26 Апреля, 2024 Пятница

У выставачнай зале гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці адкрыта выстава Эдуарда Мацюшонка «Дзяды»

  • 12 ноября 2015 Культура Беларуская 0

    Калі творца яшчэ і Асоба, а не проста чалавек, надзелены ад прыроды талентам, то ён здатны на многае. Скажам, за паўтары-дзве гадзіны  ўскалыхнуць, разбудзіць, узвысіць тваю душу. І не толькі тваю, але і многіхмногіх іншых. І ўрэшце – аб’яднаць нас усіх  у вялікай любові да таго, што мы называем сваім Родам, сваёй роднай зямлёй.

    На выставе Эдуарда Мацюшонка “Дзяды”, якую можна пабачыць у выставачнай зале гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці, адна з карцін называецца так: “Вандроўнікам прысвячаецца”: стаіць капліца, постаць Хрыста, яблыня, яблыкі, сарваныя ветрам, на зямлі. Сляды. Нехта ішоў, але наперадзе нікога няма.

    Той, хто быў на выставе, ведае, чаму так напісана карціна. А хто не быў, спадзяёмся, зразумее, пачытаўшы гэты матэрыял.

    За некалькі мінут да адкрыцця выставы пацікавіўся ў Эдуарда Мацюшонка: “Чаму “Дзяды”? Чаму побач з карцінамі можна ўбачыць звычайнае хатняе люстэрка, а на палатне, якое з куфра цягнецца ўвысь, фотаздымкі? Што хоча сказаць нам аўтар?”.

    — Ведаеце, чым больш жывеш на свеце, тым больш адчуваеш, што ты маленькае звяно ланцужка, які называецца род, — адказаў Эдуард Уладзіміравіч. — Калі бацькі адыходзяць, калі губляем сваіх родных і блізкіх, мы становімся бяднейшымі. Я вырашыў стварыць такую серыю карцін, каб глядач, стоячы каля іх, задумаўся: “А што я значу на гэтай зямлі ці памятаю, ці ўшаноўваю   сваіх продкаў, якія далі мне  жыццё, што я ўрэшце павінен пакінуць на  зямлі?” З’явілася нізка работ, якая пачынаецца карцінай “Хлеб”, дзе галоўны герой мой дзед Вінцэнт, а заканчваецца працай “Полацк-Вільня цераз Пліса”. І я назваў яе “Дзяды”. Працаваў і думаў: як звязаць усе свае работы, каб гэта было больш даходліва да гледачоў? І з’явілася такая інсталяцыя: з куфра  (а куфар – гэта памяць)  уздымаецца саматканае палатно наверх, у нябёсы, дзе анёлы, і на гэтым палатне — фотаздымкі людзей з майго роду, якія адышлі, і людзей, якіх я проста ведаў. Тут ёсць мая мама  — у дзявоцтве Міхайлоўская Вольга Фёдараўна, ёсць яе бацька Фёдар Раманавіч, ёсць многія іншыя, ёсць вёска, якой ужо няма.

    Усё, што на выставе, зроблена мной для таго,  каб адчуць свой род, каб кожны адчуў свой род.

    Праз пару мінут пасля гэтага невялікага інтэрв’ю ў выставачнай зале  зайграла флейта. Дзіўная мелодыя  расслабляла пасля працоўнага дня, настройвала душу на лад, на роздум, узносіла яе высока ўверх, да самых нябёсаў.

    Было бачна, як хваляваўся Эдуард Мацюшонак, хоць за яго плячыма – дзясяткі персанальных выстаў. Але ж гэтая, якая адкрывалася напярэдадні свята Дзяды, была асаблівая: мастак хацеў данесці да гледачоў, прыхільнікаў свайго таленту,  роздум: “Што значаць для нас Дзяды, нашы продкі? Што для нас Бацькаўшчына, наша зямля?” І ў поўнай меры яму гэта ўдалося. У кожнага з нас ёсць (былі) бацькі, у нашых бацькоў таксама былі свае бацькі, і так далей, далей… І кожны з нас сапраўды маленькае звяно ланцужка, які называецца родам. І трэба годна пражыць адведзены табе век, каб не сорамна было нашчадкам.

    Мастак прадстаўляў свае карціны гледачам. І вёў эмацыянальны, душэўны расказ пра жыццё, пра свой род, пры гэтым у плынь сваёй размовы ўстаўляў сюжэты пра выбітных людзей нашага краю – пра Язэпа Драздовіча, Ігната Буйніцкага, Янку Пачопку, пра многіх іншых.

    Несумненна, гледачам спадабаліся і спадабаюцца (выстава будзе працаваць месяц) усе работы мастака. І ўсё ж на некаторых, якія, на нашу думку, бліжэй аўтару, якія нясуць у сабе ці не асноўную для ўсёй выставы ідэю, варта спыніцца.

    Карціна “Хлеб”. Гэтае палатно Эдуард Мацюшонак пачаў пісаць яшчэ тады, калі вучыўся ў інстытуце. На карціне ягоны дзядуля Вінцэнт, з якім, па словах мастака, у яго пастаянная сувязь, і сувязь гэтая ідзе з нябёс.

    -Дзядуля Вінцэнт не можа быць даўнішнім, — гаворыць аўтар. – Калі ён даўнішні, я тады нішто. Дзякуючы дзядулю, з’явіўся мой тата, дзякуючы тату, з’явіўся я. У апошнія дні жыцця дзядулі быў каля яго. І ён мне столькі ўсяго парасказваў, чаго, магчыма, не расказваў сваім дзецям.

    Кампазіцыя «Каўчэг». Тут палатно, якое ткала мама мастака Вольга Фёдараўна. Каля карціны – рэчы, якія былі ў роднай хаце: ад ключа – да грамнічнай свечкі, з якой маці выносілі з хаты. На думку Эдуарда Уладзіміравіча, родная хата — гэта ў нейкай ступені той жа каўчэг: як  Ной браў усё самае прыгожае і добрае, каб даць гэтаму разумнае і новае жыццё на новай зямлі, так і з роднай хаты мы чэрпаем усё, што дапамагае нам быць у жыцці чалавекам.

    Глыбокі сэнс нясе ў сябе карціна «Полацк-Вільня цераз Пліса», на якой можна пабачыць як вядомых у гісторыі асоб, так і простых людзей. З любоўю да маці напісаны твор  «Жніво».

    А цяпер вернемся да карціны “Вандроўнікам прысвячаецца”, якую мы анансавалі на пачатку матэрыялу.

    Дамо слова Эдуарду Мацюшонку:

    --Чаму так напісана? Як памёр дзядуля Вінцэнт, з татам мы ішлі з могілкаў. І тата раптам кажа: “Ну вот цяпер я першы”. Мне на той час не ўсё было зразумела, зразумеў пазней. Пакуль ёсць тата, мама, якімі б старэнькімі яны ні былі, яны заўсёды першыя. Ты бачыш іх са спіны. Яны ідуць з грамнічнымі свечкамі наперадзе, пракладаючы табе шлях, паказваюць духоўны напрамак. І ты ідзеш за  імі. І раптам – раз, іх няма. І ты ўжо ідзеш першы, а за табой – твой род. І ты павінен дастойна прайсці свой шлях, не завесці свой род туды, адкуль не выбрацца. Кожны з нас, хто тут прысутнічае, магчыма,  яшчэ не першы ў сваім родзе, і не дай БОГ,  каб хтосьці стаўся  апошнім.

    Напрыканцы свайго выступлення Эдуард Мацюшонак запаліў свечку ў памяць аб памерлых і звярнуўся да наведвальнікаў выставы  з такімі словамі: “Скажыце колькі слоў пра свой род. Нават калі нічога не хочаце сказаць, проста запаліце і пастаўце свечку”.

    Пасля такога душэўнага ўзрушэння, выкліканага споведдзю мастака, ягонымі  глыбокімі па сэнсе карцінамі, выказацца захацелі многія: Наталля Крупская, Даната Сярогіна, Таццяна Ломаш – з Глыбокага, Вера Байкова – з вёскі Старыя Шарабаі, Аліна Сабачэўская –  з вёскі Празарокі. Усе яны паказвалі здымкі сваіх родных, запальвалі ў іхнюю памяць свечкі.

    Запаліў памінальную свечку і старшыня райвыканкама Алег Морхат, які прыйшоў на адкрыццё выставы, які добра ведае мастака, даўно сябруе з ім.

    --На жаль, сёння нам не хапае любві да сваіх вытокаў, да сваёй радзімы, — у сціслым выступленні заўважыў Алег Віктаравіч. --  Таму такія сустрэчы, як сённяшняя, павінны быць. Эдуард Уладзіміравіч, вы аб’ядналі ўсіх нас, духоўнай любоўю напоўнілі нашы сэрцы. Дзякуй вам.

    Алег Віктаравіч расказаў і пра свой род, успомніў пра прадзеда Дзмітрыя, дзеда Аляксандра, бабулю Тэклю, бабулю Ганну, свайго бацьку Віктара, маці Валянціну, а напрыканцы свайго выступлення шчыра падзякаваў мастаку за ягоныя цудоўныя карціны, прысвечаныя роднаму краю, за яго адданасць глыбоцкай зямлі (Эдуард Мацюшонак нарадзіўся ў вёсцы Мнюта-2 )  і ўручыў нашаму таленавітаму земляку Ганаровую грамату райвыканкама, кветкі, падарункі.

    Автор: Алесь ЖыгуноўВеснік Глыбоччыны

Комментарии (0)