28 Марта, 2024 Четверг

Мужчынская дружба

  • 01 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    У другой палове мінулага стагоддзя п’есы, камедыі народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка не сыходзілі з падмосткаў вядучых тэатраў рэспублікі і некаторых тэатраў Расіі і Украіны. А трагікамедыя “Трыбунал” сёлета, у год Вялікай Перамогі над фашызмам, зноў з поспехам ставілася айчыннымі і расійскімі тэатрамі.

    Нагадаю, Андрэй Ягоравіч Макаёнак нарадзіўся 12 лістапада 1920 года ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Вучыўся ў Шапчыцкай сямігодцы і ў Журавіцкай СШ. На яго долю выпала цяжкае дзяцінства. Згадваючы пра тыя гады, у “Аўтабіяграфіі” пісаў: “У 1932-1934 гадах быў пастухом у калгасе. Бацька працаваў старшынёй і пасылаў пасвіць свіней з калгаснай фермы, бо ніхто не хацеў задарма гнаць іх у поле. За дзень, бывае, так набегаешся, што засынаў, не даходзячы да пасцелі. Асабліва калі прыгадаць, пасля якога сняданку выганяў на пашу свіней: галадуха вымушала маці на такія кулінарныя хітрыкі, як прыгатаванне страў з лебяды, лісця ліпы, а потым – бацвіння. Выручаў агарод. Летам даводзілася лавіць рыбу, збіраць ягады, а восенню збіраць грыбы”.

    Любоў да тэатра праявілася са школьных гадоў. Юнак быў добрым мастаком, удалым акцёрам у школьнай мастацкай самадзейнасці. Нават сам пісаў сцэнкі. І тая цяга да мастацтва і тэатра праз гады вылілася ў здольнасць пісаць драматычныя творы, прычым самай высокай пробы.

    Але выбухнула вайна. Яна застала Макаёнка на Каўказе. У канцы 1941-га дывізію, у якой служыў Андрэй, дэсантам кінулі ў Крым. Малады палітрук стралковай роты, ён разам з маракамі-дэсантнікамі правёў рэйд у тыл ворага пад Феадосіяй. Цяжка паранены, Макаёнак зусім выпадкова быў падабраны на полі бою, перанёс складаную аперацыю, пры гэтым з пісталетам у руцэ сілаю адстаяў у хірургаў нагу, якую яны ўжо рыхтаваліся ампутаваць. Гэтыя раны не дазволілі Макаёнку працягваць службу ў войску, ён быў камісаваны.

    Яшчэ не паправіўшыся як след, Андрэй Ягоравіч падаўся на Гомельшчыну, уладкаваўся ў Журавіцкім райкаме партыі. А пасля вучобы ў Рэспубліканскай партыйнай школе Макаёнак стаў загадчыкам аддзела прозы часопіса “Вожык”. Але няўрымслівая душа імкнулася пісаць п’есы, камедыі, драмы. Кожная з іх ставілася на сцэнах тэатраў, у асноўным – у Мінску, у тэатры імя Янкі Купалы.

    Макаёнак набываў вядомасць і павагу ў грамадстве. Не ладзілася толькі сямейнае жыццё. Пакінуўшы мінскую кватэру жонцы, сыну і дачцэ, ён месціўся на загараднай дачы. Але лепшы прытулак ён знайшоў у вёсцы Любань, што на Лунінеччыне, куды запрасіў яго сябар, старшыня тутэйшага калгаса “Новае Палессе” Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка.

    Макаёнак і Сцепчанка – аднагодкі, нарадзіліся ў суседніх вёсках, разам вучыліся ў адных школах, некалькі гадоў запар сядзелі за адной партай.

    Сцепчанку вайна застала на Каўказе, потым былі Закаўказзе і Украінскі фронт. Два разы паранены, апошні раз у верасні 1943 года, ледзь вырваўся з палаючага танка. Абгарэлы, доўга лячыўся і быў камісаваны як інвалід Вялікай Айчыннай вайны.

    Адразу ж пасля вайны асноўныя этапы жыцця і працы Уладзіміра Апанасавіча былі звязаны з развіццём і станаўленнем беларускага Палесся. Працаваў у райвыканкамах і выканкамах Ганцавіцкага, Лунінецкага і былога Ленінскага раёнаў. У 1959 годзе ўзначаліў адстаючы тады калгас.

    У час працы на дзяржаўных пасадах Сцепчанка пазнаёміўся з Пятром Міронавічам Машэравым, які ўзначальваў Брэсцкі абкам партыі (пазней – праца ў апараце ЦК КПБ). У будучым такая дружба ўзняла старшыню калгаса на ступенькі славы. Ды насамрэч славу Уладзімір Апанасавіч набыў дзякуючы арганізатарскім здольнасцям, уменню мысліць на перспектыву і кіраваць кадрамі, мець цесны кантакт з радавымі працаўнікамі, трымаючы дысцыпліну. Калгас хутка набіраў тэмпы росту. Вялізную падмогу далі меліяраваныя землі Грычынскіх балот. За кароткі час у гаспадарцы ўмацавалася эканоміка, вырасла матэрыяльная база, наладзіўся дабрабыт калгаснікаў. Уладзіміру Сцепчанку было прысвоена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы.

    Андрэй Макаёнак даволі часта прыязджаў у Любань. Часцяком жыў тут тыднямі, бываў на прыродзе і ў полі, дзе працавалі калгаснікі, наведваў клуб – і сярод людзей быў сваім. Іншы раз прысутнічаў на гаспадарчых нарадах, а пасля выказваў свае погляды на праблемы. Штосьці важнае занатоўваў сабе.

    На аснове ўсяго гэтага нарадзілася задума напісаць драматычны рэпартаж. І ён быў напісаны, толькі ў форме камедыі – “Таблетку пад язык”. Камедыя выклікана да жыцця найперш надзённымі праблемамі таго часу (70-х гадоў), але многія з іх не страцілі сваёй надзённасці і цяпер. У цэнтры ўвагі твора – праблема міграцыі моладзі з вёсак у горад. Пісьменнік невыпадкова даследаваў гэтую праблему на прыкладзе багатай гаспадаркі, дзе ў вяскоўцаў былі добрыя заробкі, быў хлеб і ўсё да хлеба. Але моладзь ехала ў горад, бо маладым трэба не толькі “чарка і скварка”, а жыццё, вызваленае “ад гаспадарчага бруду”, з унармаваным рабочым днём, дзе – гмахі, святло, тэатры…

    Галоўны герой камедыі “Таблетку пад язык” – старшыня калгаса “Маяк” Каравай – прататып Уладзіміра Сцепчанкі. Прататыпамі іншых герояў таксама з’яўляліся рэальныя людзі, ды і дзеі ў творы – у большасці рэальныя.

    Вядома, што між Андрэем Макаёнкам як драматургам і калектывам тэатра імя Янкі Купалы панавала самая цесная сувязь. І першы паказ п’есы “Таблетку пад язык” адбыўся менавіта ў новым раскошным будынку Любанскага Дома культуры. Купалаўцы сюды прыязджалі з ахвотай. На падмостках сцэны ДК любанцы бачылі спектаклі па п’есах Макаёнка “Лявоніха на арбіце” і “Трыбунал”.

    Даўно няма ў жывых Андрэя Макаёнка, а ў памяці маіх землякоў ён жыве. Людзі старэйшага пакалення яшчэ помняць паказ тых спектакляў купалаўцаў. У цэнтры вясковага парка высяцца пасаджаныя пісьменнікам у 1967 годзе дуб, ясень і два клёны. А на Доме культуры, каля параднага ўваходу ў будынак, як візітная картка месціцца мемарыяльная дошка. На дошцы – здымкі Уладзіміра Сцепчанкі і Андрэя Макаёнка з тэкстам: “У перыяд з 1959 па 1974 гады Любань і наваколле неаднаразова наведваў славуты драматург, народны пісьменнік Беларусі Андрэй Ягоравіч Макаёнак. Прататыпам галоўнага героя яго п’есы “Таблетку пад язык” стаў тагачасны старшыня калгаса “Новае Палессе” Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка”.

    Автор: Сцяпан НефідовічНародная трыбуна

Комментарии (0)