19 Апреля, 2024 Пятница

«Славянскія літаратурныя дажынкі» прайшлі ў Ельскім раёне

  • 12 ноября 2015 Культура Беларуская 0

    Пісьменнікі з Беларусі, Украіны і Расіі ў рамках IX Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» і дзесяцігоддзя абласнога аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі напрыканцы мінулага тыдня наведалі Ельскі раён.

    Прыезд міжнароднай пісьменніцкай дэлегацыі на Ельшчыну стаў адной з яркіх падзей культурнага жыцця рэгіёна. Ганаровых гасцей сустрэлі з хлебам-соллю на мяжы Ельскага раёна. Іх пазнаёмілі з асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця рэгіёна.

    З цікавасцю наведалі госці Ельскі краязнаўчы музей і цэнтральную бібліятэку, дзе былі ўражаны самабытнай культурай і багатай гісторыяй Ельшчыны. Тут пісьменнікі таксама змаглі азнаёміцца з выставай кніг сучасных беларускіх аўтараў, а многія з удзельнікаў форума падаравалі свае кнігі з асабістымі подпісамі раённай бібліятэцы.

    Радушна сустракалі пісьменнікаў у Ельскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Для гасцей была арганізавана экскурсія і насычаная канцэртная праграма. Дарэчы, стварылі святочны настрой педагогі і вучні гэтай навучальнай установы, чытаючы вершы і выконваючы песні на словы мясцовага паэта Рыгора Бабчанка. Словы ўдзячнасці ў адрас калектыву школы-інтэрната выказаў Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён уручыў дыпломы і граматы Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Якаву Ліпскаму, дырэктару Ельскай дапаможнай школы-інтэрната, Валерыю Гейхману, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама. Гэтых узнагарод яны заслужылі за плённае супрацоўніцтва з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, захаванне матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Ельскага краю і падтрымку мясцовых творцаў.

    Пісьменнікі перадалі выхаванцам свае кнігі і наказалі ім любіць і праслаўляць свой родны край, сваю родную Беларусь.

    Наведалі літаратары і аграгарадок Зашыр’е. Рыгор Бабчанок, кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства «Саўгас «Камуніст», таленавіты аўтар трох сборнікаў вершаў, у гэтым годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Ён шчыра вітаў гасцей на зашырскай зямлі, паказаў ім новы жывёлагадоўчы комплекс, расказаў пра клопаты хлебаробаў і ўсіх жыхароў аграгарадка. Дырэктар Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра Яўгенія Шадрына правяла для пісьменнікаў экскурсію ў Горад майстроў, падзялілася з імі творчымі планамі і задумкамі.

    Жыхары аграгарадка Зашыр’е мелі магчымасць сустрэцца ва ўтульнай зале Зашырскага КСЦ з пісьменнікамі, паслухаць іх творы, абмяняцца думкамі і ўражаннямі. У час сустрэчы ва ўрачыстых абставінах Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, уручыў членскі білет Рыгору Бабчанку. Таксама наш зямляк і паэт Рыгор Бабчанок быў узнагароджаны юбілейным медалём Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», Граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі і Граматай Гомельскага аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Акрамя таго, Анатоль Міроненка, старшыня Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва, уручыў Рыгору Бабчанку Грамату Міжнароднага саюза пісьменнікаў за творчасць і захаванне народных традыцый.

    Гучалі ў час святочнага вечара і музычныя творы, якія выконвалі як госці, так і зашырскія артысты. Да цямна гучалі меладычныя песні на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах, даказваючы, што славянская культура – адзіная і непадзельная – звязвае не толькі пісьменнікаў і творцаў, але і народы.

    Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: 

    – Наша пісьменніцкая сям’я – абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў – сёлета адзначыла сваё 10-годдзе. Гэта даволі значны прамежак для арганізацыі. І тое, што людзі, якія не ведалі нават адзін аднаго, сёння сталі сябрамі, – адзін з вынікаў нашай працы. Зараз у складзе творчага саюза 53 пісьменніка, якія ствараюць свае творы і прапагандуюць іх сярод чытачоў. За дзесяцігоддзе імі створана вельмі шмат цудоўных мастацкіх твораў. Выдадзена 230 кніг, праведзена каля 16 тысяч сустрэч з чытачамі – гэта досыць шмат для маленькай арганізацыі абласнога ўзроўню.

    Прыемна, што ў гэтым годзе ў нашу пісьменніцкую сям’ю прыняты таленавіты паэт, наш зямляк з Зашыр’я Ельскага раёна Рыгор Бабчанок. Думаецца, што гэты творчы чалавек заслугоўвае павагі і высокіх узнагарод. Дарэчы, сёлета ён адзначаны Граматай саюза пісьменнікаў Беларусі і Граматай Гомельскага аддзялення СПБ за творчасць.

    Адзначу, што мяне, як многіх пісьменнікаў, вельмі ўразіла шчырасць, адкрытасць, таленавітасць і творчасць работнікаў Зашырскага КСЦ, школы-інтэрната. Вялікі дзякуй ім за радушны прыём на ельскай зямлі.

    Анатоль Міроненка, старшыня Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва:

    – Мы доўгі час супрацоўнічаем з Гомельскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. За дзесяць год існавання пісьменніцкай арганізацыі Гомельшчыны зроблена вельмі многае. Гэта і выданне кніг, і творчыя сустрэчы, і прэзентацыі кніг, і многае іншае. Для параўнання, за 75 гадоў Еўпаторскай пісьменніцкай арганізацыяй выдадзена 3 альманаха, а гомельская пісьменніцкая арганізацыя за 10 гадоў выдала 230 кніг. Гомельская пісьменніцкая арганізацыя – гэта флагман на міжнародным узроўні, бо сярод пісьменнікаў аб’яднання шмат лаўрэатаў розных конкурсаў, прэмій як на рэспубліканскім, так і на міжнародным узроўні. Яна складаецца з таленавітых і неабыякавых людзей, аднадумцаў, якія любяць і праслаўляюць сваю Радзіму.

    Вельмі ўразіў мяне горад Ельск. Ён стаў апошняй кропкай у цыкле мерапрыемстваў, прысвечаных 10-годдзю Гомельскага аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адзначу, што мне спадабаўся ваш горад, з цікавасцю наведвалі мы музей, бібліятэку. Прыемна здзівілі добразычлівыя і таленавітыя людзі з Ельскага раёна. Уразілі творчыя культработнікі з Зашыр’я, якія ствараюць сапраўдны цуд у Горадзе майстроў. Прыемна было пазнаёміцца з вяскоўцамі, прачытаць ім свае вершы і, канешне ж, уручыць заслужаную ўзнагароду мясцоваму самародку – паэту Рыгору Бабчанку.

    Леанід Север, член Саюза пісьменнікаў Расіі і Беларусі:

    – У мяне дзве Радзімы: Расія і Беларусь. Я нарадзіўся ў Таганрозе, пазней мае бацькі пераехалі ў Гомель. У Беларусі ў мяне прайшло 22 гады жыцця. Нягледзячы на тое, што жыву і працую зараз у Краснадары, не парываю сувязі з калегамі з Беларусі. Я з’яўляюся членам Саюза пісьменнікаў Расіі з 2012 года, а ў 2014 годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Пішу, у асноўным, вершы. Ужо выдадзена 4 паэтычныя зборнікі і адзін зборнік перекладаў вершаваных твораў з беларускай мовы на рускую. Я ўжо трэці раз запар наведваю славянскія літаратурныя «Дажынкі». Сяброўства з Гомельскім аддзяленнем саюза пісьменнікаў Беларусі пачалося з сумесных праектаў і выданняў зборнікаў твораў.

    Пабываўшы ў Ельскім раёне, скажу словамі з верша: «И радует лад, чистота и покой в моей дорогой Беларуси». Тут у вас цудоўны край, прыгожая зямля, гасцінныя людзі.

    Валерый Вітошкін, пісьменнік з Гомеля:

    – Хоць я па прафесіі будаўнік, але ў душы – паэт. Пісаць вершы пачаў са школы. Аднак друкаваць свае творы стаў значна пазней. Першы паэтычны зборнік «Холсты небес» выдадзены ў 2010 годзе. Шмат вершаў пішу для дзяцей. Зараз цесна супрацоўнічаю з Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельнічаю ў розных літаратурных конкурсах. У 2014 годзе быў прызнаны лаўрэатам прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага.

    У час працы ў будаўнічай галіне мне прыходзілася бываць у Ельскім раёне. Мая арганізацыя ўзводзіла шматпавярховыя дамы ў вёсцы Зашыр’е. Канешне, зараз гэты аграгарадок уражвае сваёй прыгажосцю, мясцовым каларытам. Вельмі важна, што людзі падтрымліваюць парадак і чысціню. Спадабалася мне і ў школе-інтэрнаце, дзе дзеці, мне здаецца, адчуваюць сябе як дома, у адной дружнай сям’і.

    Аляксандр Белік, член Саюза пісьменнікаў Украіны і Беларусі:

    – Так склаўся лёс, што ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі на Украіне мне давялося пачаць новае жыццё на беларускай зямлі. З роднага Луганска з’ехаў разам з сынам. Новым домам стаў Гомель. Адзначу, што мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі і я стаў першым украінцам, які атрымаў членскі білет аб’яднання.

    У мяне выйшла пяць уласных кніг і больш за дзесяць зборнікаў. Натхненне для творчасці цяпер шукаю ў беларускіх парках і скверах: паўсюль дзіцячы смех і ніхто не страляе – пра гэта дома даводзілася толькі марыць.

    Прыемна, што сёлета прымаю ўдзел у «Славянскіх літаратурных дажынках» у адной кагорце з вядомымі паэтамі і пісьменнікамі. Мяне натхняе славянская гасціннасць, ветлівасць, добразычлівасць жыхароў ельскага краю і тое, што я адчуваю сябе тут як дома.

    Автор: Таццяна ПетрухноНародны голас

Комментарии (0)