27 Апреля, 2024 Суббота

Рукатворная прыгажосць

  • 22 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    Кожны чалавек у душы тварэц, няхай і не заўсёды дэманструе гэта. Ствараць прыгожае можа кожны, і ў жыцці любога з нас рана ці позна наступае такі момант.

    Творчасць заўсёды была ў жыцці Ірыны Баляславаўны Шляхтун. Праўда, напачатку творчыя памкненні гэтай жанчыны «выліваліся» на паперы. Калі яна працавала ў школе, спрабавала пісаць вершы, апавяданні і п'есы. Потым, падчас працы ў райвыканкаме, ёй не раз даводзілася рабіць даклады і справаздачы, у якія Ірына Баляславаўна таксама ўкладвала свае творчыя памкненні.

    А калі жанчына выйшла на заслужаны адпачынак, творчасць поўнасцю захапіла яе ў палон.

    творчество Шляхтун1

    – Пачалося ўсё са штучных кветак, якія я стала вырабляць з тканіны. Спачатку рабіла ўнучцы заколкі і абадочкі, а потым вырашыла паспрабаваць сябе ў вышыўцы стужкамі, – расказвае Ірына Баляславаўна.

    І пачалася праца. На працягу лета жанчына выношвае свае ідэі, а восенню і зімой ажыццяўляе задуманае. І ажываюць на карцінах кветкі – ружы, ірысы, лілеі, макі, бэз, фіялкі… Адарваць вачэй ад гэтай прыгажосці проста немагчыма.

    – Першыя стужкі для маіх работ прывозіў сын – ён тады вучыўся ў Гродне. А сёння і ў Астраўцы можна набыць неабходныя матэрыялы.

    А потым Ірына Баляславаўна вырашыла ўдасканаліць сваё майстэртва – і стала вышываць кветкі на намаляваным палатне – і ажылі новыя вобразы.

    Ужо толькі таму, што вышывае Ірына Баляславаўна на бабуліным саматканым ільняным палатне, з яе карцін так і струменіць цёплая і моцная энергетыка.

    творчество Шляхтун2

    – За гэты час я паспрабавала сябе ў многіх тэхніках – шыла, вязала, вышывала, займалася дэкупажам, малявала на шкле… Калі справа ладзіцца, то ў цябе адкрываецца другое дыханне. І хочацца тварыць, тварыць...

    Сёння многія карціны Ірыны Баляславаўны ўпрыгожваюць пакоі яе родных, блізкіх і сяброў, адведзена месца ім і ў яе доме.

    – Магчымасці займацца творчасцю ёсць у кожнага. Тым больш сёння, калі амаль у кожнага ёсць доступ у інтэрнэт. Дарэчы, камп'ютар я пачала асвойваць толькі калі выйшла на пенсію. І сёння тут можна знайсці шмат цікавых ідэй, якія разнастаяць твой адпачынак і дапамогуць зрабіць жыццё яркім і насычаным. Аднак займацца толькі адным відам творчасці мне сумна, – расказвае жанчына.

    Таму сёлета Ірына Баляславаўна вырашыла паспрабаваць сябе яшчэ і ў фларыстыцы. І ў яе доме з'явіліся шматлікія дрэўцы шчасця – мандарынавыя, вішнёвыя, яблыневыя...

    творчество Шляхтун3

    – Дарэчы, такі тапіарый, выкананы з мандарынаў, лёгка можа стаць упрыгожваннем навагодняга свята, – дэманструе Ірына Баляславаўна адно з дрэўцаў, на галінках якога «даспяваюць» штучныя мандарыны. – Я раблю дрэўца так, каб на ім былі і кветкі, і плады – у гэтым крыецца сэнс жыцця.

    А ў снежні, калі так хочацца свята, Ірына Баляславаўна занялася навагоднімі ўпрыгожваннямі, якія, калі захацець, кожны лёгка можна зрабіць сваімі рукамі.

    творчество Шляхтун4

    – Некалі з настаўнікамі Рымдзюнскай школы мне пашчасціла трапіць у Данію. Тады за абедам на стале запалілі свечку – і гэты трапяткі агеньчык так запаў у душу, што такую традыцыю я прынесла і ў свой дом. З таго часу свечка заўсёды стаіць на маім стале. А свечка, якая запальваецца на Нараджэнне Хрыстова, нясе ў сабе дабрыню, цяпло і святло – і таму вельмі важна падсвечнік для яе зрабіць сваімі рукамі, – упэўнена Ірына Баляславаўна.

    творчество Шляхтун5

    Жанчына дэманструе падсвечнік, зроблены з прыродных матэрыялаў. Тут сасновыя шышкі і каштаны, галінкі абляпіхі, туі і ёлкі, вусы вінаградніка – і ўсё гэта выклікае толькі захапленне.

    – Зрабіць яго вельмі проста. На дыск альбо кардон з дапамогай клеявога пісталета наклейваюцца розныя прыродныя матэрыялы. Можна выкарыстаць ёлачныя ўпрыгожванні. А ў цэнтры кампазіцыі размяшчаецца свечка. Каб надаць кампазіцыі закончаны выгляд, яе можна ўпрыгожыць пацеркамі і запырскаць сярэбранай альбо залатой фарбай.

    творчество Шляхтун6

    – Больш аб'ёмныя падсвечнікі можна зрабіць з дапамогай мантажнай пены, – дэманструе Ірына Баляславаўна яшчэ адну рукатворную прыгажосць. – У кожным доме ёсць посуд, які не выкарыстоўваецца. Такую талерку або кубак напаўняем мантажнай пенай. Праз гадзіну, калі яна застыне, выразаем патрэбную форму і ўпрыгожваем яе штучнымі кветкамі, прыроднымі матэрыяламі, пацеркамі, ёлачнымі шарамі. У выніку атрымліваецца прыгажосць, зробленая сваімі рукамі.

    Вянкі, магніты, тапіарыі, штучныя ёлкі, вышыванкі – усё гэтае разнастайнае багацце стварыла адна жанчына, якую па жыцці суправаджае творчасць.

    творчество Шляхтун7

    творчество Шляхтун8

    ----------------------------

    Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.

    Автор: Алена ЯрашэвічАстравецкая праўда

Комментарии (0)