19 Апреля, 2024 Пятница

Як жылі беларускія вяскоўцы тысячу гадоў таму?

  • 01 февраля 2016 Культура Беларуская 0

    У канцы мінулага года Нацыянальная акадэмія навук, як звычайна, аб'явіла спіс з дзесяці найважнейшых вынікаў працы беларускіх навукоўцаў у 2015-м. Цікава, што ў топ побач з фізікамі, хімікамі і біёлагамі трапілі і айчынныя археолагі. Спецыялісты Інстытута гісторыі правялі велізарны аб'ём працы ў гісторыка-культурным комплексе X—XІІ стагоддзяў «Васілеўшчына» і знайшлі нямала рэчаў, якія могуць расказаць пра жыццё нашых продкаў. Пра незвычайны аб'ект і працу на ім гісторыкаў «Звяздзе» расказалі намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Вадзім ЛАКІЗА і загадчык аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Андрэй ВАЙЦЯХОВІЧ.

    — Раскажыце, з чаго пачалася праца на комплексе? Увогуле, ці даўно гісторыкі ведалі, што на гэтым месцы знаходзілася старажытнае паселішча?

    А.В.: — Пра тое, што пад сельскагаспадарчымі землямі на мяжы Мінскага і Дзяржынскага раёнаў захоўваюцца рэшткі старажытнага славянскага паселішча, мы ведалі прыкладна з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Але археалагічных работ дагэтуль там ніхто не праводзіў. Справу зрушыў пачатак будаўніцтва МКАД-2, якая па праекце павінна пралягаць якраз па тэрыторыі комплексу. Мы прынялі рашэнне правесці раскопкі на тым участку былога паселішча, дзе будзе знаходзіцца дарожнае палатно. Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН пад нашым кіраўніцтвам на працягу некалькі месяцаў даследавала помнік на плошчы больш як 2 гектары з агульных 10, якія займала гэтая буйная вёска.

    — Што было знойдзена на тэрыторыі Васілеўшчыны?

    А.В.: — 74 археалагічныя аб'екты, якія з'яўляюцца рэшткамі самых розных пабудоў: жылых, гаспадарчых, вытворчых… Сярод іх доменныя печы, запоўненыя шлакамі, — гэта значыць, жыхары старажытнай Васілеўшчыны актыўна займаліся плаўкай жалеза з балотнай руды. У астатніх аб'ектах знойдзена вялікая колькасць розных артэфактаў, якія шмат распавядаюць пра побыт жыхароў вёскі, што ўваходзіла ў ваколіцы буйнога горада — гістарычнага Менска, які знаходзіўся непадалёк, на рацэ Менцы.

    — У чым галоўная вартасць зробленай навукоўцамі працы?

    В.Л.: — Па-першае, гэта было адно з самых буйных даследаванняў сельскіх паселішчаў у гісторыі археалагічнай навукі Беларусі. І гэта пры тым, што раскопкі праводзіліся толькі на пятай частцы паселішча. Мы шмат даведаліся пра самыя розныя дэталі жыцця нашых продкаў. Скажам, аналіз згаданых 74 аб'ектаў пры дапамозе спецыяльных метадаў даў нам інфармацыю пра асаблівасці тагачаснага будаўніцтва. Цяпер мы ведаем форму жылых і гаспадарчых пабудоў, іх памеры, планіроўку. Два гектары, на якіх праводзіліся работы, дазваляюць нам аднавіць усю структуру самога паселішча: па якіх правілах размяшчаліся пабудовы рознага прызначэння, як забудоўвалася вёска і гэтак далей.

    Сама старажытная Васілеўшчына была незвычайным паселішчам. Адна яго частка пачала функцыянаваць прыкладна з X—XІ стагоддзя, другая з'явілася толькі ў XІІ. Якраз у гэты перыяд у тагачасным грамадстве адбываліся сур'ёзныя перамены — пераход ад абшчыннага ўкладу да феадалізму. І нашы знаходкі ў больш новай частцы вёскі гэта добра ілюструюць: у адной з сядзіб мы знайшлі зброю, рыштунак вершніка, упрыгажэнні з каштоўных металаў, якія сведчаць аб тым, што там жыў ужо не просты селянін, а княжацкі дружыннік. Менавіта прыклад Васілеўшчыны пацвярджае ранейшыя нашы тэорыі аб тым, як адбываўся пераход да прыватнага землеўладання.

    Акрамя таго, шэраг знаходак пацвярджае, што насельніцтва вёскі актыўна займалася і гандлем. Так, мы адшукалі арабскія дырхемы, шкляныя пацеркі і ўнікальныя пярсцёнкі… Яшчэ адна важная і ўнікальная знаходка — праселка з цёмнага нарвежскага мыльнага каменя. Усё гэта сведчыць аб тым, што тагачаснае насельніцтва вёскі мела наладжаныя гандлёвыя сувязі як з поўднем, прычым вельмі далёкім, так і з поўначчу.

    А.В.: — Трэба сказаць, што само месца, дзе знаходзілася паселішча, надзвычай унікальнае, і ўжо гэта робіць яго даследаванне вельмі важным. Адтуль усяго паўтара кіламетра да Пцічы, а сама Васілеўшчына знаходзіцца на рацэ Уса. Гэтыя рэкі адносяцца да вадазборных сістэм Дняпра і Нёмана і, адпаведна, да розных марскіх басейнаў. Менавіта тут праходзіць водападзел Чорнага і Балтыйскага мораў, а гэта значыць, месца для размяшчэння вёскі было выбрана вельмі ўдала — яе гаспадары кантралявалі найважнейшую гандлёвую магістраль і мелі сувязі практычна з усім светам.

    Ёсць і іншая ўнікальная асаблівасць — тут сутыкаліся зоны ўплыву розных племянных аб'яднанняў: крывічоў і дрыгавічоў. Дзякуючы гэтаму на Міншчыне сфарміравалася асаблівая славянская культура, якую, магчыма, нават варта было б вылучыць у якасці асобнай, бо яна вельмі моцна адрозніваецца ад іншых. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў Васілеўшчыне наша гістарычная навука займела новы апорны помнік славянскай культуры, і яго значэнне цяжка пераацаніць.

    — Ці можна казаць аб тым, што праца ў Васілеўшчыне ўжо завяршылася?

    В.Л.: — Вядома, не. Калі казаць пра навуковы аспект, то вынікі работы археолагаў будуць апрацоўвацца яшчэ доўга, не менш за год. У перспектыве гэта патрабуе асобнай манаграфіі, бо, як мы ўжо казалі, месца ўнікальнае. У кнізе трэба прааналізаваць усё тое, што патрабуе ўвядзення ў навуковы ўжытак. Плануем ініцыяваць і працу па ўключэнні комплексу ў спіс дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Ёсць і практычны плён — гэта ў першую чаргу артэфакты, якія папоўняць калекцыі нашых музеяў. Дарэчы, мы плануем зладзіць першую адмысловую выставу самых цікавых знаходак з Васілеўшчыны на Дзень навукі.

    А.В.: — Нават у плане археалогіі нам яшчэ ёсць чым заняцца на гэтым комплексе. Зусім побач знаходзяцца курганы, даследаванне якіх дасць нам звесткі пра пахавальны абрад і побыт тагачасных насельнікаў вёскі. Акрамя гэтага, мы даведаемся пра этнічную прыналежнасць жыхароў гэтай тэрыторыі. Пры дапамозе нашых генетыкаў зможам вызначыць і іх генатып, а гэта яшчэ большы аб'ём новых ведаў.

    — Магчыма, і ў 2016-м археолагі парадуюць нас новымі адкрыццямі і цікавымі знаходкамі?

    В.Л.: — Планы ў нас стандартныя, будзем працаваць ва ўсіх без выключэння рэгіёнах Беларусі. Вядома, важнае месца зойме будаўніцтва першага беларускага скансэна (археалагічнага музея пад адкрытым небам) у Белавежскай пушчы. Будуць праводзіцца работы на так званым Крывіцкім тарфяніку пад Бешанковічамі. Яшчэ адзін аб'ект на Віцебшчыне — Бірулі, унікальны комплекс, які дае шмат інфармацыі пра супрацоўніцтва крывічоў і русі (маецца на ўвазе гістарычная супольнасць, якая аб'яднала балцкія, фіна-ўгорскія і славянскія плямёны. — Аўт.). Працягнем працу на Падняпроўі, арганізуем даследаванні на тэрыторыі Мірскага замка. Сумесна з французскім бокам будзем працаваць на Студзёнцы. Не спыняюцца і работы ў абласных цэнтрах, у Мінску. Традыцыйна будзем ладзіць археалагічныя летнікі для школьнікаў, падчас якіх дзеці змогуць паўнавартасна паўдзельнічаць у раскопках.

    Автор: Яраслаў ЛыскавецЗвязда

Комментарии (0)