20 Апреля, 2024 Суббота

Пасол Літвы ў Рэспубліцы Беларусь наведаў Залескі музей-сядзібу М. К. Агінскага

  • 02 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    Імперыя Агінскіхрух сэрцаў і натхнення 

    Менавіта так назваў пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус дзейнасць па адраджэнні і захаванні спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага, 250-годдзе якога святкуецца сёлета ва ўсім свеце. Спадар Ігнатавічус – часты госць на Смаргоншчыне, таму і намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко больш схільны называць яго сябрам смаргонцаў, а не проста госцем.

    Напрыканцы мінулага тыдня ў Залескі музей-сядзібу М. К. Агінскага на цырымонію перадачы архіўных матэрыялаў, што тычацца спадчыны князёў Агінскіх і менавіта Міхала Клеафаса, разам з літоўскім паслом прыехалі дырэктар дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы Віргінія Чыюнскене, партнёры з Мінскага фонду культуры, былы міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка.

    Літоўскія госці не першы раз наведаліся ў Залескі музей-сядзібу. Некаторыя электронныя копіі архіўных дакументаў былі перададзены для экспазіцыі музея яшчэ ў верасні падчас святкавання юбілею славутага кампазітара і палітычнага дзеяча. На гэты раз Віргінія Чыюнскене перадала дырэктару музея Людміле Градзіцкай электронныя копіі асобных дакументаў, якія сведчаць пра дыпламатычную дзейнасць Агінскага, копію генеалагічнага дрэва роду Агінскіх у прыгожым мастацкім выкананні, каталог выстаў, якія ладзіліся ў Вільні ў юбілейны год славутага дзеяча трох народаў. Акрамя таго, супрацоўнікі літоўскага пасольства прывезлі ў Залессе выставу на дзесяці банерах, кожны з якіх сведчыць пра пэўны перыяд дзейнасці славутага гаспадара Паўночных Афінаў. Гэта выстава створана ў межах сумеснага праекта міністэрства замежных спраў Літвы і музея Агінскіх у Рэтавасе.

    Для ганаровых наведвальнікаў музея ладзілася спецыяльная тэатралізаваная экскурсія па экспазіцыі і канцэрт выкладчыкаў Смаргонскай школы мастацтваў імя Агінскага. Уражаныя ўбачаным, шаноўныя госці выказвалі словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна, дырэкцыі музея і энтузіястам, сіламі якіх створаны такі выдатны ўзор музейнага мастацтва. Пётр Краўчанка ўспамінаў пра сваё першае наведванне на сядзібу разам з паслом Італіі яшчэ ў мінулым стагоддзі і не хаваў станоўчых эмоцый ад таго, як пераўтварылася гэта месца, набыўшы вонкавы і ўнутраны выгляд Паўночных Афінаў. Пётр Кузьміч таксама падарыў некалькі электронных копій гістарычных аркушаў, напісаных Агінскім у Маладзечне і Вільні. Арыгіналы былі набыты ім на адным з еўрапейскіх аўкцыёнаў.

    Фота аўтара.

    Автор: Ала КЛЕМЯНОКСветлы шлях

Комментарии (0)