26 Апреля, 2024 Пятница

Кітайская цырымонія

  • 01 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    Сустрэча з прадстаўнікамі творчай супольнасці, дзелавых колаў і грамадскасці Паднябеснай, якая прайшла ў абласным выканаўчым камітэце напрыканцы мінулага тыдня, завяршылася абменам падарункамі. Намеснік кіраўніка рэгіёна Леанід Цупрык з удзячнасцю прыняў  творы кітайскіх мастакоў-каліграфаў, якія ўзбагацяць фонды Мастацкага музея Брэста. У сваю чаргу кітайскім гасцям уручылі саламяную шкатулку з лялькамі ў нацыянальных касцюмах і маляўнічыя буклеты пра Брэстчыну. На думку Леаніда Цупрыка, гэтыя падарункі паспрыяюць таму, каб нашы народы больш даведаліся аб культуры адзін аднаго.

    – Мы вырашылі пачаць з Брэстчыны, а ў далейшым плануем падарыць карціны ўсім абласцям Беларусі, – запэўніў у зацікаўленасці падтрымліваць культурныя сувязі кіраўнік дэлегацыі, прадстаўнік Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў у Кітаі, вядомы грамадскі дзеяч і мастацтвазнаўца Лю Гуанцын.

    Перадаючы 10 палотнаў, выкананых тушшу і вадзянымі фарбамі ў традыцыйным кітайскім стылі, ён пракаменціраваў кожную карціну.  Так, на адной з іх “зашыфраваны” вобраз сямейнага дабрабыту – дзве птушкі на адной галінцы. У   наступным скрутку – іерогліфы адкрываюць сакрэт, як атрымаць ад жыцця максімум задавальнення: паводле кітайцаў, найбольшую радасць прыносяць чалавеку… веды.

    Натхняюць на стварэнне такіх паэтычных карцін кітайскіх творцаў і брэсцкія краявіды. Вядомы мастак, выкладчык Акадэміі мастацтваў Кітая Чэнь Моу падзяліўся з журналістамі сваімі планамі: вярнуўшыся на радзіму, ён збіраецца свае фотанататкі ад наведвання Берасцейшчыны рэалізаваць у карцінах, а ў наступным годзе завітаць у горад над Бугам з персанальнай выставай і майстар-класамі.

    “Я з дзяцінства ведаў, што ёсць такі горад-герой Брэст. І сёння падчас экскурсіі па Брэсцкай крэпасці быў па-сапраўднаму ўсхваляваны і крануты ўбачаным. Дзеля ўсталявання міру беларускі народ і Брэст панеслі вельмі вялікія ахвяры,” – сказаў мастак.

    Акрамя Брэста, члены дэлегацыі наведалі  Мінск і Маладзечна, а ў Белаазёрску патэнцыйныя кітайскія інвестары, якія ўваходзілі ў склад групы,  пазнаёміліся з фабрыкай па вытворчасці абутку. У сувязі з гэтым Лю Гуанцын заўважыў, што падобныя культурныя акцыі стымулююць у тым ліку і  ўвагу турыстаў да краіны і вобласці: “Упэўнены, што цікавасць грамадзян Кітая да рэгіёна ўзрасце, калі ў музеі Брэста з’явіцца кітайскі жывапіс. Яны будуць рады наведаць новыя мясціны і  ўбачыць тут сярод іншых мастацкіх твораў і сваіх мастакоў”.

    А нагод для будучых сустрэч дастаткова: з кожным годам сувязі паміж нашымі краінамі мацнеюць – як культурныя, так і эканамічныя.  

    Автор: Алёна САЦУТАНародная трыбуна

Комментарии (0)