29 Марта, 2024 Пятница

Пані Варшава

  • 02 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    Яна стаяла на аўтобусным прыпынку вуліцы Мангалія, дзе мы чакалі свой 519 або 522 нумар, каб даехаць да цэнтра Варшавы. Мой сын падышоў да яе, каб спытаць, ці купім мы білет у вадзіцеля. “Так, так, кіровца ма білеты,” — сцвярджальна заківала галавой пані, і ў такт з яе кіўкамі закалыхаліся на капелюшы экстравагантныя пёркі. Апранутая ў даволі сціплыя паўпаліто і пантофлі, якія абсалютна не адпавядалі модным тэндэнцыям, але ў стракатых сучасных легенсах і капялюшыку з пёркамі, жанчына, нягледзячы на свой досыць сталы ўзрост, выглядала, кажучы маладзёжным слэнгам, прыкольна. Мы даехалі разам з ёй да цэнтра і там, на фоне будынкаў усемагчымых стыляў і “фасонаў”, яна стала гарманічным дапаўненнем варшаўскага гарадскога дызайну.

    Шчыра прызнаюся, упершыню ўбачыўшы Варшаву на свае вочы, я была расчаравана безгустоўным нагрувашчваннем архітэктурных стыляў то ў духу эклектыкі, то мадэрну і хай-тэку. Будынкі, нібы нахабнікі ў чарзе, ціснуліся цэнтральнымі фасадамі да бульвараў і праезджых частак вуліц, вытыркваліся сваімі мансардамі, вуглаватымі бакамі і разнастайнымі дахамі з-за папярэдніх, і толькі Палац культуры і навукі, пабудаваны па ўзоры так званых «сталінскіх гмахаў» у якасці падарунка Савецкага Саюза польскаму народу, ганарліва стаяў асобкам. У нашы дні палац уваходзіць у дзясятку самых высотных дамоў Еўрапейскага Саюза. Ён адзін з нямногіх падсвечаных вечарам будынкаў польскай сталіцы.

    Лістападаўскімі прыцемкамі, апынуўшыся ў гарадскім цэнтры, дзе ў адрозненні ад ярка асветленых праспектаў Мінска, пануюць паўзмрок і нейкая адчужанасць, я крыху збянтэжылася. На тратуары святло трапляе пераважна праз шкляныя вітрыны шматлікіх магазінаў. Ажыццяўленне мары пра наведванне каралеўскага парка Лазенкі я з сынам перанесла на раніцу наступнага дня. А вобраз Варшавы зафіксаваўся ў маёй свядомасці выглядам экстравагантнай пані. Яшчэ не раз гэты вобраз выплываў з маёй памяці падчас вандровак па сталіцы колішняй Мазовіі, калі было відавочна, як старажытная Варшава прымервае на сябе сучасную “вопратку” бізнес-цэнтраў і супермаркетаў у чыста жаночым памкненні маладзіцца. І нібы патрапаныя часам пёркі на капелюшы сталай дамы, сумна пагойдваліся пад восеньскім ветрам напалову аголеныя галінкі бяроз.

    Палац на водах

    Зусім іншы твар Варшава прадэманстравала назаўтра. Мы накіраваліся ў гістарычную частку старажытнага горада. Але спачатку завіталі да так званых Верхніх Лазенак, дзе сярод высокіх дрэў пад сімвалічнай мазавецкай ліпай бронзавы Шапэн застыў у позе піяніста, а яго правая далонь, як мініяцюрная копія мазавецкай ліпы, прыўзнялася, гатовая ўдарыць пальцамі па клавіятуры нябачнага інструмента. Мусіць, ні адзін помнік не вытрымаў столькі пакут, як гэты. Спачатку яго аўтар, скульптар Вацлаў Шыманоўскі, стварыў праект насуперак усім патрабаванням конкурснай камісіі. І… перамог. Але чатыры гады не спыняліся спрэчкі, час ад часу аднаўляемыя нязгоднымі. Затым Першая сусветная вайна ўнесла свае карэктывы. Толькі ў 1926 годзе помнік быў адліты і ўстаноўлены ў каралеўскім парку Лазенкі. Але калі падчас нямецка-фашысцкай акупацыі менавіта ў Лазенках распачалося паўстанне, і гітлераўцы, помсцячы польскім патрыётам, знішчылі помнік Шапэну. Варшавяне любяць расказваць гісторыю пра тое, як праз дзень на пастаменце замест помніка з’явіўся транспарант з надпісам: “Той, хто мяне знішчыў, баяўся, што я яму сыграю пахавальны марш!” Пасля вызвалення сталіцы першым адноўленым помнікам стаў бронзавы Шапэн.

    Палацава-паркавы комплекс Лазенкі атрымаў сваю назву ад першапачатковага слова “лазня”. Каронны маршал Ежы Любамірскі пабудаваў тут калісьці купальны павільён. Ён быў акружаны водамі возера і рэчкі. Каб падтрымліваць узровень вады, створана была водазаборная вежа ў нэакласічным стылі. Яна захавалася да нашых дзён. Цяпер яе выкарыстоўваюць у якасці музея ювелірнага мастацтва. Музеем сталі і купальні, праўда, іх Любамірскі, а пазней і апошні кароль польскі Станіслаў Панятоўскі, перабудавалі ў шыкоўны палац. Па-ранейшаму акружаны вадой з усіх бакоў, ён атрымаў назву Палац на водах. У ім няма электрычнага асвятлення, і падчас масавых мерапрыемстваў тут, як і дзвесце гадоў таму, запальваюць тысячы свечак. Да варшаўскага паўзмроку я пачала паступова прывыкаць, таму не гэта мяне зацікавіла. З біяграфіі Міхала Клеафаса Агінскага ведаю, што менавіта ў гэтым палацы яго ў чатырохгадовым узросце прадставілі каралю Польшчы. На пытанне, кім дзіця хоча быць, Міхал Клеафас адказаў вельмі мудра, што хоча служыць каралю і Айчыне, але быць каралём не жадае, бо яны ўсе нешчаслівыя.

    Начальнік польскай дзяржавы

    Там, дзе Бельведэрская вуліца плаўна пераходзіць у бульвар Уяздоўскі, знаходзіцца яшчэ адзін прыгожы палац барочнага стылю — Бельведэрскі. Яго сцены памятаюць ігру сусветна вядомага Фрэдэрыка Шапэна, які быў запрошаны да гаспадароў і выконваў для іх свае творы.

    Перад палацам помнік Юзафу Пілсудскаму, які жыў тут нейкі час пасля польскага паўстання 1918-1822 гг. Барацьбіт за польскую незалежнасць, ён быў выдатным ваеначальнікам, але не вельмі паспяховым палітыкам. Тым не менш палякі захавалі да яго глыбокую ўдзячнасць, і цяпер у Бельведэры знаходзіцца музей “начальніка польскай дзяржавы”, як называў сам сябе Пілсудскі. Народ гэтай краіны ў цэнтры Еўропы неаднаразова аднаўляў сваю дзяржаўнасць і змагаўся за незалежнасць.

    Варшавянам давялося аднаўляць пасля Другой сусветнай вайны шмат чаго, а калі казаць шчыра, то амаль усё. Фашысты педантычна знішчалі ў 1944 го-дзе адзін за другім гістарычныя помнікі і палацы каралёў. Ушчэнт зруйнаваны быў каралеўскі палац на Замкавым пляцу. Яго канчаткова аднавілі толькі праз сорак гадоў пасля вайны. Будынкі на Кірмашовай плошчы мясцовыя жыхары збіралі літаральна па драбніцах, прасейваючы друз у пошуках дэкаратыўных элементаў, складваючы іх нібы пазлы. Па словах нашага гіда Юліяна Бельскага, у гістарычным цэнтры калісьці жылі самыя бедныя і маламаёмныя варшавяне. Ці не таму гітлераўцы асабліва не разбуралі гэтыя будынкі, скіроўваючы сваю нянавісць на палацы і храмы. А сёння гэта частка старога горада занесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, і жывуць тут вельмі заможныя людзі.

    З Юліянам мы прайшлі нетыповым маршрутам. Як гадаванец удзельніка варшаўскага паўстання 1944 года, ён правёў нас па завулках і пераходах, дзе занатавана памяць пра кровапралітныя баі і мужнасць паўстанцаў. Літаральна на кожным кроку шыльды з ушанаваннем вядомых і невядомых герояў, барацьбітоў з фашызмам. А ў нішы касцёла Святога Яна кавалак жалезнай гусеніцы – так званая “паўзучая” міна, якімі гітлераўцы імкнуліся вынішчаць паўстанцаў, што хаваліся ў лабірынтах цесных вулак старога горада, куды не маглі праціснуцца ні танкі, ні іншая тэхніка.

    Лістападаўскі дзень кароткі, асабліва ў Варшаве, дзе розніца з Мінскім часам у дзве га-дзіны. А на вузкіх вулках старога горада змяркаецца яшчэ хутчэй. Грозна пазіраюць башні Барбакану – часткі гарадской сцяны, што захаваліся ад старажытных часоў. Сталы мастак, нечым падобны сваёй брутальнай бародкай на Хэмінгуэя, прапаноўвае купіць яго пейзажы. На адным з іх бачу на паркавай алеі Лазенкаў постаць такую знаёмую – пані ў капелюшы з пёркамі. Пані Варшава.

    Фота аўтара.

    Автор: Ала СТРАШЫНСКАЯСветлы шлях

Комментарии (0)