19 Апреля, 2024 Пятница

Фестываль нацыянальных культур: мы жывём у сям’і адзінай

  • 21 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    ХI Мінскі абласны фестываль нацыянальных культур прайшоў у Палацы культуры г. Маладзечна. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі чатырнаццаці нацыянальнасцей з пятнаццаці раёнаў Міншчыны. Адкрыла мерапрыемства выстава работ народных майстроў, пасля якой жыхары і госці горада дэгуставалі стравы з украінскай і польскай, грэчаскай і рускай, азербайджанскай і яўрэйскай, армянскай і татарскай нацыянальных кухняў.

    Эма Міскевіч «татарскім штрудзелем» называе прысмак, які прапануе пакаштаваць гасцям і журы фестывалю на чале з народным артыстам Беларусі, мастацкім кіраўні-

    ком Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча прафесарам Міхасём Дрынеўскім. Гатаваць «перакачаннік» нескладана: цеста з вады, мукі і солі разразаецца на некалькі тонкіх слаёў, змазваецца алеем, скручваецца з яблыкамі і смажыцца на глыбокай патэльні. Эма Захараўна гаворыць, што «татарскі штрудзель» часта бывае на святочным стале Міскевічаў.

    — Хоць многія мае сябры і знаёмыя нарадзілася і выраслі на Уздзеншчыне, у сем’ях з татарскімі каранямі захоўваюць традыцыі, — гаворыць жанчына. – Мае дзеці і ўнукі ведаюць гісторыю продкаў, нацыянальныя абрады.

    Госця з Узды паведаміла, што раз на год прадстаўнікі мясцовай дыяспары абавязкова ездзяць на мізар (татарскія могілкі), дзе памінаюць сваіх продкаў, прыбіраюць месцы пахаванняў.

    Прытрымліваюцца традыцый і ў сям’і Ізраілавых, якая пераехала ў Беларусь з Азербайджана трыццаць гадоў таму. На выставе вырабаў народных майстроў Ізраілавы прадставілі незвычайную работу ў форме галінак дрэва чынара. На яго лістах былі наклеены фотаздымкі радні. За сталом прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары таксама можна было пакаштаваць нацыянальныя стравы. Вялікай папулярнасцю карысталіся слодычы.

    Самай шматлікай на фестывалі была дэлегацыя з Барысаўшчыны. Тут жывуць рускія, яўрэі, украінцы… А самай незвычайнай стравай на барысаўскім стале было кабардзіна-балкарскае гедлібжэ, ці курыца па-кабардзінску. Блюда гэта дыетычнае, бо замест гарніру ў смятанны соус, у якім гатуецца мяса, абмочваюць кубікі з кукурузнай кашы.

    Свае гліняныя вырабы ў Маладзечна прывёз і барысаўскі майстар па кераміцы Яўгеній Паліванаў з аматарскага аб’яднання прадстаўнікоў нацыянальных культур «Шматгалоссе». Вырабамі з гліны ён зацікавіўся ў 1994 годзе, а на фестывалях свае работы дэманструе апошнія пятнаццаць гадоў. Многія сувеніры, якія Яўгеній Лявонцьевіч прывёз на свята, зрабілі яго вучні. Мужчына выкладае мастацтва керамікі і самымі стараннымі вучнямі лічыць дзесяцігодак.

    Ад маладзечанцаў на фестывалі выступалі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Краяны» і беларускага грамадскага аб’яднання грэкаў «Пелапанэс». У першых была самая масавая каманда –аб’яднанне прадстаўлялі дванаццаць беларускіх украінцаў. Яны прадэманстравалі нацыянальныя строі з розных  рэгіёнаў іх гістарычнай радзімы, а таксама расказалі пра асаблівасці ўкраінскага ўзору. У той жа час, сябры аб’яднання «Пелапанэс» шчодра частавалі гасцей пірагом, у які на Новы год традыцыйна кладзецца манетка. Таму, хто яе знойдзе, наступныя дванаццаць месяцаў будзе спадарожнічаць шчасце.

    Пасля ўзнагароджання народных майстроў і народных кулінараў у канцэртнай зале Палаца адбыўся тэматычны канцэрт з удзелам творчых калектываў нацыянальных аб’яднанняў. Армянскую дыяспару на сцэне прадстаўляла сям’я Саарбекян з Нясвіжскага раёна. Яна разам з танцавальным калектывам азербайджанскай сям’і Маміевых з Беразіно была ўзнагароджана ў намінацыі «За захаванне і пераемнасць нацыянальных традыцый сямейнай творчасці». Таксама ў гэты дзень на маладзечанскую сцэну выйшлі ансамбль народнага танца «Элада» грамадскага аб’яднання грэкаў «Пелапанэс», украінскі сямейны гурт «Чарамшына», цыганскі калектыў «Эліпс» і іншыя.

    Гэта цікава. Па даных апошняга перапісу насельніцтва ў Мінскай вобласці жывуць больш за 101 тысячу рускіх, 17,9 тысячы палякаў, 17,7 тысячы ўкраінцаў, звыш 1,2 тысячы татар, тысяча цыганоў, больш за 700 яўрэяў і каля 500 літоўцаў.

    Тэкст і фота: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.

    Автор: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)