19 Апреля, 2024 Пятница

Рэха апладысментаў

  • 16 января 2016 Культура Беларуская 0

    Галоўнай музычнай падзеяй пачатку новага года брастаўчане жылі на працягу чатырох фестывальных дзён, з 9 па 12 сту-дзеня. Чаканы і любімы форум прынёс сустрэчу з класікай, падарыў незабыўныя ўражанні, стварыў святочны – сапраўды калядны – настрой.

    Віртуознае выканальніцкае майстэрства дэманстравалі на сцэне больш за 300 удзельнікаў фестывалю з 16-ці краін свету. 

    Нягледзячы на капрызы надвор’я ды іншыя форс-мажоры, без якіх такі буйны форум не абыходзіцца, магія класічнага мастацтва трыумфавала ў горадзе над Бугам. Тры аркестры, тры італьянскія тэнары, амерыканскі джаз Гары Гутмана і чароўная флейта Антоніа Амяндуні, хор “Кантатрыкс” з Нідэрландаў… Шапен, Рахманінаў, Ліст, Чайкоўскі, Глінка, Вэрдзі, Пучыні… Бадай, лепшага адкрыцця Года культуры, які стартаваў у Беларусі, наўрад ці прыдумаеш. 

    Галасісты студзень 

    28-я “Вечары” адметныя перш за ўсё вакальнай палітрай: такога багацця спевакоў форуму яшчэ не даводзілася прадстаўляць. У першы ж фестывальны дзень песцілі слых публікі сакавіты барытон Лукаша Гайдучэні з Польшчы,  вытанчаныя сапрана італьянкі Агнезэ Пацьентэ і грузінскай прыгажуні Кетэван Гавашэлі. Дарэчы, толькі італьянка патрабуе прадстаўлення: астатнія вакалісты ўжо гасцявалі на фестывалі раней. Цяпер і Агнезэ Пацьентэ можа ў сваю “скарбонку дасягненняў” (вучоба ў ЗША ў вядомага сапрана Зеані і кансерваторыі ў Перуджы, выступленні з маладзёжным аркестрам Гамбурга, Міжнародным аркестрам Рыма, перамога ў конкурсе Міжнароднага опернага тэатра Філадэльфіі на выкананне галоўнай ролі ў сусветнай прэм’еры оперы “Хільдэгарда – дзіця-прадказальніца”) дабавіць удзел у беларускім музычным форуме. 

    Эстафету высокіх нот і праніклівых інтанацый падхапілі ў наступны вечар нашы, брэсцкія,  Ніна Залатніцкая (мецца-сапрана), Таісія Засім (сапрана) і бас Раман Аглобін, якія ў сольных і групавых нумарах прымерылі розныя вобразы ды настроі. 

    Слодыч сапрана і майстэрскае ім валоданне прадэманстравала і Кацярына Старадуброўская, дацэнт Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, якая запомнілася слухачам яшчэ на мінулагоднім форуме сваім артыстызмам. А вось яе суайчынніца Марыя Максакава (мецца-сапрана), салістка Марыінскага тэатра, дыпламант і лаўрэат шматлікіх конкурсаў і фестываляў, вядучая перадачы “Рамантыка раманса” на канале “Культура”, стала чаканай госцяй на ўрачыстым закрыцці фестывалю. Руская прыгажуня  пакарыла публіку чысцінёй і сілай голасу, выканаўшы ў тым ліку і папуры з вядомых рамансаў. 

    Знакамітая Марыя Максакава царавала на фестывальнай сцэне ў атачэнні трох эфектных італьянцаў – Даменіка Стасі, Франчэска Тупа і Раберта Крэска. Арыі з вядомых опер і аперэт, рамансы, неапалітанскія песні гучалі ў выкананні італьянскага трыа непераўзыдзена. А сваёй маладосцю, элегантнасцю і паўднёвым тэмпераментам Франчэска і Раберта, якія ўпершыню прымалі ўдзел у брэсцкім класічным форуме, зачаравалі публіку. 

    Фартэпіяна –маладым!

    Сапраўдным адкрыццём сталі маладыя дэбютанты “Студзеньскіх вечароў”, якія па запрашэнні нязменнага мастацкага кіраўніка фестывалю, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Ліліі Батыравай выступілі ў Брэсце. Атрымаўшы такі карт-бланш – іх заўважыла і вылучыла сама Лілія Рыгораўна, перспектыўныя таленты трымалі марку: нават адзін з самых юных удзельнікаў фестывалю – польскі піяніст Пшэмыслаў Рэліга – справіўся з хваляваннем і сарваў гучныя апладысменты. 

    Зрэшты, фартэпіяна мела вялікую папулярнасць сярод маладых ды таленавітых. Так,  мініяцюрная калега Пшэмыслава, брастаўчанка Яўгенія Мацук сыграла паланез Шапена, а навучэнка 4 курса музкаледжа імя Р. Шырмы Таццяна Глушаніна  – сольную партыю з Першага канцэрта для фартэпіяна з аркестрам Рахманінава. Месца за інструментам не пуставала ва ўсе фестывальныя дні: выканаўцаў з Кітая Сяо Юань Юань і Чао Ло Мэн змяніў в’етнамец з Даніі Тоні Нуен, які парадаваў выкананнем Шапена. Фартэпіянны дуэт мінчан Юліі Ермалаевай і Канстанціна Арцёма прагучаў 10 студзеня проста віртуозна – слухачы падчас выканання, здаецца, затаілі дыханне. Маладыя музыканты стварылі непаўторную атмасферу, якая так пасавала Каляднаму балю, што неўзабаве закружыў у вальсе танцавальныя пары. 

    У выніку пераканаўчая ігра амбіцыёзнай моладзі зрабіла сваю справу: іх імёны годна прагучалі побач з мэтрамі і запомніліся чуйнаму да таленту слухачу. 

    Чароўная флейта

    Любімец брэсцкай публікі, першая флейта оперных тэатраў  Мілана і Рыма прафесар Антоніа Амяндуні, акрамя чароўнай флейты, прывёз сёлета ў горад над Бугам  сваю таленавітую вучаніцу Беатрычэ Мапа. Эфектная прыгажуня-бландзінка ў чырвонай сукенцы выканала сольную партыю “Травіяты”, а пазней “у дзве флейты” сыграла з педагогам. Дарэчы, дзяўчына – першая флейта ў філарманічным аркестры Рыма і дэманструе дасканалае валоданне інструментам. Сам маэстра Амяндуні прадставіў эксклюзіў – канцэрт для флейты з аркестрам французскага кампазітара Жуля Дэмерсмана.

    Між іншым, выступленне на “Студзеньскіх вечарах” для музыкантаў завяршылася воклічамі “Брава!”, дзякуючы ў тым ліку і высокаму майстэрству канцэртмайстра Кацярыны Матох. Перад ёю паставілі складаную задачу: літаральна за суткі  пазнаёміцца з партытурай і сыграць для італьянскіх флейтыстаў. І мінчанка бліскуча справілася – за што Лілія Батырава выказала ёй шчырую ўдзячнасць: “Такая разумніца – учора ўзяла ноты, а сёння так цудоўна сыграла – вось што значыць прафесіяналізм!”

    Дай джаза, Гары!

    Яшчэ адным “вяртальнікам” фестывалю стаў Гары Гутман – джаз-легенда, сусветна вядомы трубач, аўтар, выканаўца, карані якога, між іншым, з Беларусі (дзядуля знакамітасці родам з Мінска, а сам Гары Гутман нарадзіўся ў ЗША, жыў у Кана-дзе, а цяпер мае польскі пашпарт). Дыялог з публікай артыст вёў па-англійску і – на мове музыкі, так што непаразумення не назіралася. Абаяльны, харызматычны (“я часам такі амерыканец”), Гары Гутман спяваў, імправізаваў, іграў на трубе, дзяліўся сваімі эмоцыямі  ад наведвання Беларусі і абавязкова абяцаў прыехаць яшчэ (“Вы ж мяне запросіце?”). Зала не вытрымала такога шквалу музыкі, непасрэднасці, таленту і капітуліравала з гучнымі авацыямі. 

    Як і раней, Гары Гутман прыехаў у Брэст са сваім джаз-квартэтам, у складзе якога польскія музыканты, “іграць з якімі – мара кожнага польскага артыста” – так прадставілі джаз-бэнд публіцы). Аднак праграму калектыў прывёз новую – “Гары Гутман – Ганна Герман: два музычныя светы”. Прадстаўляла свет вядомай польскай спявачкі ў гэтым праекце Улада Удавічэнка з Украіны. Калі спявачка з Адэсы выйшла на сцэну, стала зразумела, чаму менавіта яна: той самы голас, тая самая пастава, аблічча… Не дзіўна, што адчуванне дэжавю не пакідала гледачоў – голасам Улады спявала актрыса, якая выконвала ролю Ганны Герман у вядомым серыяле “Ганна Герман. Тайна белага анёла”. Сама Улада падзялілася гісторыяй “сустрэчы” з польскай спявачкай, падчас якой Ганна Герман прадказала яшчэ не народжанаму дзіцяці выдатную будучыню – “блаславіла”: цяжарная маці Улады, таксама музыкант,  выпадкова пазнаёмілася з польскай спявачкай падчас яе гастроляў. 

    Такім чынам, у трэці фестывальны вечар любімыя мелодыі з рэпертуару  Герман суседнічалі з аўтарскімі песнямі ўкраінскай выканаўцы, а фінальную кампазіцыю Улады-“Ганны” падтрымаў на трубе сам Гары Гутман – і эфект быў узрушальны. Сапраўды, свет джаза і эстрады, двух такіх розных талентаў з’яднала музыка. 

    ***

    Відавочна, што міжнародны брэнд “Студзеньскія музычныя вечары” з яго багатымі шматгадовымі традыцыямі “рэзаніруе” ў свеце – выканаўцы з сусветнымі імёнамі зноў і зноў прыязджаюць у наш горад, каб прыняць удзел у знакавай культурнай падзеі, а для маладых талентаў фестываль становіцца трамплінам у высокае мастацтва. Ну, а публіка, да якой штогод далучаюцца новыя юныя меламаны, авацыямі пацвярджае: класіка – вечная каштоўнасць, якая не губляе сваёй сучаснасці. “Мы жывём не ў Маскве, не ў Мінску, а адчуваем сябе музыкальнай сталіцай!” – дзяліліся ўражаннямі наведвальнікі “Вечароў”, адрасуючы шматлікае  “дзякуй” арганізатарам класічнага форуму – Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, абласному і гарадскому выканаўчым камітэтам, абласному музычнаму таварыству – і яго нязменнаму кіраўніку Ліліі Батыравай. 

    Адгучаў апошні акорд. Узята заключная высокая нота. А ў зале Брэсцкага тэатра драмы, дзе традыцыйна праходзяць “Вечары”, здаецца, яшчэ лунае рэха апладысментаў…

    Автор: Алёна САЦУТАНародная трыбуна
    Теги: 

Комментарии (0)