Учора Маладзечна афіцыйна атрымаў званне культурнай сталіцы Беларусі 2016 года. Адпаведны сертыфікат міністр культуры Барыс Святлоў уручыў старшыні райвыканкама Аляксандру Яхнаўцу. Цырымонія перадачы гораду сімвалаў рэспубліканскай акцыі прайшла ў Палацы культуры.
Маладзечна лічаць неафіцыйным культурным цэнтрам Міншчыны даўно: тут праходзяць значныя музычныя фестывалі і конкурсы. Горадам еўрапейскага ўзроўню называюць яго шматлікія замежныя госці. Наш уласны карэспандэнт наведала самыя адметныя культурныя і гістарычныя аб’екты города, сустрэлася з вядомымі дзеячамі культуры і мастацтваў. І пераканалася ў тым, што Маладзечна здолее пацвердзіць ганаровы статус культурнай сталіцы Беларусі.
Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец:
– Маладзечна – адзін з найстарэйшых гарадоў вобласці, які мае сваю шматвекавую гісторыю. І ў ёй цесна пераплятаюцца даты, падзеі, імёны. Сярод нашых культурных каштоўнасцей – шматлікія помнікі гісторыі і культуры, сучасныя спартыўныя, турыстычныя і культурныя аб’екты. А яшчэ – людзі, якія адраджаюць, захоўваюць, і прымнажаюць усё тое лепшае, што было народжана працай і талентам нашых продкаў.
Сёння ў маіх руках сертыфікат на права называцца культурнай сталіцай Беларусі 2016 года. І мы зробім усё магчымае для таго, каб тры сотні мерапрыемстваў, што пройдуць у Маладзечне ў межах рэспубліканскай акцыі, сталі цікавымі, запамінальнымі і абавязкова мелі свой стыль.

Комментарии (0)