25 Апреля, 2024 Четверг

Злучаныя творчасцю Агінскага

  • 16 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    Напрыканцы гэтага года, што праходзіў пад знакам юбілею Міхала Клеафаса Агінскага і быў напоўнены шматлікімі мерапрыемствамі ў гонар славутага сына трох народаў, адбылася яшчэ адна вартая ўвагі падзея, якая дае падставу спадзявацца на тое, што год Агінскага ператворыцца ў век Агінскіх.

    У межах праекта “Умацаванне інстытуцыйнага патэнцыялу фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” ў ажыццяўленні дзейнасці па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны і садзейнічанні ўстойлівага развіцця Смаргонскага раёна” адбылося падарожжа сяброў фонду ў суседнюю Літву для падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве. Праект з’яўляецца часткай праграмы “Умацаванне патэнцыялу сумесных ініцыятыў” і рэалізуецца пры падтрымцы фонду “Еўразія” за кошт сродкаў Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

    Дырэктар фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” Ала Шыцікава, падводзячы вынікі дзейнасці гэтай грамадскай арганізацыі на працягу бягучага года, з гонарам паведаміла, што пры непасрэдным удзеле актывістаў фонду шмат зроблена дзеля папулярызацыі гістарычнай спадчыны М. К. Агінскага, аднаўлення былой славы “Паўночных Афінаў”, папаўнення фондаў музея-сядзібы ў Залессі. У юбілейны год быў праве-дзены дабрачынны баль, бізнес-кактэйль для ўплывовых асоб і прадпрымальнікаў у межах праекта, накіраванага на ўмацаванне сумесных ініцыятыў, вяліся перамовы з замежнымі ўстановамі, якія гатовы выступаць партнёрамі ў справе папулярызацыі гістарычнай спадчыны роду Агінскіх. Фонд “Паўночыныя Афіны М. К. Агінскага” браў актыўны ўдзел у правя-дзенні фестывалю “Залессе запрашае сяброў” і міжнароднай канферэнцыі, прымеркаванай да юбілею славутага гаспадара залескай сядзібы.

    Смаргонская дэлегацыя ў складзе начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяны Ражэвай, дырэктара музея-сядзібы М. К. Агінскага ў Залессі Людмілы Градзіцкай і членаў праўлення фонду з трохдзённым візітам наведала Літву дзеля вывучэння вопыту і пошукаў партнёраў для далейшага развіцця патэнцыялу Паўночных Афінаў і ўвогуле турыстычнага бізнесу раёна.

    Цікавыя знаходкі чакалі падарожнікаў у музеях Плунге, Рэтаваса, Палангі, Крэцінгі. Усе гэтыя гарады пэўным чынам звязаны з прозвішчам Агінскага. У Рэтавасе і Плунге жылі доўгі час і зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё гэтага кутка Жамойціі сын Міхала Клеафаса Агінскага Ірэніуш, а таксама яго ўнукі Багдан і Міхал-Мікалай. 

    Дырэктар музея Агінскіх у Рэтавасе Вітас Руткаўскас – вялікі энтузіяст і заўзяты краязнаўца. Фактычна намаганнямі яго і такіх, як ён, адраджэнцаў гістарычнай спадчыны выратаваны ад разбурэння будынак колішняй музычнай школы, якая была пабудавана яшчэ ў ХІХ стагоддзі і дзе цяпер створаны цудоўны музей. 250-годдзе М. К Агінскага тут адзначылі, усталяваўшы арыгінальны помнік, стылізаваны пад герб роду Агінскіх там, дзе раней на месцы разбуранага палаца была ўзведзена каланада-напамінак.

    Спадар Руткаўскас не аднойчы наведваўся ў беларускае Залессе, сустракаліся смаргонцы з ім на міжнародных канферэнцыях, падчас сумесных мерапрыемстваў, што тычыліся вывучэння і папулярызацыі спадчыны князя Агінскага і яго нашчадкаў. Таму нядзіўна, што прапанова аб больш шчыльным супрацоўніцтве знайшла падтрымку з яго боку. У выніку, пасля абмеркавання асобных пытанняў было падпісана трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж музеямі ў Рэтавасе і Залессі і дабрачынным фондам “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага”. У далейшым на падставе падпісанага дакумента будзе распрацаваны план сумесных мерапрыемстваў, сярод якіх не толькі прымеркаваныя да пэўных юбілейных дат, але і накіраваныя на актывізацыю турыстычных абменаў, правядзенне навукова-даследчых экспедыцый па тых мясцінах Беларусі і Літвы, якія пазначаны прозвішчам славутага роду Агінскіх.

    Велічны і шыкоўны палац у Плунге ўражвае сваімі аб’ёмамі, скульптурамі, старажытным паркам, што раскінуўся на 53 гектарах. Вось толькі канцэпцыя развіцця гэтага комплексу значна адрозневаецца ад смаргонскай. Тут, у памяшканнях палаца былой графскай канюшні, аранжарэі ды іншых збудаванняў, праводзяцца фэсты, конкурсы, выставы, масавыя мерапрыемствы. Экспазіцыя, пры-свечаная роду Агінскіх, займае фактычна толькі адзін пакой. Пераважна гэта кнігі з бібліятэкі Міхала-Мікалая Агінскага і стаўшыя гістарычнымі сведкамі фотаздымкі, якія захаваліся да нашых часоў дзякуючы зацікаўленасці мясцовай краязнаўцы, настаўніцы Элеаноры Равіцкене. А для беларускіх падарожнікаў многія з гэтых фотакартачак – сапраўдны скарб.

    Музей-палац у Крэцінге адзначаў свой 80-гадовы юбілей у той дзень, калі туды наведалася смаргонская дэлегацыя. Ад імя беларусаў начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Таццяна Ражэва павіншавала юбіляраў і пажадала далейшага росквіту. А росквіт бачны, асабліва ў аранжарэі, дзе круглы год квітнеюць экзатычныя расліны. Прыемна ўражвае і палац Тышкевічаў у Паланзе, у якім яшчэ з савецкіх часоў дзейнічае экспазіцыя і знакаміты музей бурштыну.

    Паездка дала шмат падстаў для разважання, аналізу, бачання перспектыў у напаўненні створанага сёлета ў Залессі музея- сядзібы М. К. Агінскага.

    Автор: Ала СТРАШЫНСКАЯСветлы шлях

Комментарии (0)