24 Апреля, 2024 Среда

Гісторыка-культурны кластар Смаргоншчыны: патэнцыял, асаблівасці, перспектывы

  • 11 ноября 2015 Культура Беларуская 0

    Пра асаблівасці функцыянальнай мадэлі Смаргонскага гісторыка-культурнага кластара ішла гаворка на нядаўнім пасяджэнні за “круглым сталом”, што праводзілася ў межах праекта міжнароднага супрацоўніцтва, які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі мясцовага кіраўніцтва і партнёраў праекта, гаспадары аграсядзіб. Месцам сустрэчы была абрана Крэўская сярэдняя школа, бо мяркуецца, што турыстычны кластар будзе ахопліваць тэрыторыі Крэўскага, Залескага сельсаветаў і г. Смаргоні.

    Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко прывітаў прысутных і падзяліўся вынікамі адукацыйнага візіту па вывучэнні вопыту развіцця сельскага турызму на аснове прынцыпаў кластарнага ўзаемадзеяння ў Літоўскай Рэспубліцы. Каардынатар праекта Галіна Мацюшэнка расказала, якія магчымасці можа даць для ўсіх удзельнікаў стварэнне такой лучнасці, як турыстычны кластар.

    Напярэдадні “круглага стала” праводзіліся даследаванні па вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны нашага раёна, стану і патэнцыялу аграсядзіб. Праводзілася анкетаванне, праверка гістарычных крыніц. Са справаздачай выступіў навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі Аляксей Дзермант. Выбіраючы спецыялізацыю для ствараемага кластара, даследчыкамі былі вызначаны тры ўзроўні: на глабальным – тэма Першай сусветнай вайны, якая досыць цікавая для замежных турыстаў; на міжрэгіянальным – спадчына Вялікага княства Літоўскага і міжэтнічныя сувязі, што павінны прыцягнуць увагу падарожнікаў з краін-суседак; на лакальным – арыенціры на прыцягненне айчынных аматараў актыўнага адпачынку. Тэму Агінскага, якая і так даволі распіяраная, наўмысна абышлі дзеля пашырэння тэматыкі і межаў кластара.

    Юрыст, арбітр Міжнароднага арбітражнага суда Ганна Шынкевіч пастаралася на “гутарковую” мову перакласці складаныя тэр-міны і нормы заканадаўства Рэспублікі Беларусь, дзеля таго, каб патэнцыяльныя члены кластара маглі абраць магчымую форму калектыўнага супрацоўніцтва для аб’яднання юрыдычных і фізічных асоб, а таксама, пры адпаведным дазволе — і асобных дзяржаўных устаноў. Выступоўца спынілася на нормах заканадаўства, што забяспечваюць дэмакратычнасць кіравання лучнасцю, дазваляюць рэалізаваць механізм “хаджэння” электронных грошай у межах кластара дзеля ўзаемаразлікаў.

    Менеджар праекта Аляксандр Сінкевіч паведаміў аб праграмным забеспячэнні кластара. Для тых, хто гатовы да супрацоўніцтва ў лучнасці, будуць ладзіцца адукацыйныя семінары.

    Галіна Мацюшэнка расказала, што праз пару тыдняў будзе абвешчаны конкурс мясцовых партнёрскіх ініцыятыў. Галіна Пятроўна падрабязна спынілася на парадку правядзення конкурсу, яго мэтах, тэматыцы і прыярытэтах. Для падрыхтоўкі паспяховых заявак будуць ладзіцца выязныя кансультацыі.

    Прэзентацыю сваёй сядзібы зрабіў Сяргей Бандарэнка.

    Падчас дыскусіі ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць выказаць свае думкі, меркаванні, сумненні ці спадзяванні.

    Автор: Ала СТРАШЫНСКАЯСветлы шлях

Комментарии (0)