25 Апреля, 2024 Четверг

Мулявінская энергетыка

  • 13 января 2016 Культура Беларуская 0

    Што гаварыў вакаліст групы «Бітлз» Джордж Харысан пра ансамбль «Песняры», хто падараваў Мулявіну мех свежавылаўленых харыусаў, якую кепку Уладзімір Георгіевіч лічыў шчаслівай – расказвае вядомы музыкант, былы саліст ансамбля «Песняры» Валерый СКАРАЖОНАК.

    – Мабыць у свой час усе спевакі марылі стаць удзельнікамі «Песняроў», а як вам пашчасціла?

    – Удзельнікам славутага ансамбля я стаў у 1997 го­дзе. У той час працаваў у сваім родным горадзе Вілейка – мастацкім кіраўніком Дома культуры. Яшчэ са школы любіў музыку «Песняроў», сапраўды марыў стаць удзельнікам ансамбля. І тут мне патэлефанаваў мой сябра, заслужаны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў і сказаў, што ёсць магчымасць паспрабаваць свае сілы ў складзе ансамбля «Песняры». На наступны ж дзень мне прызначылі праслухоўванне. Прыехаў, падрыхтаваўся. У пакой імкліва ўвайшоў Мулявін, і я пачуў ягонае «Прывітанне!» З’явілася адчуванне, быццам мы даўно былі знаёмыя. У прынцыпе, ён мяне ведаў па першаму фестывалю польскай песні ў Віцебску, дзе я выступаў як канкурсант, а Уладзімір Георгіевіч быў у складзе журы. Першае ж пытанне на праслухоўванні: «Белавежскую пушчу» спяваеш?» – «Спяваю». Мулявін сеў за раяль, а я выканаў адзін куплет.

    «Дастаткова. Пішы заяву аб прыёме на работу. Будзеш працаваць».

    Пасля быў рэпетыцыйны перыяд, які доўжыўся тры месяцы. А потым – першы канцэрт 8 сакавіка 1999 года. Я выканаў «Зорку Венеру» у новай апрацоўцы Мулявіна. Гэта выступленне запомнілася назаўжды. Авацыі… Поспех…

    Не паверыце, але да гэтага часу, калі выступаю на сцэне, мне здаецца, што стаю справа ад Уладзіміра Георгіевіча. І тая мулявінская энергетыка па-ранейшаму мне дапамагае.

    – Якім вы запомнілі Мулявіна?

    – Уладзімір Георгіевіч быў для мяне настаўнікам і сябрам. Ён не павучаў, а даваў магчымасць вучыцца побач з сабой. Мы неаднаразова гутарылі падчас гастрольных паездак. Ён ніколі не вяшчаў з вышыні свайго зорнага становішча. Уладзімір Георгіевіч гаварыў: «Я яшчэ сам не маю маральнага права адчуць сябе ў поўным сэнсе слова Песняром. Пясняр – гэта Янка Купала, Якуб Колас». Таксама Мулявін не цярпеў піжонства. Па-за сцэнай апранаўся сціпла, насіў адну і тую ж кепку, якую лічыў шчаслівай. Як народны артыст, меў магчымасць ездзіць на гастролі ў асобным купэ ці аўтамабілі, але заўсёды быў разам з усімі ўдзельнікамі ансамбля.

    Ніхто з нашых кампазітараў і паэтаў не узвысіў так беларускую песню, як гэта зрабіў Уладзімір Мулявін. Нават масцітыя замежныя музыканты прызнавалі перавагу музычнага калектыва перад іншымі выканаўцамі. У часопісе «Білборд» было размешчана інтэрв’ю з вакалістам групы «Бітлз» Джорджам Харысанам, які асобна адзначыў ансамбль «Песняры» за самабытнасць і ўменне выстраіць шматгалоссе.

    Увогуле, « Песняры» былі №1 у савецкія часы сярод вакальна-інструментальных ансамбляў. Аб гэтым сведчыць той факт, што ўпершыню на гастролях ў Амерыцы выступілі менавіта «Песняры». Мне Мулявін расказваў, што першыя канцэрты за акіянам яны праводзілі сумесна з амерыканскай групай. Прадзюсары не былі ўпэўнены, што публіка будзе слухаць гасцей з Савецкага Саюза. Таму фактычна «Песняры» спачатку былі ў амерыканскіх музыкантаў «на разагрэве». Але ўжо пасля першага выступлення ансамбля і надзвычай цёплага прыёму з боку ўзрушаных гледачоў беларускія і амерыканскія выканаўцы памяняліся ролямі.

    – Ведаю, што вы прымалі ўдзел у іншых амерыканскіх гастролях «Песняроў»…

    – Гэта было ў 2000-м годзе. Мы выступалі ў Нью-Ёрку, Чыкага, Атланце, а таксама ў некалькіх гарадах Канады. Публіка прымала нас выдатна. У Атланце спыніліся на адпачынак у Леаніда Барткевіча, які тады жыў у ЗША. Надвор’е было цудоўнае. Купаліся ў акіяне.

    – Якія паездкі, выступленні яшчэ запомніліся?

    – Памятаю канцэрт у зале «Кастрычніцкі» у Санкт-­Пецярбурзе 12 студзеня 2001 года – у дзень нараджэння Мулявіна. Быў аншлаг. Усе віншавалі Уладзіміра Георгіевіча, сцэну проста завалілі падарункамі…

    Яшчэ спадабалася паездка ў далекі Нар’ян-Мар, дзе пасля канцэрта мы разам з Мулявіным паехалі на раку Пячора. Мясцовыя рыбакі пазналі Песняра і падаравалі мех свежавылаўленых харыусаў, якіх нам прыйшлося тэрмінова засаліць.

    За час маёй працы ў ансамблі мы аб’ездзілі ўсю Беларусь. І некалькі разоў. Фактычна «Песняры» пабывалі ў кожным раёне Міншчыны. Выступалі ў Салігорску, Жо­дзіна, Слуцку, Івянцы. Пастаянна прымалі ўдзел у фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна.

    – Часта пытаюцца: адкуль Мулявін браў песні, якія выконваў ансамбль «Песняры». Пачынаючы са славутай «Касіў Ясь канюшыну»…

    – Канкрэтна пра гэтую песню сказаць не магу. Ула­дзімір Георгіевіч разам з кампазітарам Ігарам Лучанком выкарыстоўвалі такі метад, як фальклорныя экспедыцыі, паездкі ў «глыбінку». У вёсках яны запісвалі на магнітафон песні, якія потым апрацоўвалі для эстрады. Наколькі ведаю, творчыя вандроўкі былі па Мінскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Шмат цікавага матэрыялу сабрана на Палессі. На гэтым і базіраваўся рэпертуар «Песняроў». Увогуле, творчасць Мулявіна – ад зямлі, ад народных вытокаў, ад прыроды. Таму і народ яго любіў. Такі ён быў чалавек.

    Творчасць Уладзіміра Мулявіна і ансамбля «Песняры» даўно стала класікай. «Касіў Ясь канюшыну», «Белавежская пушча», «Зорка Венера», «Волагда»… Ствараючы ансамбль у 1968 годзе, Уладзімір Мулявін не мог нават ўявіць, што хутка стане вядомым на ўвесь Савецкі Саюз. І не толькі. Ансамбль пабываў з гастролямі ў многіх краінах свету. «Песняры» прынеслі славу культуры Беларусі, папулярызуючы нашу айчынную песню і паэзію.

    Автор: Михаил ДУБРАВИНМінская праўда
    Теги: 

Комментарии (0)