03 Мая, 2024 Пятница

Гавары са мной па-беларуску

  • 22 февраля 2016 Культура Беларуская 0

     Генеральная Асамблея ААН падтрымала рашэнне аб заснаванні Міжнароднага дня роднай мовы ў 1999 годзе і ён адзначаецца ва ўсім свеце з 2000-га. Паводле заключэння экспертаў ЮНЭСКА палова з існуючых у свеце шасці тысяч моў знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

    Для святкавання Міжнароднага дня роднай мовы дата 21 лютага абрана невыпадкова. У гэты дзень у 1952 го-дзе ў Пакістане загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне іх роднай мове “бангла” статуса дзяржаўнай. Пазней усходняя частка гэтай краіны стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

    Якое значэнне мае родная мова? Яна з’яўляецца адметнай рысай народа, асновай яго культуры, сімвалам самабытнасці і непаўторнасці. Нашы продкі пісалі свае філасофскія роздумы, мастацкія творы, успаміны аб мінулым  па-беларуску. Перапісвала кнігі і клапацілася аб іх распаўсюджванні Ефрасіння Полацкая, ствараў словы і прытчы “беларускі златавуст” Кірыла Тураўскі. Знакаміты асветнік і першадрукар сярод усходніх славян Францыск Скарына ў далёкай Празе друкаваў сваю першую кнігу на старабеларускай мове. На ёй жа быў напісаны, а затым надрукаваны выдатнейшы помнік заканадаўства ў Еўропе XVI стагоддзя – Статут Вялікага княства Літоўскага.

    Праз розныя выпрабаванні прайшло наша беларускае слова. Перыяд апалячвання або паланізацыі часоў Рэчы Паспалітай змяніўся палітыкай русіфікацыі, калі нашы землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Але мова жыла ў паўсядзённасці беларускай вёскі і буднях гарадоў, у літаратурных творах людзей, адданых са-праўдным нацыяльным каштоўнасцям, і ў самотных песнях сялян. Нельга выкараніць душу народа, нельга забараніць, знішчыць яго мову.  Шмат таленавітых літаратараў дала свету беларуская зямля. Творы Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа настолькі ярка  адлюстроўвалі жыццё беларусаў, дзякуючы выдатным якасцям роднай мовы: выразнасці і насычанасці, што, чытаючы іх, адчуваеш эфект прысутнасці, нібы сам удзельнічаеш у падзеях канца XIX – пачатку XX стагоддзяў.

    Барацьба за незалежнасць, рэвалюцыйныя падзеі, утварэнне  першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы – усё гэта знайшло ўвасабленне ў творах беларускіх пісьменнікаў, якія перакладаліся на замежныя мовы і знаходзілі сваіх чытачоў у іншых краінах. Гэта Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч.

    Нашы выдатныя майстры слова паказалі, як можна праз кнігу данесці да чытача ўвесь жах вайны і веліч подзвігу народа, які нават у такіх трагічных абставінах праяўляў свае лепшыя якасці.

    Літаратура – люстэрка жыцця, а слова – гэта сродак яго ўвасаблення, роднае слова…

    Калі наведваеш Музей беларускага кнігадруку ў Полацку, увагу  прыцягвае скульптура, якая сімвалізуе беларускую мову. Гэта велічная постаць прыгожай жанчыны з кнігай у руцэ, але палова гэтай выявы абязвечаная, нібы апаленая. Экскурсавод тлумачыць, што гэтая частка статуі па задуме аўтара адлюстроўвае цяжкія часы існавання нашай роднай мовы, калі яе спрабавалі выкараніць і знішчыць, забывалі і ганьбілі. А другая частка выявы, цудоўная ў сваёй натхнёнасці – гэта апты-містычны позірк у будучыню нашага беларускага слова, калі яно будзе квітнець і развівацца.

    Чаму ж мы, беларусы, цураемся свайго роднага, як бы здраджваем ўсяму таму лепшаму, што за-клалі ў падмурак беларускай культуры нашы продкі, асветнікі, пісьменнікі і паэты? Узгадваюцца словы Алеся Гаруна, выказаныя амаль сто гадоў таму, але актуальныя для нас сучасных:

    Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,

    Роднай мовы сваёй не цурайся;

    Як не зрокся яе пад прымусам,

    Так і вольны цяпер не зракайся.

    Родная мова патрабуе ўвагі і павагі не толькі ў дзень міжнароднага свята, а заўсёды. Таму будзе вельмі добра, калі ў наступны раз, сустрэўшы добрага знаёмага, пачынаючы размову, вы скажаце: “Гавары са мной па-беларуску”…

    Автор: Наталля ШКРЭДАВАІскра

Комментарии (0)