28 Марта, 2024 Четверг

Рыцары ХХІ стагоддзя

  • 24 февраля 2016 Культура Беларуская 0

    Як выглядалі нашы продкі літвіны ў далёкім XIV стагоддзі? Чаму можна павучыцца ў татарскіх воінаў, якія былі на ратнай службе ў Вялікім Княстве Літоўскім? Што такое калантар, понажы? Ці магчыма самому зрабіць кальчугу і выкаваць меч? Гэта ведаюць удзельнікі сярэдневяковага ваенна-гістарычнага клуба «Воіны ВКЛ», створанага маладзечанскімі энтузіястамі на базе дзіцячага цэнтра культуры «Расток».

    «Ведаеце, што такое імпрынт? Так псіхолагі называюць вопыт, які накладвае адбітак на паводзіны чалавека, фарміруе яго перакананні. Для мяне ў 15 гадоў імпрынтам стаў фестываль сярэдневяковай культуры ў Заслаўі, на які я трапіў упершыню», — успамінае адзін з актывістаў «маладзечанскага сярэдневякоўя» Максім Шчамялёў. І адразу ж папярэджвае: «Толькі не называйце мяне рыцарам! Не ўсялякі чалавек, закаваны ў жалеза, ім з’яўляецца. Я займаюся гістарычнай рэканструкцыяй Залатой Арды: гэта цячэнне цяпер не менш папулярнае сярод аматараў даўніны, чым рыцарства ў пачатку двухтысячных».

    Вярнуўшыся пад моцным уражаннем з Заслаўя, Максім пазнаёміўся з удзельнікамі маладзечанскага клуба гістарычнай рэканструкцыі, зацікавіўся эпохай праўлення Вітаўта, князя Вялікага Княства Літоўскага. Знаходзіў літаратуру, якой не так і шмат. Дапамагалі ўявіць тагачасных воінаў гістарычныя раманы Вольгі Іпатавай. Як сімвал першых крокаў у далёкую мінуўшчыну і ўласнай настойлівасці Максім захоўвае самастойна зробленую з дроту кальчугу. Яна важыць 15 кілаграмаў, і ў ёй даволі цяжка весці бой – трэба мець добрую фізічную загартоўку.

    Цяпер у яго больш даска    налыя даспехі, якімі, як і   сваёй бясстрашнасцю,  вызначаліся татарскія воіны. Многія ўспрымаюць іх выключна як захопнікаў рускіх зямель. Між тым у часы ВКЛ яны аселі ў нашых краях, абаранялі іх нараўне з княжацкімі войскамі, за службу атрымлівалі зямлю, пра што сведчаць розныя пісьмовыя крыніцы. Большасць са свайго цяперашняга абмундзіравання Максім купіў у майстроў, якія спецыялізуюцца на рэканструкцыі Залатой Арды. Калантар, халат, цюбецейка, скураныя чаравікі, понажы, наплечнікі — усе гэтыя рэчы нятанныя, цэны арыентаваныя на еўрапейскага, расійскага пакупніка. Тое ж можна сказаць і пра імітаваную зброю – шаблю, меч ці палаш. «Фінансы – не галоўнае. Калі чалавек па-сапраўднаму захоплены, ён знойдзе спосаб, як раздабыць тое ці іншае адзенне, аксесуар», — перакананы мой субяседнік. Многае ён, як і яго сябры, майструе сам. Максім разбіраецца ў метале, ён працуе зваршчыкам на ЗАТ «Струм». Акрамя баявога мастацтва, нашы землякі вывучаюць быт, кухню той эпохі. У іх ёсць намер зрабіць юрту, у якіх жылі качавыя татарскія воіны, праўда, у Беларусі цяжка знайсці для яе спецыяльную воўну. Спрабавалі гатаваць айран – кісламалочны напітак, шурпу – густы суп з бараніны з дамашняй локшынай (лапшой), зялёны чай з малаком, соллю, маслам.

    Захапленне старажытнасцю прывяло Максіма Шчамялёва на гістарычны факультэт Полацкага ўніверсітэта, дзе ён дыстанцыйна займаецца на завочным аддзяленні. «Вельмі рады, што вучуся менавіта ў Полацку. Там усё дыхае даўніной: наш факультэт знаходзіцца ў былым езуіцкім калегіуме, дзе пасля быў кадэцкі корпус, літаральна за 300 метраў ад Сафійскага сабора».

    Папулярызацыя нашай гісторыі – адна з мэт удзельнікаў ваенна-гістарычнага клуба. У Максіма нямала аднадумцаў: Раман Сівіцкі, Анастасія Абрамчык, сям’я Шоць – Аляксандр, Руслан, Анатоль. Летам маладзечанцы ўдзельнічалі ў першым фестывалі сярэдневяковай культуры «Гонару продкаў», які праходзіў у Вілейцы. У яго рамках праходзілі не толькі паказальныя выступленні воінаў, але і сапраўдныя турніры паміж імі.

    Каб удзельнічаць у паядынку, трэба мець выдатную фізічную форму. Максім займаецца гістарычным фехтаваннем, дапамагае асвоіць яго сябрам. Калі яны паказваюць фрагменты турніраў у час сваіх выступленняў на дабрачынных пачатках перад землякамі, суддзямі з’яўляюцца гледачы: каму больш апладзіруюць — той і перамагае. Праўда, Максім з усмешкай заўважае, што татарскія воіны заўсёды ў нявыгадным становішчы: публіка больш падтрымлівае літвінаў.

    На пытанне, што дае яму захапленне, мой субяседнік гаворыць: «Гэта тое, дзеля чаго я прачынаюся кожную раніцу. Немагчыма жыць, калі нічым не цікавішся. Схема «зарабіў – купіў – з’еў», руціннае жыццё не для мяне».

    У Максіма і яго сяброў шмат планаў: стварыць школу гістарычнага фехтавання, музей сярэдневяковай культуры, распачаць экскурсійную дзейнасць. Адну за адной яны ажыўляюць таямнічыя старонкі нашай гісторыі, набліжаюць да нас сівую даўніну…

    Фота: уласны архіў Максіма ШЧАМЯЛЁВА.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)