціснуць… На што Вольга мне так строга адказала: «А што, хіба тады не магло быць вундэркіндаў? Гэта ж Скарына — ён адзін такі».

    Герой нашага часу

    На цэнтральным праспекце імя Францыска Скарыны (дарэчы, з «Карла Маркса» яго перайменавалі нядаўна, і дзесяці гадоў не прайшло) — шчодры россып каштанаў і шмат турыстаў. Помнік літары «Ў», бронзавы знак цэнтра Еўропы, помнік Сімяону Полацкаму, дэкаратыўная лаўка пад вялізным парасонам: фатаграфуйся — не хачу. Бронзавы Скарына стаіць крыху ўбаку — на плошчы яго імя. Ён тут нашмат даўжэй, чым гэтыя наватворы, з 1974 года. Спакойна пазірае з немалой вышыні на мітусню бульвара, бы чалавек, які пасля доўгай вандроўкі вярнуўся дамоў…

    Зусім недалёка — Цэнтральная раённая бібліятэка імя… Вядома ж, Францыска Скарыны. У залах — адмысловыя стэнды, на якіх — усе магчымыя кнігі пра Скарыну, што выдаваліся ў Беларусі і па-за яе межамі. А вось кніжка, якую можна пабачыць, бадай, толькі ў Полацку. Гэта збор вершаў розных аўтараў — і шырока вядомых, і мясцовых, прысвечаных першадрукару. «Укладальнікі — супрацоўнікі бібліятэкі, — расказвае загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела Людміла Дзядзюліна. — Да юбілею беларускага кнігавыдання выйдзе чарговая рэдакцыя зборніка, папоўненая новымі творамі».

    Варты асаблівай увагі яшчэ адзін праект, які сёння рэалізуецца сіламі бібліятэкі, — электронная база, прысвечаная Скарыну. Тут і біяграфія першадрукара, і тэксты яго прадмоў, і творы пра яго (тыя ж вершы, якія можна будзе, націснуўшы спасылку, пачытаць), і каталог выданняў. Па першым часе база будзе даступна толькі чытачам бібліятэкі, але дзяўчаты, якія над ёй працуюць, вельмі спадзяюцца, што ў хуткім часе яе можна будзе выкласці і ў сеціве. Да юбілейнага 2017-га было б якраз дарэчы…

    Скарына ў Полацку не толькі ў музеі, на плошчы ды ў бібліятэцы. Яго імя носіць першая гарадская гімназія. У холе на другім паверсе — сапраўдная «Скарынаўская зала». Гэткі міні-музей з прыгожа — у стылі Скарынавых кніг — аформленымі стэндамі. «У гэтай зале мы праводзім усе ўрачыстыя мерапрыемствы, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Радзішэўская. — Асаблівы рытуал — пасвячэнне ў гімназісты, яго праводзіць сам Францыск Скарына, дзеці гэты дзень чакаюць з хваляваннем і нецярпеннем». (Мантыю першадрукара ўжо каторы год надзявае настаўнік фізкультуры, але ўрачыстасць моманту ад гэтага ніколькі не змяншаецца, бо ў Полацку, як нідзе, Скарына — персанаж самы што ні ёсць рэальны.)

    І настаўніцы гісторыі Наталлі Лабоха зусім не трэба шукаць нейкіх далёкіх герояў, каб сказаць дзецям самае важнае. «Я проста прыводжу іх у гэтую залу, расказваю пра Скарыну, а пасля кажу: ён таксама калісьці быў простым хлопчыкам з Полацка. Ён зрабіў для свайго народа вельмі важную справу, стаў нацыянальным героем, праславіў сябе і родны горад на ўвесь свет. Вы ж — не горшыя, вы таксама з Полацка. У вас таксама абавязкова ўсё атрымаецца…»

    Автор: Алена ЛЯЎКОВІЧЗвязда

Комментарии (0)