24 Апреля, 2024 Среда

Баль у музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага

  • 08 февраля 2016 Культура Беларуская 0

    Першы сёлетні баль у музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага быў прымеркаваны да Калядаў і распачаўся традыцыйным паланэзам. Імпэту дзеі надавалі сябры конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора” на чале са сваім кіраўніком і духоўным натхняльнікам Паўлам Калінковым. А затым на працягу ўсіх чатырох аддзяленняў прысутныя даведваліся пра новыя і новыя разнастайнасці вальсаў і … вучыліся іх танцаваць: вальс-катыльён, вальс герцага Кентскага, вялікі фігурны, гішпанскі, кембрыджскі, шатландскі кругавы і яшчэ шмат, шмат, шмат.

    Асаблівасцю гэтага свецкага раўта было тое, што на яго завітаў сам кароль. Ролю караля польскага, вялікага князя літоўскага, рускага, прускага, мазавецкага, жамайцкага, кіеўскага, смаленскага, чарнігаўскага, падольскага, падляшскага і інш. Станіслава Аўгуста Панятоўскага пагадзіўся выконваць шаноўны госць з Брэста, вядомы пісьменнік, краязнаўца і выдавец Леанід Несцярчук. Ён не толькі прывітаў гаспадароў і гасцей, але і выказаўся ў абарону апошняга караля Рэчы Паспалітай, а потым адарыў падарункамі і ўручыў сапраўдны старажытны медаль дырэктару музея Людміле Градзіцкай.

    Як і мае быць на сапраўдным балі, дамам раздалі праграмкі-напамінальнікі, дзе побач з назвай вальса можна было ўпісаць імя кавалера, якому гэты танец паабяцаны. Рознакаляровыя катыльёнкі кавалеры прышпільвалі на лацкан пінжака або да мундзіра, а паненкі прывязвалі на руку. Гэта быў першы крок да інтрыгі. Далей кавалеры імкнуліся адшукаць “сваю” даму па адпаведнаму колеру катыльёнкі. Працягам інтрыгі былі спробы асобных мадмуазэлей памяняцца катыльёнкамі, каб стаць абранніцай таго ўлана, які больш спадабаўся. Безумоўна, па-за канкурэнцыяй былі ваяры 17 уланскага палка Вялікага Княства Літоўскага, дакладней – уніфар-місты, што займаюцца рэканструкцыяй падзей, у якіх гэты полк удзельнічаў. Пра тое, што ўланы — не толькі выдатныя танцоры, але і добрыя коннікі-ваяры, расказаў відэакліп на песню “Пагоня” Максіма Багдановіча ў выкананні Паўла Калінкова.

    Не абышлося без дуэлі. А пра майстэрства фехтавальшчыкаў меркавалі не па колькасці нанесеных праціўніку ўколаў, а па колькасці шампанскага ў фужэры, які дуэлянты павінны былі трымаць у другой руцэ падчас “высвятлення стасункаў”. Арбітрамі выступалі чароўныя дамы.

    Супернічаць можна было і тым, хто не валодае дасканала вострай зброяй. Напрыклад, памерыцца вастрынёй розуму за шахматнай дошкай ці за картачным сталом, гуляючы ў віст. Каму даводзілася прысутнічаць на папярэдніх балях у Залессі, ведаюць, што тут кожнаму госцю знойдзецца цікавы занятак. Пакуль адны танцуюць або занятыя салоннымі гульнямі, іншыя могуць разыграць партыю ў більярд, прагуляцца па пакоях і аранжарэях музея-сядзібы, пасядзець ва ўтульнай кавярні. Менавіта тут госці з Вільні распачалі рэпетыцыю перад сваім выступленнем у канцэртнай зале. Тут жа слынны маэстра з Маладзечна Рыгор Сарока парадаваў ігрой на фартэпіяна.

    Чым далей развівалася дзея, тым больш адраджалася атмасфера старажытнага вялікасвецкага балю. Танец з ружай змяняўся танцам з веерам, какетлівыя паненкі кідалі шматзначныя позіркі з-пад веераў, кавалеры не скупіліся, купляючы для іх жывыя кветкі ў прыгожай гандляркі. Кіраўніцтва мясцовага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” і адміністрацыя музея ладзілі аўкцыён, дзе выстаўляліся вырабы мясцовых майстроў і народных умельцаў.

    Парадавалі прыгожым выкананнем рамансаў аматары гэтага песеннага жанру з Вільні. У складзе дэлегацыі з суседняй краіны на баль прыехалі музыканты і спевакі, удзельнікі аматарскага аб’яднання. Іх прысутнасць, безумоўна, упрыгожыла імпрэзу і пакінула добры ўспамін у сэрцах прысутных.

    Чарговы баль мяркуецца правесці восенню. Менавіта ў гэту пару графам Міхалам Клеафасам Агінскім ладзіліся маскарады. Аднавіць яшчэ адну традыцыю збіраюцца кіраўнікі музея-сядзібы і мясцовага дабрачыннага фонду.

    Фота аўтара.

    Автор: Ала КЛЕМЯНОКСветлы шлях

Комментарии (0)