06 Мая, 2024 Понедельник

Святлана Алексіевіч – на скрыжалях вечнасці

  • 28 января 2016 Культура Русский 0

    Навіна аб прысуджэнні беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч самай прэстыжнай сусветнай прэміі – Нобелеўскай – у пачатку кастрычніка 2015 года абляцела ўсю краіну, радасна ўскалыхнула сэрцы кнігалюбаў.

    З гэтай нагоды ў бібліятэцы Бронненскай сярэдняй школы была аформлена тэматычная выстава «Творы, прапушчаныя праз сэрца». Вучні старэйшых класаў і настаўнікі школы вельмі зацікавіліся ёю.

    – Я як бібліятэкар хацела парадавацца за нашу суайчынніцу, яе поспеху і паведаміць аб гэтай прыемнай навіне нашым чытачам, – гаворыць бібліятэкар школы Валянціна Палішчук.

    Даведка: быць лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, якая прысуджаецца ў канцы кожнага года Шведскай каралеўскай акадэміяй навук, прэстыжна і ганарова. Акрамя таго, дастаецца значная і велічная грашовая

    ўзнагарода. Альфрэд Нобель, вынаходца і вытворца дынаміту, рускі нафтапрамысловец, завяшчаў «выдаваць прэміі тым, хто за мінулы год прынёс найбольшую карысць чалавецтву». Першае прысуджэнне Нобелеўскай прэміі адбылося ў 1901 годзе. Сёлета названы 109-ы лаўрэат прэміі ў галіне літаратуры. Са 108 папярэдніх лаўрэатаў гэтай намінацыі толькі пяцёра – прадстаўнікі рускай літаратуры. Гэта І. Бунін (1933), Б. Пастэрнак (1958), М. Шолахаў (1965), А. Салжаніцын (1970), І. Бродскі (1987). Пасля распаду СССР у 1991 г. Нобелеўская прэмія (у галіне літаратуры) паэтам і пісьменнікам СНД не прысуджалася. Жанчыне ў галіне літаратуры Нобелеўская прэмія ўручаецца 14-ы раз, і ўпершыню нашай суайчынніцы С. Алексіевіч.  

    За які твор узнагароджана наша суайчынніца?

    Кніга С. Алексіевіч «Час сэканд-хэнд» – адна з галоўных культурных і грамадскіх падзей апошніх гадоў – стала заключнай у кніжным праекце пісьменніцы, які складаўся з 5 кніг і доўжыўся 40 гадоў. Творы пісьменніцы выдадзены на 20 мовах свету, у тым ліку ў ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Швецыі, Францыі, В’етнаме, Балгарыі, Індыі. С. Алексіевіч адзначана 30 літаратурнымі прэміямі, сярод якіх – амерыканскі літаратурны «Оскар», германская прэмія імя Рэмарка і Міжнародная прэмія Міра, французская «Сведка свету», аўстрыйская імя Гэрдэра, расійскі «Трыумф». І вось Нобелеўская прэмія «… за шматгалосае гучанне прозы і ўвекавечанне пакуты і мужнасці».

    Чым адметна творчасць літаратара?

    Творчасць С. Алексіевіч не мае аналагаў у свеце. Жанр літаратурна-дакументальнай, літаратурна-спавядальнай прозы рэдкі ў літаратуры, Алексіевіч узняла яго да класічных вяршынь, працавала, асвойвала сваю літаратурную дзялянку, залатым запасам таленту забяспечваючы радкі. Творчым настаўнікам яна лічыць Алеся Адамовіча (у гэтым жанры створаны яго творы «Я з вогненнай вёскі» ў садружнасці з У. Калеснікам і Я. Брылём, «Блакадная кніга» ў садружнасці з Д. Граніным). Кнігі С. Алексіевіч ашаламляльныя. Гэта не прыдуманыя гісторыі, а маналогі-споведзі рэальных людзей, якія расказваюць пра свае трагедыі. Увесь спектр найвялікшых перажыванняў душы даследуецца пісьменніцай праз рэальныя лёсы. Яе мікраскоп – праўда жыцця, аголеная, непрыхарошаная, паказаная буйным планам, маналогі пранікнённа шчырыя, шчымлівыя...

    Пра нас і час

    Першая кніга «У вайны не жаночы твар» пісьменніцы выйшла 30 гадоў таму, у 1985 годзе, да 40-годдзя Вялікай Перамогі. Назва яе даўно стала крылатай фразай, візітнай карткай не толькі пісьменніцы, але і самой тэмы вайны. Кніга заявіла аб сваёй неардынарнасці і адразу трапіла ў фонды бібліятэк у разрад краязнаўчай каштоўнасці, заняўшы пачэснае месца ў краязнаўчых кутках кніжніц.

    Кнігу «Чарнобыльская малітва» можна ставіць побач з творамі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, В. Быкава, У. Караткевіча. У ёй пададзены маналогі жанок, чые мужчыны, што працавалі пажарнымі, апынуліся ў пекле Чарнобыльскай станцыі, малітва жанок за іх жыццё, каханне, мацнейшае за радыяцыю. Бюст адважнага пажарнага, Васіля Ігнаценкі, стаіць на яго радзіме – у г.п. Брагін. Таксама яго бюст з’явіўся і ў г. Беразіно на вуліцы, названай у гонар В. Ігнаценкі.

    Кніга «Цынкавыя хлопчыкі» – аб удзельніках афганскіх падзей, у якой прадстаўлены маналогі афганскай удавы і маці, якая страціла ў Афганістане адзінага сына.

    Кнігі «Зачараваныя смерцю», «Апошнія сведкі» – гэта рэквіем па забітым вайной каханні, дзецях без дзяцінства, гэта жаночы праклён вайне.

    Апошняя кніга «Час сэканд-хэнд» выйшла паралельна ў многіх краінах. У свой час гэты дакументальны раман назвалі галоўнай падзеяй уплывовай у літаратурным свеце Франкфуртскай кніжнай ярмарцы. Гэта расповяд аб постсавецкім пакаленні. Аб пакутлівым пераломным усведамленні. А яшчэ аб вартасці і гонару.

    Час – самы праўдзівы крытык. Кожны твор сёлетняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі пераклікаецца з жыццём.

    Дарэчы кожная кніга С. Алексіевіч мае свайго чытача сярод суайчыннікаў – сталых і юных, сцвярджае Валянціна Палішчук.

    І яшчэ адна радасная вестка для бібліятэкараў і настаўнікаў, прыхільнікаў творчасці пісьменніцы: у наступным  навучальным годзе кнігі С. Алексіевіч будуць уключаны ў школьную праграму.

    Пісьменніца працягвае сваю літаратурную творчасць: працуе над новай, сёмай, кнігай пра каханне, знае, як знайсці сваю тэму і сказаць, каб пачулі.

    Автор: Алена АЎРУСЕВІЧДняпровец

Комментарии (0)