19 Апреля, 2024 Пятница

Мы кажам: Маладзечна! А чуем: Беларусь!

  • 09 февраля 2016 Культура Беларуская 0

    5 лютага наш горад афіцыйна прыняў эстафету культурнай сталіцы Беларусі-2016. Высокія службовыя асобы, вядучыя выканаўцы і  калектывы краіны сабраліся ў гарадскім Палацы культуры і разам з гледачамі сталі сведкамі гістарычнай падзеі.

    Як зазначыў са сцэны міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, на гэта высокае званне могуць прэтэндаваць многія гарады. Тым больш пачэсна для Маладзечна і яго жыхароў прымаць эстафету, якая з 2010 года крочыць па краіне.

    Першай культурнай сталіцай названы старажытны Полацк, затым былі Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна, Брэст (Глядзіце ўсе культурныя сталіцы). Старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай Красоўскі ад імя ўсіх землякоў павіншаваў маладзечанцаў і зазначыў, што за мінулы год у горадзе над Бугам прайшло звыш дзвюх тысяч мерапрыемстваў, многія з іх адбыліся ўпершыню. Значная частка была прысвечана знакавай даце – 70-годдзю Вялікай Перамогі.

    Сімвалічна, што наш горад удастоены такога высокага звання ў Год культуры. Атрымліваючы з рук міністра культуры сертыфікат аб прысваенні Маладзечну статусу культурнай сталіцы і яе сімвал – шкляную статуэтку бусла, старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец адзначыў, што гэта прызнанне шматгадовай працы маладзечанцаў, іх гордасць, але і адначасова вялікая адказнасць. Гаварыў кіраўнік раёна аб тым, што ў нас створана моцная база для правядзення свят на самым высокім узроўні. Аднак паняцце «культурнай сталіцы» трэба разглядаць нашмат шырэй. Гэта не толькі шматлікія мерапрыемствы, але ў першую чаргу культура жыцця, паводзін кожнага з нас, наша жаданне і ўменне зрабіць жыццё культурным.

    Чытайце матэрыялы рубрыкі «Год культуры».

    Правядзенне ў Маладзечне выязнога пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь яшчэ раз падкрэсліла статус нашага горада як культурнай сталіцы краіны. Тэма «Аб выніках дзейнасці ў 2015 годзе і праблемах развіцця сферы культуры Беларусі ў 2016 годзе (у кантэксце рэгіёнаў)» настройвала на дзелавую размову. Беларуская культурная прастора – галіна, у якой працуюць энтузіясты і адданыя сваёй справе людзі. Ім было што сказаць і пра дасягненні, і пра недапрацоўкі.

    ***

    Выстаўкі народнай творчасці, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва размясціліся ў Палацы культуры. Установы культуры і мастацтва, сродкі масавай інфармацыі, а таксама некаторыя прадпрыемствы прадставілі сваю творчасць на адметных экспазіцыях.

    «Жыццё даецца, каб жыццё тварыць»

    Рэфрэнам прагучалі гэтыя словы ў час грандыёзнага свята. Гонару адкрыць яго быў удастоены аркестр рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Тамары Бяльковай музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Вакальная група «Чысты голас», ансамбль «Спадчына», выканаўцы Алёна Ланская, Жанэт, лепшыя калектывы Міншчыны, госці з Брэста – сапраўднае суквецце талентаў на маладзечанскай сцэне.

    Прыемна, што сярод іх нямала было і нашых землякоў – кампазітар Алег Елісеенкаў, тэлевядучая Святлана Бароўская, якая разам з Дзмітрыем Карасём вяла свята, выпускнік мясцовага музычнага каледжа саліст «Масканцэрта» Валянцін Сухадолец.

    Прадстаўлялі наш рэгіён удзельнікі аднаго з найстарэйшых калектываў – легендарнага ансамбля песні і танца «Спадчына», музыкант Сяргей Ярук, пераможцы адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок», выхаванцы студый Палаца культуры.

    Яркай і запамінальнай стала кампазіцыя «Жаўраначка» ўладальнікаў Гран-пры розных гадоў конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Сярод іх прыемна было бачыць маладзечанцаў Алесю Кульша і Аляксандра Салаўёва.

    Фінальным акордам стала выступленне сімфанічнага аркестра музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі, хору каледжа. Нельга было не парадавацца за нашых таленавітых выканаўцаў, асабліва моладзь – артыстычную, прыгожую, упэўненую ў сабе і вельмі гарманічную. Мэтры сцэны могуць быць спакойнымі: слаўныя культурныя, духоўныя традыцыі маладзечанскага краю ёсць каму перадаць.

    Фота Аляксея Платко.

    «МГ»

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)