24 Апреля, 2024 Среда

Рагачоў сустрэў суквецце талентаў нацыянальных культур

  • 03 ноября 2015 Культура Беларуская 0

    Што можа параўнацца са стракатымі ўборамі і імклівымі рухамі гарэзлівых цыганскіх плясак? Якая нацыя лічыцца самай рамантычнай? Дзе можна атрымаць асалоду ад казацкай удаласці і запала ўкраінскіх песень? Адказы на гэтыя і шмат іншых пытанняў знайшлі ўсе, хто ў мінулыя выхадныя пабываў на абласным туры XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур «О, край родны, край прыгожы!», які адбыўся ў Рагачоўскім гарадскім Доме культуры.

    Па традыцыі раз у два гады прадстаўнікі культур розных народаў, якія жывуць на Гомельшчыне, аб’ядноўваюцца на рагачоўскай зямлі ў шматгалосы хор. На нашым мастацкім Алімпе дзясяткі велічных постацей, якія нарадзіліся на беларускай зямлі і далёка за яе межамі. Фестываль нацыянальных культур можна па праву назваць міжнародным святам, таму што ён аб’яднаў людзей розных нацыянальнасцей, для якіх наш край стаў родным домам. Нягледзячы на тое, што нарадзіліся яны ў розных месцах і належаць да розных нацыянальнасцей, Гомельшчына аб’яднала і зрабіла іх землякамі, а таксама дала магчымасць добра і спакойна жыць, вучыцца і працаваць, сябраваць і святкаваць. А яны ў знак удзячнасці раскрываюць ёй свае таленты, прысвячаюць творы, сваё жыццё, дораць ёй сваю любоў. Нядаўна рагачоўцы і госці горада познаёміліся з цэлым суквеццем культур: украінскай, армянскай, узбекскай, рускай, чувашскай, малдаўскай, бал-гарскай, цыганскай, іранскай, яўрэйскай, грузінскай, англійскай, амерыканскай, італьянскай, ін-дыйскай, азербайджанскай, шры-ланкійскай, нігерыйскай.

    Абласны тур XI Рэспуб-ліканскага фестывалю нацыя-нальных культур «О, край родны, край прыгожы!» пачаўся з самага прыемнага: прадстаўнікі розных дыяспар Гомельшчыны, як і належыць добрым гаспадарам, пачаставалі журы і гасцей мерапрыемства, кажучы па-беларуску, “чаркай і шкваркай” – адбылася прэзентацыя страў нацыянальных кухань. Усе жадаючыя маглі паспрабаваць духмяных страў з багатых сталоў. Суддзяў падкупілі не только смакавыя якасці нацыянальных разнасолаў і напояў, але і шчырая  гасціннасць каларытных гаспадароў і гаспадынь.

    Наступным этапам праграмы фестывалю была выстаўка народнай творчасці розных краін. У фае Дома культуры ўдзельнікі мерапрыемства прадставілі нацыянальныя прадметы побыту, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народныя звычаі, нацыянальныя касцюмы.

    Старшыня журы абласнога тура XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур «О, край родны, край прыгожы!» Міхаіл Дрынеўскі расказаў нашым карэспандэнтам:

    — Трэба адзначыць, што фес-тываль прыжыўся ў Рагачове. Тут вельмі ўтульна і зручна па геаграфічнаму размяшчэнню горада. Але адлегласць — гэта не галоўнае, самае важнае — дабразычлівасць і шчырасць гаспадароў. Людзі едуць сюды з задавальненнем, а такога наплыву і актыўнасці людзей, як сёння, мне здаецца, яшчэ не было. Я кожны раз здзіўляюся, колькі людзей знайшлі сваю другую Радзіму ў Беларусі, і жывуць ужо шмат гадоў тут. Беларусь заўсёды, як добрая маці, прымае людзей з розных краін. Нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца, таму што на нашай зямлі можа знайсці прытулак кожны чалавек. Калі на сцэне будзе адбывацца тое ж, што было на кухні, думаю, што і тут Гомельшчына пераможа ўсіх, а я шчыра парадуюся! Было разнастайна, багата і смачна, шкада, што ў чалавека толькі адзін страўнік, у іншым выпадку можна было б наесціся на тыдзень! Я хачу пажадаць удзельнікам добрых выступленняў.

    І вось настаў час для галоўнай падзеі свята. Права афіцыйнага адкрыцця абласнога тура XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур было прадастаўлена намесніку стар-шыні Рагачоўскага райвыканкама Васілю Каральчуку і старшыні журы Міхаілу Дрынеўскаму.

    — Я шчыра вітаю ўсіх вас, паважаныя рагачоўцы, госці нашага горада, сябры! – узяў слова Васіль Сцяпанавіч. -  Напрыканцы XIX стагоддзя, калі ў Еўропе пачалася страшная эпідэмія чумы і каталіцкая царква абвінаваціла ва ўсім габрэяў і цыганоў, яны знайшлі прытулак на нашай з вамі Радзіме — у Вялікім Княстве Літоўскім. У XXI стагоддзі здарылася трагедыя ў нашых сяброў і братоў – украінцаў, і зноў шмат людзей знайшлі прытулак у Беларусі. У Гомельскай вобласці зараз больш як 25 тысяч перасяленцаў з Луганшчыны і Данеччыны, у горадзе Рагачове – больш 900 чалавек. Калісьці наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў, што ўсе, хто жыве ў Беларусі, – гэта ўжо беларусы. Мы шчыра ўдзячны арганізатарам гэтага свята, а таксама яго ўдзельнікам, якія ўжо не першы раз прыязджаюць у наш гасцінны горад. Са святам вас!

    Творчыя калектывы і асобныя выканаўцы нацыянальных дыяспар прадэманстравалі гледачам традыцыі і багатую спадчыну сваіх культур, якія яны беражліва захоўваюць: гістарычныя і сучасныя пес-ні, танцы і іншыя творчыя нумары. Рэпертуар удзельнікаў, касцюмы і выступленні былі на любы густ: ад хвалюючай разнастайнасці фарбаў цыганскіх убораў да меладычнай гармоніі азербайджанскіх песень. Багаццем і разнастайнасцю нацыянальных культур падзяліліся з гасцямі фестывалю і жыхары Рагачова: сямейны дуэт  Джона і Алены Натт парадаваў гледачоў англійскай класікай – песняй “Лав мі тэндэ”. Падаравала кожнаму часцінку  душы Таццяна Чарнянкова, якую яна ўклала ў выкананне ўкраінскай песні. Непаўторным вакалам заваражыла зал юная армянка Агаханум Амарава. Свой талент прадэманстраваў і амерыканец Максім Сарока, які віртуозна валодае ігрой на саксафоне.

    Вось што сказалі ўдзельнікі фестывалю Вадэ Бхаргаві (Індыя), Місбахул Рахуман Акіб (Шры-Ланка), Агу Учэчукбу Саксес (Нігерыя), студэнты Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўні-версітэта:

    — Беларусь для нас з’яўляецца другім домам, нам вельмі падабаецца ваша краіна. Такія мерапрыемствы, як фестываль нацыянальных культур, робяць людзей бліжэй адзін да аднаго, мы вельмі рады прымаць удзел у мерапрыемстве. Рагачоў вельмі прыгожы і гасцінны горад, а людзі тут такія вясёлыя — заўсёды ўсміхаюцца. Мы паспелі ўжо знайсці тут сяброў! 

    Наталля АЎСЯННІКАВА.

    Фота Раісы БАРАВОЙ.

    Автор: Наталля АЎСЯННІКАВАСвабоднае слова

Комментарии (0)