24 Апреля, 2024 Среда

На РУП «Слуцкія паясы» правялі майстар-клас па вытворчасці копій слуцкіх паясоў

  • 04 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    Майстар-клас па вытворчасці копій слуцкіх паясоў і сувенірнай прадукцыі на аснове іх стылізацыі правялі на РУП «Слуцкія паясы». Запрасілі на семінар прадстаўнікоў прадпрыемстваў дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб’яднання «Белхудожпромыслы». 

    Для спецыялістаў у вобласці народных промыслаў гэта цудоўная магчымасць падзяліцца вопытам, ідэямі, абмеркаваць  надзённыя пытанні. А для карэспандэнта «Слуцкага краю» – даведацца пра навіны прадпрыемства,  вытворчасці.

    Пачалі з экскурсіі ў наш цудоўны Музей слуцкага пояса. Нашы госці з Мінска, Баранавіч, Пінска і іншых гарадоў былі ўражаны. Спецыялістаў, вядома ж, зацікавіў самы дарагі набытак прадпрыемства – станок, на якім вырабляюцца копіі нашай нацыянальнай каштоўнасці – слуцкіх паясоў. Назіралі за работай ткачыхі, разглядвалі перапляценні хітрага ўзору, задавалі шматлікія пытанні і… здзіўляліся. Цікавы факт: станок, прызначаны для выпуску копій слуцкіх паясоў (не масавая вытворчасць), можна выкарыстоўваць, пры пэўным пераабсталяванні, нават для вырабу аналагаў чалавечых сасудаў у медыцынскіх мэтах. Дырэктар прадпрыемства Ларыса Іванаўна Тарасава ўсё ведае да дробязей: яна 35 гадоў у ткацкай прамысловасці, пра любы ўчастак вытворчасці расказвае дасканала. Саткаць копію слуцкага пояса – работа карпатлівая. Спачатку спецыялісты вывучаюць гістарычны пояс: у копіі ўсё павінна супадаць з арыгіналам, потым ствараюць праграму. Праца на станку з праграмным забеспячэннем патрабуе ўвагі, сканцэнтраванасці: любая недакладнасць адразу бачна ў малюнку вырабу, а браку быць не павінна. Калі экземпляр сатканы, яго прадстаўляюць на навукова-экспертны савет, у склад камісіі якога ўваходзяць 18 чалавек. Яны і вырашаюць лёс новай копіі: выпускаць ці дапрацаваць. Дарэчы, зараз на экспертны савет рыхтуюць 7 новых копій слуцкага пояса.

    Усе навінкі вытворчасці прадстаўлены ў асартыментнай зале. На прадпрыемстве выпускаюць не толькі дарагія копіі слуцкіх паясоў, тут лялькі (ужо і да навагодніх святаў падрыхтавалі), сталовая і пасцельная бялізна, ручнікі, прыгожыя народныя касцюмы (іх заказваюць установы культуры), розная сувенірная прадукцыя, пакрывалы, пледы і абрусы. Вырабы слуцкіх майстроў не залежваюцца на складах. І ведаеце, я, напрыклад, хацела б набыць многае з таго, што прапаноўваюць «Слуцкія паясы»: гэта прыгожа і ўтрымлівае адметныя беларускія рысы. Прычым, матывы нашага брэнда – слуцкага пояса – з’яўляюцца шмат у якой прадукцыі.

    Прыемна было пачуць, што некаторыя з гасцей карыстаюцца слуцкімі коўдрамі і хваляць іх. І недарма. На «Слуцкіх паясах» наладжана вытворчасць падушак і коўдраў з чатырма відамі напаўняльнікаў. Напаўняльнікі гэтыя – катанізаваны лён, шэрсць, файбер, вацін – вырабляюць на прадпрыемстве па ўласных тэхналогіях і з уласнай сыравіны. А файбер, на маё здзіўленне, як паведаміла Ларыса Іванаўна, зусім не «хімія», як мы прывыклі думаць, а сінтэтычнае валакно з натуральных палімераў. «Наша прадукцыя павінна быць прыгожай, натуральнай, якаснай, – зазначыла Ларыса Іванаўна Тарасава. – Прытрымліваемся гэтых прынцыпаў».

    Дырэктар «Слуцкіх паясоў» адзначае, што новае абсталяванне ёсць амаль на кожным участку прадпрыемства: гэта павышэнне і прадукцыйнасці, і якасці. У цэху на вуліцы Тутарынава ўдзельнікі семінара назіралі за работай двух новых станкоў. На іх можна ткаць пакрывалы як дзіцячыя па памерах, так і еўрастандарту, нават карціны, габелены і шмат чаго яшчэ – магчымасці абсталявання вялікія і па выкарыстанні матэрыялаў, і па асартыменце прадукцыі.  Ларыса  Іванаўна Тарасава расказвае, што ў перспектыве яшчэ некалькімі падобнымі станкамі заменяць ручныя: вырабленая на іх прадукцыя таннейшая ў разы і лепшая па якасці. На ручных жа станках будуць вырабляць адмысловыя эксклюзіўныя рэчы.

    РУП «Слуцкія паясы» лічыцца адным з лепшых сярод прадпрыемстваў ДВГА «Белхудожпромыслы». Мадэрнізацыю тут  пачалі з 2006 года, увесь час імкнуцца да ўдасканалення вытворчасці, клапоцяцца пра ўмовы працы і быту работнікаў. І маюць планы пашыраць віды дзейнасці.

    Автор: Ірына МІРГАРОДАВАСлуцкий край

Комментарии (0)