18 Апреля, 2024 Четверг

Юбілейны фестываль

  • 06 ноября 2015 Культура Беларуская 0

    Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» ў дваццаты раз запрасіў палачан і гасцей горада ў канцэртны зал Сафійскага сабора. Фестываль гэтай восені прысвечаны 30-годдзю полацкага аргана — ён і стаў галоўным героем урачыстага адкрыцця свята, склаўшы ладнае трыа са скрыпкай і трубою.

    Такога натоўпу Сафійка, напэўна, і не ўспомніць. Перапоўнены зал ледзь умясціў усіх жадаючых дакрануцца да музычнага цуда, а тым, хто спазніўся набыць квіткі, увогуле не пашанцавала. Аншлаг аб’яўлены яшчэ да пачатку канцэрта.

    — За мінулыя гады наш зал набыў еўрапейскую вядомасць і пастаянных наведвальнікаў, а арган — гаспадыню. Сёння мы ўсе сталі сведкамі цудоўнай па­дзеі ў нашай культуры — адкрыцця юбілейнага фестывалю. Спа­дзяемся, што арганная музыка і надалей будзе папулярнай, а наш фестываль будзе жыць доўга, — вітаючы слухачоў, адзначыла дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева.

    Сумненняў у поспеху і доўгім жыцці «Званоў Сафіі» быць проста не можа. Прынамсі, урачы­стае адкрыццё ў гэтым упэўнівае. Класічныя творы і пералажэнні ў выкананні салісткі канцэртнага зала Ксеніі Пагарэлай і даўніх сяброў фестывалю Вікторыі Бабенка (скрыпка) і Валянціна Юхневіча (труба) літаральна прымусілі затойваць дух.

    А праграма была падрыхтавана вялікая і рознабаковая. Ад Альбіноні і Баха да Янга і Маціаса, ад канцэртаў да рамансаў… Атрымалася сціслая энцыклапедыя развіцця арганнай музыкі — гісторыя класікі за гадзіну. І яшчэ хвілін дваццаць удзячная публіка не адпускала выканаўцаў, гарачымі апладысментамі ды «брава!» просячы працягу.

    І тут выявілася, што вельмі памыляецца той, хто лічыць арганную музыку сур’ёзнай і цяжкай да ўспрымання. Выканаўшы на «біс» два творы, артысты пераглянуліся і… зайгралі «Besame mucho», выклікаўшы самыя сапраўдныя авацыі ў зале. Згадзіцеся, пералажэнне вядомай песні для аргана і трубы не кожны дзень пачуеш.

    А наперадзе ў праграме XX  Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі «Званы Сафіі» яшчэ шмат цікавага. Вы­браць, на які з канцэртаў завітаць, вельмі складана. Ды і не трэба — лепш наведаць усе, каб станоўчых эмоцый хапіла да наступнага года. Сустрэнемся ў Сафійцы!

    Автор: Варвара МарозаваПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)