18 Апреля, 2024 Четверг

Маладзечна прыняло эстафету культурнай сталіцы ад Брэста

  • 28 декабря 2015 Культура Беларуская 0

    У Брэсце адбылася перадача сімвалічнага знака культурнай сталіцы Беларусі гораду Маладзечна.

    Заключны гала-канцэрт мерапрыемстваў «Брэст – культурная сталіца Беларусі-2015» прайшоў у тамтэйшым Палацы культуры прафсаюзаў. Своеасаблівай справаздачай зробленаму за год у гэтай сферы сталі экспазіцыі, разгорнутыя ў фае палаца. У тым ліку выставы, прысвечаныя мінуўшчыне і сённяшняму дню Брэста, работы мясцовых мастакоў, літаратараў і народных умельцаў. Вельмі прадуманым у плане рэжысуры і падбору выканаўцаў аказаўся сам гала-канцэрт. Больш за 500 артыстаў прынялі ў ім удзел. Прынамсі дзве гадзіны, адведзеныя на выступленні гаспадароў і запрошаных артыстаў (у ліку іх была і наша «Спадчына»), праляцелі непрыкметна. Як і цырымонія ўзнагароджвання жыхароў абласнога цэнтра, якія асабліва вызначыліся ў творчым плане ў «культурны» год, – прадстаўнікоў самых розных відаў мастацтва, літаратараў, журналістаў, вэб-дызайнераў, мецэнатаў...

    Як паведаміў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук, у адыходзячым годзе жыхары і госці горада сталі ўдзельнікамі каля дзвюх сотняў мерапрыемстваў культурнага кшталту. Асобныя з іх – міжнародны фестываль «Студзеньскія музычныя вечары», тэатральная «Белая вежа» і іншыя – сталі візітнымі карткамі Брэста, «на біс» успрымаюцца аматарамі высокага мастацтва. Знакавымі можна лічыць тыя, што нарадзіліся па ініцыятыве саміх брастчан і якія будуць рэалізаваныя ў наступныя гады. «Мы спадзяёмся, што Маладзечна годна будзе несці званне культурнай сталіцы нашай краіны ў 2016 годзе», – выказаўся А. Рагачук, перадаючы сімвалічны знак свайму калегу старшыні Маладзечанскага райвыканкама А. Яхнаўцу.

    Аляксандр Дзмітрыевіч зазначыў, што адказная місія – заслуга работнікаў культуры і ўсіх жыхароў Маладзечаншчыны. На тэрыторыі раёна штогод праходзіць вялікая колькасць мерапрыемстваў самага рознага ўзроўню, у тым ліку Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. 57 творчых калектываў маюць статус заслужаных, народных, узорных.

    «Безумоўна, вельмі ганарова і прыемна атрымаць статус культурнай сталіцы Беларусі, хаця Маладзечна і лічыцца неафіцыйным культурным цэнтрам Міншчыны. Але я запэўніваю: мы будзем старацца, каб перасягнуць нават такі горад, як Брэст», – пад гучныя апладысменты залы прамовіў А. Яхнавец.

    Апладысментамі сустрэлі ўдзельнікі гала-канцэрта і выступленне заслужанага аматарскага калектыву ансамбля песні і танца «Спадчына» Палаца культуры нашага горада. Такім чынам, першы крок да набыцця новага статуса Маладзечна ўжо зрабіла. Будзем чакаць наступных – упэўненых і запамінальных, гучных і прыгожых.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Аляксандр ЛАЗОЎСКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)