19 Апреля, 2024 Пятница

Беларуская мова ў інтэрнэце — жывая!

  • 11 ноября 2015 Культура Беларуская 0

    Так лічыць прафесар кафедры медыялогіі і вэб-журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ, літаратуразнаўца і крытык Галіна Тычко.

    На заняткі да Галіны Казіміраўны Тычко, доктара філалагічных навук, мы заўсёды прыходзілі падрыхтаванымі. І не таму, што баяліся атрымаць дрэнную адзнаку ад строгай выкладчыцы (Галіна Казіміраўна — вельмі мяккі і далікатны чалавек), а каб даказаць, што не дарэмна завёмся студэнтамі журфака…

    І вось ужо не як студэнтка і выкладчыца, а як калегі, для якіх праца са словам — штодзённы занятак, мы пагутарылі пра перавагі журналісцкай прафесіі, сучасную беларускую літаратуру і родную мову ў інтэрнэце.

    — Галіна Казіміраўна, вашы заняткі, напэўна, запомніліся не аднаму пакаленню выпускнікоў журфака БДУ. На іх вы не толькі вучылі нас асновам літаратурна-мастацкай творчасці, а і давалі шанц паспрабаваць свае сілы на пісьменніцкай ніве. Перад усёй аўдыторыяй мы зачытвалі свае вершы, урыўкі з прозы, загадвалі загадкі — многае дагэтуль заставалася толькі ў нашых дзённіках. Гэтыя традыцыі працягваюцца?

    — Журналістыка — прафесія творчая. Пра гэта сведчыць як гісторыя беларускай літаратуры, так і яе сучаснасць. Са сцен журфака ў свой час выйшлі такія выдатныя пісьменнікі, як Міхась Стральцоў, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Юры Станкевіч, Святлана Алексіевіч — лаўрэатка Нобелеўскай прэміі. Яна таксама вучылася на факультэце журналістыкі і да гэтага часу выкарыстоўвае ў сваёй практыцы пэўныя журналісцкія метады. І мне здаецца, што выяўленне, раскрыццё сваёй асобы, перадусім як асобы творчай і крэатыўнай, — не толькі адна з магчымасцяў, але і адна з пераваг журналісцкай прафесіі. Даць чалавеку выказацца, выявіць сябе ў слове — гэта і была адна з задач дысцыпліны. На жаль, час ідзе, і ў сувязі з пераходам на чатырохгадовы тэрмін навучання многія прадметы выпадаюць з вучэбнага працэсу. Так сталася і з «Асновамі літаратурна-мастацкай творчасці».

    — Мяркую, што член Саюза пісьменнікаў Беларусі такіх літаратурных дзённікаў-сшыткаў мае нямала. Чым багата ваша творчая скарбонка?

    — Імкненне выказаць сябе ў слове — натуральная ўласцівасць чалавека. І большасць так ці інакш, асабліва ў маладосці, спрабуе сябе на літаратурнай ніве. У свой час малады Вальтэр Скот, які пісаў нядрэнныя вершы, прачытаўшы творы свайго сучасніка Байрана, зразумеў, што яму ніколі не дасягнуць такіх вышынь, таму перайшоў на гістарычную прозу. У маладосці я пачынала з бягучай літаратурнай крытыкі, а потым захапілася літаратуразнаўствам, якое ў пераважнай большасці мае справу з класікай. Сёння, апрача разнастайных артыкулаў і дапаможнікаў па гісторыі беларускай літаратуры, для мяне асабліва значнай застаецца манаграфія «Творчасць Янкі Купалы і традыцыі духоўнай рэгіянальнасці ў польскай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў», якая выйшла вельмі малым накладам і, на жаль, мала каму вядомая. Калісьці акадэмік Віктар Каваленка, які быў маім навуковым кансультантам і якому першаму я дала прачытаць сваю працу, сказаў, што чытаў яе, як раман. Гэта было і застаецца для мяне найвышэйшай ацэнкай. Сёлета ў Польшчы была апублікавана мая новая кніга «Нацыянальнае індывідуальнае, агульначалавечае» — зборнік навуковых артыкулаў, плён шматгадовых назіранняў за такой унікальнай з’явай, як літаратурна-мастацкая творчасць беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.

    — У апошні час даводзіцца чуць, што крытыка сёння не тая: маўляў, можна пісаць, што хочаш. Ці згодна з гэтым беларуская літаратуразнаўца і крытык Галіна Тычко?

    — Безумоўна, сучасная крытыка іншая, чым была ў савецкі перыяд. Свабода творчага выяўлення, магчымасць адкрыта сказаць тое, што думаеш, аператыўна выказацца праз інтэрнэт — несумненныя перавагі сучаснай крытыкі. Аднак ёсць і свае выдаткі. Эсэістычны падыход, які быў уласцівы і раней, асабліва так званай пісьменніцкай крытыцы, сёння пераважае. Аднак эсэістыка вымагае высокай аўтарскай эрудыцыі, асацыятыўнасць — адпаведнага інтэлекту, шырокі кантэкст — добрага эстэтычнага густу, зварот да шырокай аўдыторыі — сумленнасці, аб’ектыўнасці і адказнасці ў ацэнках. На жаль, гэта не заўсёды прысутнічае, таму неабазнанаму чытачу і няпроста ў шалупінні пустаслоўя выявіць вартаснае.

    Безумоўна, ёсць аўтары, публікацыі якіх заўсёды чытаеш з захапленнем, слову якіх давяраеш. Такія, напрыклад, як Міхась Тычына, Людміла Сінькова, Пятро Васючэнка, Ігар Жук, Леанід Галубовіч, з маладых — Даніла Жукоўскі, Аксана Бязлепкіна.

    — Інтэрнэт імкліва напаўняе літаральна ўсе сферы жыццядзейнасці. На вашу думку, як адчуваюць сябе там беларускамоўныя карыстальнікі? Увогуле, якая будучыня беларускай мовы ў інтэрнэце?

    — Сапраўды, ужо немагчыма ўявіць наша сучаснае жыццё без інтэрнэту. Паколькі я працую са студэнтамі, то, безумоўна, стараюся быць да іх бліжэй, раздзяляць іх інтарэсы і захапленні. Таму ў сваёй выкладчыцкай працы карыстаюся і глабальным сецівам. Так, напрыклад, заданні для практычных заняткаў высылаю на электронныя скрыні студэнтаў, яны ж, у сваю чаргу, актыўна сябруюць са мной на «Фэйсбуку». Прыемна, што нават рускамоўныя заўсёды стараюцца кантактаваць са мной па-беларуску, каментуюць мае запісы і віншуюць са святамі.

    Не так даўно сутыкнулася з даследаваннем замежных навукоўцаў, якое сцвярджае, што для інтэрнэту існуе толькі 4% ад усіх сусветных моў. Іх называюць жывымі. Астатнія 96% — мёртвыя. І ведаеце, чым я сапраўды ўзрадаваная? Беларуская мова — жывая! З кожным днём з’яўляецца ўсё больш беларускамоўных старонак, усё больш карыстальнікаў вядуць свае блогі на роднай мове. Прыемна, што такія сацыяльныя сеткі, як «Фэйсбук» і «УКантакце» маюць даволі добры беларускі інтэрфэйс. Існуюць нават дзве беларускія «Вікіпедыі», у афіцыйным правапісе і на тарашкевіцы, якія ў сусветным рэйтынгу займаюць 58-е і 67-е месцы па колькасці артыкулаў. Людзі аб’ядноўваюцца паводле сваіх інтарэсаў і ствараюць цікавыя беларускамоўныя старонкі, тэматычныя сайты. Усё больш роднай літаратуры, музыкі і мастацтва з’яўляецца на прасторах інтэрнэту. І, шчыра кажучы, радуе той факт, што некаторыя людзі, якія па нейкіх прычынах не могуць альбо не хочуць размаўляць па-беларуску ў штодзённым жыцці, робяць гэта на прасторах глабальнай павуціны. Хоць я і адношу сябе да беларускамоўных карыстальнікаў, але з цікавасцю магу зайсці на старонку руска- альбо англамоўнага сайта, пачытаць артыкулы польскіх анлайн-газет, паглядзець украінскае інтэрнэт-тэлебачанне. Мне здаецца, што для адукаванага чалавека не павінна быць ніякіх межаў, у тым ліку моўных. Бо пры сучасных магчымасцях любы рэсурс можна за некалькі секундаў перакласці на родную мову. Якая будучыня беларускай мовы ў інтэрнэце? Лічу, што яна будзе прыцягваць шматлікіх карыстальнікаў. І недзе там, далёка, магчыма, на іншым краі Зямлі, невядомы нам хлапчук ці дзяўчынка палюбіць беларускую музыку альбо захопіцца вершам Купалы ці Коласа.

    — А ці шмат вы коласаў або купалаў у свой час заўважылі? Ці ёсць студэнты, якімі ганарыцеся?

    — Геніі нараджаюцца рэдка, і заўважныя яны звычайна з гістарычнай перспектывы. А студэнтаў, якімі можна ганарыцца, шмат. Павагу выклікаюць не толькі тыя, хто дасягнуў вяршынь і чые імёны агульнавядомыя, але і тыя сціплыя і сумленныя працаўнікі, якія недзе ў далёкай глыбінцы нясуць людзям добрае слова.

    — А калектыў Выдавецкага дома «Звязда», у сваю чаргу, віншуе вас з юбілеем і зычыць, каб ваша слова — як пісьменніцкае, так і выкладчыцкае — гучала яшчэ шмат гадоў. Удзячных студэнтаў, плёну ў творчасці, моцнага здароўя вам і вашым блізкім!

    Автор: Вераніка КАНЮТАЗвязда

Комментарии (0)