25 Апреля, 2024 Четверг

Лепшы фитнес — беларуская полька

  • 16 ноября 2015 Культура Беларуская 0

    «Вячоркі на Лібава-Роменскай» запрашаюць маладзечанцаў навучыцца беларускім народным танцам, пазнаёміцца з людзьмі, якія не ведаюць нуды доўгімі асеннімі вечарамі і гатовы падзяліцца сваім аптымізмам з іншымі. Сярод тых, хто развучваў полькі і вальсы, была і карэспандэнт «Маладзечанскай газеты».

    Папраўлялі спаднічкі, абувалі лёгкія туфлі дзяўчынкі з музычнага каледжа. Хлопцы, сцішыўшыся, сядзелі ў фае: на дыскатэцы ўсё ж больш звыкла. Не апраставалосіцца б перад дзяўчатамі! Паглядалі адзін на аднаго больш сталыя пары: жанчыны былі поўныя рашучасці закружыць у польцы, мужчынам нічога не заставалася, як уцягнуць жываты ды расправіць плечы. Першыя вячоркі адбыліся 14 кастрычніка, пагалоска пра іх пайшла па горадзе, і на другія ўдзельнікаў сабралася больш.

    А вось і Цімох Акудовіч з сябрамі з Мінска падаспелі — завадатары доўгатэрміновага асенне-зімовага танцавальнага праекта. Удзельнікі студэнцкага этнаграфічнага таварыства ладзяць яго разам з раённым цэнтрам культуры, што размясціўся ў будынку былога Дома культуры чыгуначнікаў па вуліцы Лібава-Роменскай, 71.

    Пяць хвілін на падрыхтоўку — і вось ужо расцягвае мяхі свайго акардэона Аляксей Крукоўскі, ускідвае смычок скрыпачкі

    Дар’я Зуева, адбівае рытм тамбурынам Вінцэнт Янчы. Капэла «На Таку» гатова зайграць па першым слове вядучага вячорак Цімоха, які разам з Аляксандрай Духноўскай заняў месца ў цэнтры залы, а больш дакладна, фае цэнтра культуры. На Цімоху – кашуля-вышыванка, падперазаная тканым пасачкам, шарачковыя штаны, хромавыя боты. «Не цяжка ў іх тупаць?» — пытаюся. «Наадварот, вельмі зручна, мякка!» — адказвае танцор. Аляксандра таксама прыбралася ў беларускія строі. Расказала, што гэта ўзор кобрынска-мсціслаўскага краю. Спадніца – аўтэнтычная, а вось кашулю і фартушок вышыла сама – захапляецца гэтай справай. Вельмі прыгожа! А яшчэ больш прыгожа, як дзяўчына ў пары з Цімохам танцуе – проста вачэй не адвесці, хочацца паўтараць кожны рух з такой жа лёгкасцю і гэтак жа спрытна.

    «У аснове большасці беларускіх танцаў тры крокі, — гаворыць Цімох і адстаўляе правую нагу, а затым два разы прытупвае левай. – Галоўнае, з рытму не збіцца і спіну проста трымаць. Рухі павінны быць спружыністыя, ступаць трэба на ўсю ступню, а не на насок, мы не ў балеце».

    І вось мы ўсе, а сабралася на вячоркі чалавек трыццаць, паўтараем за Цімохам і Аляксандрай асноўныя па. Нічога складанага, тым больш, мне ў дзяцінстве і юнацтве даводзілася ў польцы кружыцца на вясковых вяселлях. Іншы раз і на дыскатэцы яе ўключалі, і тады ніхто па кутах не сядзеў…

    Першы танец, які мы развучвалі, называўся дзіўна – «Матлёт». Як і большасць народных, ён парны. Мы з дачкой мяняліся: то я вяла, то яна, бо як на любых танцах, кавалераў не хапала. Дарэчы, «кавалеру» было лягчэй, бо «даме» даводзіцца больш кружыцца… Пасля «Матлёта» настаў час кракавяка, затым развучвалі «Базар». Я ўпэўнена: гэтыя мелодыі, рытм, рухі ў нашай крыві, перадаліся нам ад продкаў на генетычным узроўні. Яны могуць драмаць да часу, але ў адпаведны момант абавязкова праявяцца. І тады сам будзеш дзіву давацца: адкуль ты гэта ўмееш?

    Мы пачыналі развучваць чарговы танец. Музыканты спачатку ігралі марудна, затым паскаралі тэмп. І тут ужо толькі паспявай перабіраць нагамі – далі-

    бог, лепш за любы фітнес, нагрузачка яшчэ тая. І як гэта ў нашых продкаў хапала вынослівасці цэлы вечар танцаваць пасля дзённых клопатаў у полі, па гаспадарцы? Нездарма ж яны былі стройнымі, зухаватымі і жылі да ста гадоў. А які агульны святочны настрой! Многія паспелі пазнаёміцца, бо ў час некаторых танцаў, напрыклад, «Яблычка», трэба было мяняцца партнёрамі. Усе адзін аднаго за рукі патрымалі, у вочы зазірнулі. Такім чынам у даўніну моладзь і знаёмілася. Чаму б і цяпер добрую традыцыю не аднавіць?

    А яшчэ Цімох і Аляксандра навучылі нас танцу-гульні «Таўкачыкі». Гэта самы архаічны танец з усіх, якія мы асвойвалі. Месца для яго пара абазначае паясамі крыж-накрыж. Атрымліваюцца ўмоўныя чатыры квадраты, і, паўтараючы пэўныя рухі, трэба пастарацца з гэтых квадратаў не сысці. І ногі, і галава працуюць, адточваецца каардынацыя рухаў. А які азарт!

    Весела было на вячорках. Вось толькі ногі балелі з непрывычкі – даўно танцаваць не даводзілася. Моладзь, дарослыя шчыра дзякавалі арганізатарам за дзіўны вечар, цікавіліся, калі прыходзіць зноў. Вячоркі ладзяцца раз у два тыдні па серадах у 18.30. Будзем чакаць, што 25 лістапада на Лібава-Роменскай зноў зайграе капэла…

    Фота А. Платко и А. Якимовіч.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)