26 Апреля, 2024 Пятница

Чаму арфіст, які можа раз’язджаць з канцэртамі па ўсім свеце, жыве на адну пенсію?

  • 27 ноября 2015 Культура Русский 0

    «У Глеба ідэальны слых. Складаныя музычныя дыктоўкі ён піша выдатна. Можа сыграць на арфе твор для фартэпіяна: мала хто з музыкантаў так умее. Але ў аркестр на працу яго не бяруць. Дыплом патрабуюць. А ў Глеба яго няма». У цеснай старэнькай кватэры Таісія Папова распавядае гісторыю свайго сына. Пакой, дзе мы гутарым, напоўнены музыкай. У прамым сэнсе: інструменты — два фартэпіяна і шэсць арфаў — займаюць амаль усё месца. Старэйшы сын Таісіі Фёдараўны, 48-гадовы Глеб, выконвае для нас на арфе эцюд. У мужчыны аўтызм. І, нягледзячы на тое, што яго талент не аднойчы адзначалі на сусветных конкурсах і фестывалях, асноўнымі слухачамі Глеба застаюцца суседзі…

    26-25

    Ар­фа — скла­да­ны ін­стру­мент. А Глеб з лёг­кас­цю вы­кон­вае на ёй тво­ры, на­пі­са­ныя для фар­тэ­пі­я­на.

    Прыватныя ўрокі ў Маскве

    Музыка для Паповых — сямейная прафесія. Таісія Фёдараўна скончыла кансерваторыю, вывучылася на арфістку. Яе муж быў трубачом, працаваў у ваенным аркестры Германіі (сям’я жыла ў Нямеччыне ў 1970-х гадах. — Аўт.).

    — Глеб хадзіў у звычайную мінскую школу, — расказвае жанчына. — Паралельна скончыў дзве музычныя, па класе фартэпіяна і арфы. Мне прапаноўвалі перавесці яго ў спецыяльную. Я сказала, што ніколі гэтага не зраблю. Яго класная настаўніца тады заявіла: «Або я, або Папоў». У выніку сышла яна. Глеб тры гады ў восьмым класе адсядзеў. Няважна…

    Апошнія гады хлопец давучваўся ў вячэрняй школе. Потым паступіў у музычнае вучылішча Глінкі ў Мінску. Але хадзіў туды толькі год. «Па спецыяльнасці ў Глеба было пяць, а па ўсіх астатніх прадметах (фізіцы, матэматыцы, хіміі) — два. Разумееце як? Замежная мова яшчэ добра давалася. Настаўніца сама гэта адзначала. А потым, як і ўсе, два паставіла. Згаварыліся… Дырэктар казаў: «Няхай бы былі ўсе тройкі, тады мы трымалі б». Яго выгналі. І ў гэтым жа годзе Глеба заўважылі на Усесаюзным аглядзе навучэнцаў-арфістаў музычных школ».

    Таісія Фёдараўна разумела, што талент сына трэба развіваць. Гадоў дваццаць вазіла яго на прыватныя ўрокі ў Маскву да вядомых выканаўцаў. Раніцай прыязджалі на цягніку ў горад, займаліся — калі за грошы, калі бясплатна — і назад у той жа дзень. Дарога тады, па ўспамінах жанчыны, куды танней каштавала, можна было сабе гэта дазволіць. Калі ездзілі да прафесара Наталлі Барысаўны Сібар, спыняліся ў яе. Жылі там тыднямі (Таісія Фёдараўна ў музычнай школе працавала і на вакацыі «перасялялася» з сынам у Маскву. — Аўт.).

    — У Сараджавай быў, у Дулавай быў… — жанчына пералічвае педагогаў, якія займаліся з Глебам. — Нам прапаноўвалі паступаць у маскоўскую кансерваторыю. Адмовіліся. Можа, дарэмна? Адукацыя там бясплатная была. Але ж Глебу давялося б асобна жыць у інтэрнаце, самому думаць пра харчаванне. Гэта складана. Ён замкнёны чалавек. Сын неяк хадзіў у нашу беларускую акадэмію. Студэнтам былі патрэбны вучні, і Глеба запрасілі, каб на ім практыкавацца. Хаця адна з выкладчыц тады сказала: «Вучыцеся ў яго, як трэба іграць на арфе».

    За камплект струн — 600 еўра

    Першая арфа ў Паповых з’явілася ў 1991 годзе. Калі завялі размову пра інструменты, Глеб, маўклівы дагэтуль, ажывіўся.

    — У нас увогуле раней ніводнай не было, а цяпер шэсць, — мужчына з усмешкай яшчэ не раз будзе паўтараць гэта.

    — Ён нават маленькім любіў арфу, — узгадвае маці. — Напэўна, таму што чуў гэтую музыку яшчэ да нараджэння. Я, калі цяжарнай была, на апошнім курсе ў кансерваторыі вучылася, мне трэба было шмат іграць.

    Адну арфу Паповым падарыла знаёмы музыкант з Вільнюса, другую — самі набылі. Яшчэ чатыры з’явіліся ў іх доме, калі музычныя школы пачалі спісваць інструменты, бо струны мяняць стала дорага. У савецкі час іх замаўлялі ва Украіне, у Палтаве. Цяпер набываюць за мяжой. Камплект — 600 еўра. Нейлонавыя струны таннейшыя, але найлепшыя — дарагія жыльныя. Таісія Фёдараўна расказвае, што яны часам звычайную лёску купляюць. З усіх арфаў, што стаяць у Паповых, рабочыя толькі дзве. Астатнія стаяць без струн.

    — Адрамантаваць арфу — цэлае выпрабаванне, — дзеліцца праблемамі жанчына. — У Мінску майстроў я не ведаю. Калі спатрэбілася паправіць інструмент, вазілі ў Пецярбург. На цягніку, асобны квіток для арфы куплялі.

    Тым часам прыйшоў малодшы сын Таісіі Фёдараўны — Дзмітрый. Ён, у адрозненне ад брата, атрымаў сярэднюю адукацыю (іграў на флейце. — Н.Л.). Цяпер працягвае займацца музыкай. Больш у тэхнічным плане: працуе гукарэжысёрам. Дзмітрый памятае, як у школьныя гады даводзілася заступацца за брата:

    — Дзеці вельмі дрэнна ставіліся да яго. Глеб для іх быў кімсьці не ад гэтага свету. Спрабавалі яго «прасаваць». У нас быў сабака, калі вучыліся. З ім выбягалі адганяць крыўдзіцеляў. Цяпер гэтыя дзеці выраслі, жывуць з намі ў раёне, цудоўна разумеюць усё. Але ў свой час трэба было змагацца. Я, напрыклад, пра аўтызм даведаўся толькі з фільма. «Чалавек дажджу» называецца. Там убачыў тое, што і дома.

    А Глебу ў чатыры гады паставілі дыягназ шызафрэнік. Мама адваявала, каб дыягназ знялі. Вельмі шмат сіл у гэтай маленькай жанчыне.

    Тады нам дапамагаў кампазітар Ігар Лучанок, маці з ім вучылася.

    Глеб позна стаў размаўляць. Таісію Фёдараўну гэта і насцярожыла: «Я звярнулася да ўрачоў. Сыну далі ІІ групу інваліднасці. Адна доктарка выпісала лекі са словамі: «Скажаце потым, будзе дрэнна ці добра». Калі гэта пачула, перастала па ўрачах вадзіць. Неяк хадзілі толькі дзеля сацыяльнага жылля. Але яго не даюць. Больш не пойдзем. У Глеба пенсія па страце карміцеля два мільёны, у мяне свая пенсія — тры. Пакуль спраўляемся (усміхаецца)».

    26-24

    Та­і­сія Фё­да­раў­на ўпэў­не­на: у сы­на з’я­віц­ца маг­чы­масць вы­сту­паць.

    Запрашэнне на фестываль у Амерыку

    Калі пытаюся ў Глеба пра любімы твор, ён не адказвае. Проста садзіцца за арфу і пачынае іграць. На музычных фестывалях Папоў станавіўся адным з найлепшых. Так, у 1997 годзе ён заняў трэцяе месца на І Маскоўскім міжнародным конкурсе арфістаў. Апошні раз мужчына ўдзельнічаў у ім у 2010-м.

    — Гэта ўжо пяць гадоў мы не ездзім? Занадта шмат для нас! — смяецца Таісія Фёдараўна.

    — Нядаўна нам прыйшло запрашэнне ў Лос-Анджэлес на джазавы фестываль. У Лос-Анджэлес, уяўляеце? Але як мы можам на сваю пенсію паехаць туды?

    Праўда, Глеб, на ўсялякі выпадак, вывучыў джазавыя творы для арфы. Цяпер у яго рэпертуары ёсць і такое!

    — А ў Мінску Глеб выступае?

    — У філармоніі два разы ў канцэртах удзельнічаў. Нават грошы яму заплацілі. Хаця і маленькія, але заплацілі… Чамусьці ў Мінску арфай не цікавяцца. Я 60 гадоў з гэтым інструментам звязана і не бачыла, каб нашы арфісты давалі ў філармоніі канцэрты на два аддзяленні.

    Дзмітрый завёў для брата старонку ў Facebok. Выкладае туды яго фотаздымкі, дыпломы, відэа. «Самому Глебу інтэрнэт не цікавы. Але я хачу, каб пра яго ведалі». Таісія Фёдараўна таксама старалася прасоўваць сына. Запісвала яго музыку на касеты, аддавала на радыё.

    — Так, трэба трапіць на радыё, — пачуўшы пра эфір, Глеб далучыўся да размовы. — Ажаніцца час. А дзе ноты вясельнага марша? Мне трэба вывучыць марш.

    У Пецярбургу музыкант атрымаў сертыфікат, які дае права раз’язджаць па свеце з выступленнямі. Засталося знайсці спонсара. «У таго ж Чайкоўскага была жанчына, якая яго забяспечвала матэрыяльна. Музыканту трэба практыкавацца. Пяць гадзін прасядзець за інструментам. А за гэта ж яму ніхто не плаціць. Сын, калі ў школу хадзіў, у пяць раніцы ўставаў. Бегаў, потым за арфу, за піяніна».

    Глеб і цяпер кожную раніцу пачынае з прабежкі. Дзве гадзіны фізічных нагрузак на свежым паветры — і зноў за арфу.

    — Мы нічога не плануем, — кажа Таісія Фёдараўна. — Але музыканту трэба заўсёды быць у форме. А магчымасць выступаць з’явіцца, я ў гэтым не сумняваюся. Вядома, самім неабходна праяўляць ініцыятыву. Стукацца і напрошвацца.

    Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

      lubneuskaya@zvіazda.by

    Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

    Автор: Наталля ЛубнеўскаяЗвязда

Комментарии (0)