25 Апреля, 2024 Четверг

Уладзімір Пугач: «Я моцна захапіўся эксперыментамі…»

  • 04 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    Калектыў «J: Морс» запісвае альбомы, здымае кліпы, збірае аншлагі на канцэртах. Узнікае заканамернае пытанне: на чым трымаецца такі поспех? Адказ, магчыма, хаваецца ў тым, што адзін з яго стваральнікаў Уладзімір Пугач — рамантык па жыцці, які любіць свабоду і заўсёды шчыры ў сваёй творчасці. А ў пачатку лістапада ўбачыў свет новы альбом гурта — «Паветра»… Мы сустрэліся з Уладзімірам і пацікавіліся не толькі новым вынікам працы…

    3-24

    — Што адметнага адбылося ў вас асабіста і ў гурце за апошняе пяцігоддзе?

    — У 2010 годзе выйшаў альбом «Электрычнасць», потым мы зрабілі гастрольны тур па гарадах Беларусі, у пачатку і па завяршэнні якога сабралі Палац спорту. А потым я адчуў нейкую разгубленасць, бо не разумеў дакладна, куды рухацца далей. У 2011-2012 гадах мы аб’явілі, што прыпыняем студыйную працу, бо выступаем з канцэртамі, і так працягвалася да канца 2013 года. Многія ўспрынялі тыя нашы дзеянні як распад гурта. Сам заняўся сольным праектам пад назвай «Нафта». Праўда, тая праца не даведзена да канца, бо і я, і тыя музыканты, з якім мы рабілі матэрыял, занятыя пакуль што ў іншых праектах. Спадзяюся, з’явіцца час і распачатае мы давядзём да канца.

    І толькі калі я зразумеў, што ў мяне назапасіўся патэнцыял, каб рухацца з «J: Морс» далей — гэта быў сігнал нашай гатоўнасці запісваць новы альбом.

    — Склад групы неаднаразова змяняўся. На ваш погляд, такія перамены былі заўсёды карыснымі для калектыву?

    — Кожны раз такі крок мы рабілі з мэтай змяніць нешта да лепшага. Безумоўна, момант сыходу некага з «J: Морс» заўсёды непрыемны. Перш за ўсё, таму што даводзіцца вялікі пласт працы перарабляць, калі ўводзіш новага чалавека ў калектыў.

    З іншага боку, я імкнуся заўсёды заставацца ў добрых стасунках з музыкантамі, з кім мы ігралі, бо для мяне вельмі важна захаваць чалавечыя адносіны. І многія з тых, з кім мы супрацоўнічалі раней, і цяпер могуць нас у пэўныя моманты выратаваць: дапамагчы на студыі нешта запісаць, замяніць таго, хто раптам захварэў. Мне гэта падабаецца. Толькі двойчы мне давялося звальняць людзей. А ў астатніх выпадках такія рашэнні былі проста вынікам нашай дамоўленасці, калі разумелі, што так будзе лепш для ўсіх.

    — Быць лідарам такога гурта, як «J: Морс», складана?

    — Непасрэдна менеджментам я сам не займаюся, для гэтага ёсць іншыя людзі. Мая функцыя ў нечым падобная да прадзюсара. Побач са мной працуюць асобы, у іх ёсць свае погляды, патэнцыял і мэты. І, каб атрымаць з усяго гэтага вынік, трэба накіраваць іх у патрэбнае рэчышча. Гэта зрабіць бывае не вельмі проста.

    — Ці можаце калег, з якімі вы працуеце ў калектыве, назваць сваімі сябрамі?

    — Мы падтрымліваем не толькі прафесійныя стасункі. З часам я прыйшоў да высновы, што калі працуеш з кімсьці, то важна быць з ім на адной хвалі. Павінны быць агульныя інтарэсы, заняткі — тады ўсё атрымаецца. Раней мне здавалася, быццам можна сабраць вакол сябе прафесіяналаў і ўсё складзецца, але ў нас усё па-іншаму.

    — Нядаўна вы далі «таемны канцэрт» пасля выхаду альбома «Паветра», а 13 лютага прыхільнікаў чакае вялікая прэзентацыя. Чым будзеце радаваць?

    — Канцэрт, які вы згадалі, прайшоў у маленькім клубе, без усялякай сцэнаграфіі. А праграма, якую зараз рыхтуем і пакажам у лютым, якраз будзе непасрэднай прэзентацыяй. Акрамя новых песень, можна будзе пачуць кампазіцыі, што не ўвайшлі ні ў адзін з нашых альбомаў. І, безумоўна, тыя, якія ўжо сталі любімымі. Не абыдзецца і без розных «фішак», але пакуль не раскрыю ўсіх сакрэтаў. Мы пастараемся зрабіць так, каб людзям было цікава і потым было пра што пагаварыць.

    3-22

    — Тур у падтрымку новага альбома варта чакаць?

    — Ёсць такія думкі, але гэта адбудзецца дакладна пасля прэзентацыі. Наступнай вясной ці восенню — ужо як атрымаецца.

    — Наведваючы з канцэртамі розныя гарады, назіраеце розніцу ў паводзінах публікі?

    — Тое, ці лёгка ўдаецца вывесці гледача на эмоцыі, залежыць ад горада. У некаторых мясцінах рэагуюць вельмі стрымана, а пасля кажуць, што канцэрт быў добрым. А ў іншых здараецца, што ўжо пасля другой песні ўскокваюць. Думаю, паводзіны публікі ў многім залежаць ад нейкага культурнага кода, характэрнага пэўнай мясцовасці, які ў нечым вызначаецца яшчэ і блізкасцю межаў з іншымі краінамі. Хоць у нас і невялікая дзяржава, але рэакцыя аўдыторыі можа быць кардынальна рознай.

    — Ці даўно вы зразумелі, што погляды і ацэнкі іншых на вас не здольны паўплываць?

    — Да такой высновы я прыйшоў, мабыць, гадоў пяць таму. Гаворка пра пэўны этап эвалюцыі публічнага чалавека. Спачатку ты на ўсё рэагуеш, а потым пачынаеш разумець прыроду, механізм такога кшталту ацэнак. І становіцца ясна, што і як, і ў залежнасці ад гэтага ўжо карэкціруеш свае паводзіны, а потым зусім супакойваешся.

    — Што адчувае чалавек, які разумее, што да яго творчасці пачынаюць праяўляць інтарэс іншыя?

    — Са мной гэта здарылася недзе ў 2002 годзе. Спачатку я быў шакіраваны. А потым з’явіўся запал, адрэналін і жаданне рабіць нешта далей. Такія рэчы заўсёды падсцёбваюць творчага чалавека.

    — Чым абумоўлены ваш стымул тварыць сёння?

    — З аднаго боку, нічога не знікла.

    Любы артыст, які скажа, што яму не цікавая ўвага гледача, крывадушнік. Інтарэс аўдыторыі — гэта сіла, якая рухае творчасць.

    Каб і гледача парадаваць, і зрабіць штосьці новае для сябе. Мы падчас запісу альбома «Паветра» на некаторыя песні зрабілі па некалькі варыянтаў аранжыровак, на што спатрэбілася шмат сіл, часу і выдаткаў. Я вельмі моцна захапіўся эксперыментамі. Але мне цікавы перш за ўсё працэс, як усё адбываецца. А калі песні зроблены і выпушчаны ў свет, то пачынаеш думаць пра зусім іншыя рэчы.

    — Дарэчы, ці дачакаемся мы альбома беларускамоўных палескіх песень, які вы марылі выпусціць?

    — Я вельмі спадзяюся, што гэтая мая задума будзе рэалізаванай. Мне заўсёды было цікава папрацаваць з такога кшталту музычным матэрыялам. Засталося толькі знайсці час і шчыльна засесці за працу…

    — На вашу думку, прапаноўваючы сёння фальклорны песенны матэрыял у сучаснай апрацоўцы, магчыма зацікавіць ім аўдыторыю?

    — Я не веру ў сацыяльную ролю творчасці. Ніхто, ствараючы музыку, не думае аб тым, як на яго песнях будуць выхоўвацца будучыя пакаленні. Чалавек проста бярэ і робіць. У мяне нешта атрымліваецца — гэта выдатна, а калі зробленае будзе мець яшчэ і нейкую каштоўнасць для іншых, то я буду рады. Але гэта не самамэта. Мне важна атрымліваць задавальненне ад таго, чым я займаюся. І такога прынцыпу я прытрымліваюся ва ўсім. Нікога ратаваць і вучыць жыццю не збіраюся. Аднак, на жаль, часам пад лозунгамі прасцей звярнуць на сябе ўвагу аўдыторыі.

    3-20

    — Значыць, вы прыхільнік таго, што музыка і палітыка не павінны перакрыжоўвацца?

    — Палітыка — працэс, які напраўлены на тое, каб займець уплыў на вялікую колькасць людзей, якія з’яўляюцца інструментам барацьбы за ўладу. Калі і музыка становіцца яшчэ адным такім інструментам, то тым самым дэвальвуецца творчасць. Я б хацеў мець магчымасць быць для людзей цікавым сваёй музыкай, а не дзякуючы той альбо iншай грамадзянскай пазіцыі, якую я займаю.

    — Ёсць артысты, якія жывуць на сцэне, а іншыя размяжоўваюць сцэнічнае і рэальнае жыццё. А як у вас?

    —  Калі гаварыць пра цынізм у адносінах да творчасці і да публікі, дзе мы маем вобраз чалавека, які гаворыць адно, а думае па-іншаму, то я не з такіх. Я сам пішу песні і кожную з іх пражываю ў сабе. А дапускаць вышэйапісаную “гульню” — значыць здраджваць самому сабе. А што датычыцца, напрыклад, рокерскай манеры паводзін альбо нейкай эпатажнасці, то зноў гэта не мой выпадак. Я не размяжоўваю сцэну і жыццё, бо той жа канцэрт — зарад для мяне. Стомленасць, безумоўна, бывае, але мне дастаткова паспаць і я зноў у норме.

    — Бацькі спакойна прынялі ваша рашэнне займацца пераважна музыкай?

    — У мяне быў не той выпадак, калі я знянацку паведаміў: “Пачынаю новае жыццё!” Усё паступова адбылося. І бацька з маці ў той сітуацыі паводзілі сябе вельмі мудра: не давалі мне ніякіх парад. Я працяглы час спрабаваў зразумець, чым жа хачу займацца ў жыцці, і выбраў музыку. Пра гэта і сёння не шкадую.

    — А даводзілася сумнявацца ў тым, ці можна музыкай зарабляць?

    —    Былі сумненні, больш скажу, яны і сёння прысутнічаюць…

    — Акрамя музыкі, чым вам цікава займацца?

    — У мяне была спроба папрацаваць на тэлебачанні, але мне не спадабалася. Быць тэлевядучым — як па мне — сумны занятак. Я, магчыма,  з цікавасцю рабіў бы інтэрв’ю. А, напрыклад, што датычыцца прадзюсіравання, то тут мяне хапае толькі на самога сябе. Я ўвогуле не люблю даваць творчым людзям парады, а прадзюсар па сутнасці дыктуе, як трэба рабіць. Я магу толькі дапамагчы, калі пра гэта просяць, і не ў якім разе не вучыць жыць.

    — Што вам дае адчуванне шчасця?

    — Гармонія. І гэта не вынік, а імкненне да таго, калі ты стараешся гарманізаваць вакол сябе ўсё: і сваю працу, і ўзаемаадносіны з блізкімі. Тады часам ты здольны адчуць шчасце. Яно для мяне не стан, а тое, што трэба ўвесь час лавіць…

    — У наступным годзе вы адзначыце свой асабісты юбілей. Шкадуеце пра нешта з мінулага?

    — Як кожны чалавек, я не ўсім задаволены. Былі ўчынкі, пра якія шкадую. Часам бяздзейнічаў там, дзе трэба было шукаць выйсце. А было проста неабгрунтавана шкадаваў самога сабе, што ўвогуле самы вялікі грэх. Мне здаецца, я не стаў лепшым. Але здольнасць прызнаць свае памылкі дае надзею, што не паўтору іх у будучым.

    Алена ДРАПКО 

    drapko@zviazda.by

    Фота Андрэя Краўчанкі, Валерыі Лапцэвіч, Андрэя Шумаева

    Автор: Алена ДрапкоЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)