26 Апреля, 2024 Пятница

Венецыянскі карнавал на сценах школы

  • 19 февраля 2016 Культура Беларуская 0

    У Маладзечне ёсць таленавітыя педагогі-мастакі, якія стварылі эксклюзіўныя венецыянскія маскі, навучылі гэтаму дзяцей і наладзілі сапраўдны Венецыянскі карнавал, які ніколі не заканчваецца. Каб на яго трапіць, трэба падняцца ў фае другога паверха сярэдняй школы №1 імя Янкі Купалы.

    — Наш дырэктар Пётр Хроль выношваў ідэю-фікс: знайсці неардынарныя рашэнні для афармлення сцен доўгіх школьных калідораў і прасторных фае. Вось мы і пачалі ламаць галовы, чым усіх здзівіць, — расказваюць настаўніцы выяўленчага мастацтва Вольга Казунка і Кацярына Чырыца.

    У творчых пошуках нарадзілася тэма Венецыі, якую яны ўвасобілі ў  жыццё разам з шасцікласнікамі. Дзеці скупілі ў бліжэйшых магазінах увесь пластылін, старанна вылеплівалі з яго аснову для масак. Затым спасціглі сакрэты пап’е-машэ, слой за слоем наклейвалі на пластылінавыя нарыхтоўкі кавалачкі газетнай паперы, чакалі, пакуль яна засохне, і акуратна здымалі. Нарэшце, стаіўшы дыханне, размалёўвалі і ўпрыгожвалі свае творы. А заадно разам з педагогамі вывучалі амаль тысячагадовую гісторыю Венецыянскага карнавалу, даведаліся, якія разнастайныя бываюць маскі. Работы

    атрымаліся настолькі ўдалымі, што бацькам было шкада аддаваць іх. «Дома вы іх хутка закінеце на антрэсолі, а ў школе яны застануцца на дзесяцігоддзі», — змагла пераканаць дарослых Вольга Міхайлаўна. І сапраўды, юныя аўтары даўно закончылі школу, а іх работы да гэтага часу заклікаюць да творчасці новых вучняў. Цудоўная дама, Грамадзянін, Баута, Джокер, Кот і нават Доктар Чумы спраўляюць свой баль на другім паверсе. Яркія фарбы, вытанчанасць, палёт фантазіі… Нават не верыцца, што гэта рабілі дзеці.

    Нават пачаткоўцы ўдзельнічаюць у афармленні школы. Нядаўна яны разам з педагогамі ўпрыгожылі габеленамі фае першага паверха, дзе займаюцца малодшыя школьнікі. «Гэта не сапраўдныя габелены, а іх імітацыя. Спачатку ніткі для вязання дробна наразаюцца нажніцамі, а затым выкладваюцца згодна з сюжэтам і прыклейваюцца на ДВП. «Працэс працаёмкі, патрабуе шмат часу і сіл, але вынікі нас парадавалі», — расказваюць мастачкі. Вольга Міхайлаўна шаснаццаты год працуе ў школе, акрамя асноўнага прадмета, выкладае чарчэнне. Яна надзвычай захоплены і таленавіты чалавек, які ўмее зацікавіць вучняў, аб’яднаць калег. Кацярына Вячаславаўна прыйшла сюды восем гадоў таму: «Я адчула зацікаўленасць кіраўніцтва, падтрымку Вольгі Міхайлаўны, з якой мне вельмі камфортна працаваць, палюбіла дзяцей», — гаворыць малады педагог, якая выкладае не толькі выяўленчае мастацтва ў пачатковых класах, але і сусветную мастацкую культуру ў пяцікласнікаў. Дзякуючы тандэму гэтых творчых жанчын у інтэр’ерах першай школы з’явілася шмат цікавага. На Новы год усе вучні імкнуліся зрабіць сэлфі ля прыгожай кампазіцыі з аленем, запрэжаным у сані. На трэцім паверсе аформлена экспазіцыя старадаўніх вышыванак, якія збіралі ўсёй школай, прыцягваюць увагу рэльефныя пано з салёнага цеста. Пакой Янкі Купалы ўпрыгожвае пано з баціка. На другім паверсе ёсць свая мастацкая галерэя – дыпломныя работы вучняў, якія займаліся ў класе з мастацкім ухілам. На жаль, такія класы сучаснай школьнай праграмай не прадугледжаны.

    Педагогі вядуць і факультатыўныя заняткі з усімі жадаючымі. Ёсць у іх свой касцяк – юныя мастакі, з якімі яны размаўляюць на адной мове. Найпершая памочніца — адзінаццацікласніца Віка Завадская. Яна закончыла мастацкую школу, не раз перамагала ў розных конкурсах. У канцы мінулага года стала дыпламанткай міжнароднага конкурсу «ААН вачыма дзяцей». Сямікласніцу Аліну Каваленка настаўніцы з пяшчотай называюць «наш Куінджы». Радуюць сваімі поспехамі Валерыя Вусік, Каця Лобава і многія іншыя. Рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці займаюцца педагогі з вучнямі. Іх крэда: ствараць прыгажосць з недарагіх спадручных матэрыялаў. Жартуючы, гавораць, што нават кліч пусцілі па школе: усё смецце — да нас. Калегі і вучні прыносяць ім упакоўкі ад букетаў, розныя каробкі, паштоўкі. «У гасцях не забываем прыхапіць некалькі папяровых сурвэтак для дэкупажа», — раскрываюць свае сакрэцікі мае субяседніцы. І як вынік творчых пошукаў і памкненняў раскладаюць на стале маляўнічым веерам мноства найцудоўнейшых паштовак ручной работы. Разам з вучнямі яны ляпілі фігуркі, пано з салёнага цеста, дэкарыравалі шкляныя бутэлькі, спасцігалі сакрэты баціка. Адно з апошніх захапленняў — вялікія роставыя лялькі. Лабаранцкую сцеражэ Баба-Яга ў рост шасцікласніка, «чэзне над золатам» Кашчэй Бяссмертны. Персанажы настолькі праўдападобныя, што вучні вітаюцца з імі, як з жывымі людзьмі… Яны не раз выязджалі ў свет – на розныя выстаўкі ў час гарадскіх свят, фестываляў.

    «Усіх, хто праяўляе цікавасць да мастацтва, мы запрашаем на факультатыў. З цягам часу застаюцца тыя, каму гэта сапраўды цікава», — гавораць мае субяседніцы.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)