26 Апреля, 2024 Пятница

Удзельніца праекта «Голас» выступіла ў Мураванай Ашмянцы

  • 07 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    Два гады таму адбыўся такі інцыдэнт. Па сацыяльных сетках тады “гуляла” петыцыя “за Патрыцыю” (прабачце за каламбур). Народ патрабаваў вяртання Патрыцыі Курганавай у склад удзельнікаў шоу “Голас”. Патлумачым. Беларуская спявачка Патрыцыя Курганава ўдзельнічала ў гэтым расійскім тэлепраекце.

    Настаўнік Патрыцыі, мэтр савецкай і расійскай эстрады Аляксандр Градскі асабіста вывеў яе з ліку канкурсантаў са словамі: “Яна не спявачка, яна анёл. А як могуць анёлы ўдзельнічаць у конкурсе?”

    Вядомы спявак Леанід Агуцін тады заўважыў:

    – У Патрыцыі няма нічога ад конкурсу. Яна не прысутнічае на гэтым мерапрыемстве, яна спявае… аднекуль. З чыстым сэрцам, без дамешку няпраўды.

    Дык што ж за фенамен такі гэтая Патрыцыя? З намерам знайсці адказ на гэта пытанне мы накіраваліся… не, не ў Маскву, і нават не ў Мінск, дзе жыве спявачка. У сярэдзіне лістапада са своеасаблівым візітам сяброўства былая ўдзельніца славутага шоу “Голас” Патрыцыя Курганава сама завітала ў наш раён. Яна са сваімі сябрамі падрыхтавала цікавую і яскравую праграму.

    Канцэрт цікавы яшчэ і тым, што адбыўся не на вялікай пляцоўцы, нават не ў горадзе, а ў Мураванай Ашмянцы, у зале звычайнага сельскага Дома культуры. Адкрылі мерапрыемства загадчыца сельскага клуба Ала Лыскойць і мясцовая жыхарка Данута Міхайлоўская. Яны павіншавалі ўсіх аднавяскоўцаў і гасцей з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Данута Канстанцінаўна расказала пра гераіню вечара і зазначыла, што звёў разам іх Божы провід. Менавіта знаёмства з “зоркай” стала нагодай для запрашэння яе на Ашмяншчыну.

    І вось на сцэну выйшла спявачка – невысокая дзяўчына ў цёмных акулярах. Выйшла проста, без пыхі, але з невымоўнай годнасцю. Тым большы кантраст адбыўся, калі яна пачала спяваць. Гучалі песні і на рускай, і на беларускай, і на англійскай мовах, свецкія і рэлігійныя. І гучалі выдатна. Наогул, ёсць такія галасы, якія гучаць аднолькава шыкоўна і ў вялікай зале, і ў сельскім клубе. “Цвіком праграмы”, на нашу думку, стала знакамітая песня з рэпертуару Уітні Х’юстан I will always love you. Тут было немагчыма зразумець, што гучала больш яскрава – ці то гарманічная, кранальная музыка, ці то голас – чысты, дзівосны і чароўны, ці то словы – узвышаныя, поўныя сэнсу і якія прымушаюць думаць. У зале ў гэты час сапраўды жыла сама Прыгажосць.

    Азін са слухачоў, які прыйшоў са спазненнем, зірнуўшы на сцэну, здзіўлена працягнуў: “Дзіяна Гурцкая?!” Але не, Патрыцыя, хоць і сябруе з Гурцкой, але ўсё ж не яна. Так, абедзве спявачкі невідушчыя, абедзве – прыгожа спяваюць, але занадта розныя іх рэпертуары, надта розныя амплуа, зусім розныя асобы. Лейтматывам творчасці Патрыцыі Курганавай з’яўляюцца тэмы Бога, веры, выратавання і надзеі на лепшае. Руская эстрада ўсё ж рэдка звяртаецца да рэлігійнай тэматыкі і здаровага пазітыву, і наогул не так ужо часта радуе сапраўды шчырым стаўленнем да слухача.

    Магчыма, нехта са слухачоў троху сумеўся ад значнага кампаненту песень з выразна рэлігійнымі, хрысціянскімі вобразамі. Але ж мноства музычных кампазіцый пачынаюцца менавіта з натхнення верай і любоўю да Бога – прыгадаем знакамітыя творы Баха, цудоўны твор “Авэ Марыя” Шуберта ці вядомыя джазавыя песні на біблейскія матывы кшталту Go Down Moses Луі Армстранга, а з сучаснага можна назваць прынамсі песні гурта “Новы Іерусалім”. Няўжо нехта сумняваецца ў дарэчнасці і мастацкай выразнасці такіх твораў? На нашу думку, рэлігія цяпер занадта часта выступае ў якасці фона замест таго, каб займаць годнае месца сярод іншых культурных каштоўнасцяў. Калі не ўсе, то многія людзі сёння хацелі б наблізіцца да нечага святога і беззаганнага.

    На сцэне выступала не толькі Патрыцыя. Не раз на сцэну выходзіла яшчэ адна таленавітая дзяўчына – Анастасія Няпеўная. Нягледзячы на “немузычнае” прозвішча, яна вельмі адораная і мае добры голас і слых. Пра гэта сведчыць хаця бы тое, што яна – студэнтка акадэміі музыкі. Пад яе фартэпіянны акампанемент весяліла публіку і спявала песні хорам разам з залай Яўгенія Сысоева. Дарэчы, менавіта яна прывезла сталічных спявачак. Не засталіся ўбаку і маленькія вяскоўцы: яны падрыхтавалі цікавыя кароткія прыпавесці (прытчы), якія стварыў італьянскі пісьменнік Бруна Ферэра. Якасць гучання забяспечыў супрацоўнік клуба, акампаніятар Мікалай Макавецкі.

    Усе артысты – і вопытныя, і пачынаючыя – заўважна хваляваліся. Патрыцыя пасля кожнага выступу пыталася ў сябровак: “Ну як?” Трымцелі галасы юных чытальнікаў. Але гледачы, падтрымліваючы іх, не шкадавалі далоняў, канец кожнай песні літаральна патанаў у апладысментах. А скончылася мерапрыемства песняй “Малюся за цябе, Беларусь”.

    Зорка пагадзілася адказаць на некалькі пытанняў гледачоў. На пытанне, ці лічыць яна сябе прайграўшай у шоу “Голас”, яна з годнасцю адказала, што ёй давялося выступаць з пераможцам аднаго з мінулых шоу і земляком Сяргеем Ваўчковым, а гэта таксама ўжо значны поспех. Ды і “Голас” – так бы мовіць, не апошняя інстанцыя. Творчых планаў у Патрыцыі хапае. Выхад на расійскую сцэну сам па сабе прынёс добры плён – у яе з’явілася многа “зорных” сяброў, сярод якіх Марк Цішман, Дзіяна Гурцкая, Аляксандр Градскі і многія іншыя, да таго ж яна стала вядома тамашняй аўдыторыі. Таму яе нярэдка запрашаюць у Расію да ўдзелу ў разнастайных канцэртах, вечарынах і іншых імпрэзах.

    На пытанне пра тое, як яна прыйшла да Бога, Курганава зазначыла: “Да пятнаццаці год неяк пра гэта не задумвалася. Потым пачала звяртаць увагу на перамены ў сабе, захацела паверыць і прыняць Бога ў сваім жыцці”. І Бог сапраўды вёў яе па жыццёвых хвалях. Яна паступіла і скончыла ў ліку лепшых універсітэт культуры і мастацтваў у Мінску. Наогул, яна не баялася цяжкасцяў і ніколі не патрабавала нейкага асаблівага да сябе стаўлення. Рашэнне дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі прыйшло неяк само сабой. Пэўны час яна працавала ў цэнтры рэабілітацыі інвалідаў, вучыла спевам людзей, якія пазбаўлены зроку, цяпер яна працуе ў звычайнай мінскай музычнай школе і вучыць вакалу звычайных дзяцей. Кажа, што розніцы паміж тымі і цяперашнімі вучнямі няма – галоўнае, каб было жаданне і здольнасці да спеваў. А адрозніваць вучняў нескладана, бо заняткі індывідуальныя, ды і кожнага з іх пазнаць вельмі лёгка – па голасе.

    Напрыканцы вечара Патрыцыя паабяцала, што абавязкова пастараецца завітаць да нас яшчэ раз.

    А апошняе пытанне, наконт таго, што значыць для яе слова “поспех”, яна сустрэла нечаканым адказам: “Поспех – гэта калі ўдасца данесці кроплю дабра хоць да аднаго слухача, калі здолею расчуліць хоць адно сэрца, калі пашчасціць зрабіць шчаслівым хаця бы аднаго чалавека ў зале”.

    Сапраўды, гэта адначасова і простая, і складаная задача для чалавека на сцэне. І Патрыцыя з ёй выдатна справілася. Нягледзячы на “нялётнае” дажджлівае надвор’е, зала была поўнай. Гледачы прыйшлі на “зорку”, а ўзамен атрымалі агеньчык зорнага святла, прамень дабрыні і шчасця.

    Автор: Дзмітрый РАДКЕВІЧАшмянскі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)