26 Апреля, 2024 Пятница

Шукаць натхненне ў сярэдневяковай класіцы

  • 26 февраля 2016 Культура Беларуская 0

    Удзельніца гурту «Cтары Ольса», былая навучэнка музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Марыя Шарый расказала, чым запомнілася ёй студэнцтва і як трапіла ў «Стары Ольса».

    Беларускія народныя балады і ваяцкія песні, творы беларускіх кампазітараў эпохі Рэнесанса, кампазіцыі з беларускіх збораў прыдворнай музыкі і канты ХVI — пачатку XVII стагоддзя… Усё гэта гучыць на канцэртах гурту «Cтары Ольса», які іграе сярэдневяковую беларускую музыку ўжо больш за пятнаццаць гадоў. Стварыў калектыў гамяльчанін Дзмітрый Сасноўскі. Ён і абраў такую незвычайную назву, якая паходзіць ад назвы ручая ў заходняй Магілёўшчыне.

    Сёння «Стары Ольса» вядомы не толькі ў Беларусі. Гурт супрацоўнічае з рознымі музеямі і даследчымі цэнтрамі, з’яўляецца пастаянным удзельнікам міжнародных фестываляў сярэдневяковай культуры ў краінах СНД і Заходняй Еўропы. Але галоўная асаблівасць музыкантаў, якая прынесла ім вядомасць, — выкананне мелодый на рэканструяваных копіях інструментаў, большасць з якіх была забытая. Дуды і ліры, гуслі і жалейкі, варганы, акарыны і сурмы, берасцяная труба і барабаны… У Вялікім Княстве Літоўскім, часткай якога была Беларусь, існаваў унікальны сінтэз народнай і прыдворнай музыкі з еўрапейскімі музычнымі дасягненнямі. Каб адрадзіць гэту культурную асаблівасць, удзельнікі гурту спалучаюць гучанне старажытных беларускіх інструментаў з агульнаеўрапейскімі музычнымі традыцыямі. Прыемна адзначыць, што флейтыстка Марыя Шарый да таго як стаць удзельніцай гурту, вучылася ў музычным каледжы імя М.К. Агінскага. Яна расказала нам, чым запомнілася студэнцтва і як трапіла ў «Стары Ольса».

    Работа над сабой

    Большасць падзей у маім жыцці адбываецца выпадкова. Калісьці сяброўка прывяла мяне ў музычную школу, затым сястра падштурхнула прадоўжыць навучанне ў музычным каледжы. Падрыхтоўка да паступлення ператварылася ў складаную работу над сабой. У пэўны момант я нават хацела ўсё кінуць, але на сітуацыю паўплываў шчаслівы выпадак: у тым годзе я стала адзінай абітурыенткай па класе флейты ў музычным каледжы імя М.К. Агінскага.

    Студэнцтва прыгадваю часта. Гэта яркія і насычаныя на цікавых людзей і падзеі гады. Мне імпанавала творчая атмасфера, захапляла рознабаковасць і таленавітасць навучэнцаў. А яшчэ я жыла ў інтэрнаце. Гэта асобны свет і школа жыцця.

    Вялікі гонар

    У час навучання я іграла ў трох аркестрах: духавым, сімфанічным і цымбальным. З апошнім упершыню трапіла за мяжу – на міжнародны фестываль у Францыі. Нам выпаў гонар адкрываць яго сольным канцэртам. Маці да гэтага часу захоўвае французскую газету з артыкулам пра гэта выступленне. Акрамя вялікай колькасці новых знаёмстваў і ўражанняў ад паездак, я атрымлівала даплату да стыпендыі за ігру ў трох аркестрах. Для мяне гэта быў вялікі гонар!

    Пасля каледжа размеркавалася ў школу ў гарадскім пасёлку Плешчаніцы. Работа з дзецьмі была цікавай і пазнавальнай. Але хутка я адчула недахоп ведаў і паступіла на вочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У выхадныя працягвала займацца з дзецьмі ў Плешчаніцах.

    «А муж адпусціць на гастролі?»

    Калі вучылася на чацвёртым курсе ўніверсітэта, мне патэлефанаваў лютніст «Старога Ольсы» Ілья Кубліцкі: гурт шукаў флейтыстку і запрасіў мяне на праслухоўванне.

    Іграць перад пяццю хлопцамі было складана. Я хвалявалася, але справілася. Калі адыграла, першае пытанне да мяне было: «Што будзеш рабіць, калі муж не дазволіць паехаць на гастролі?». Адказала, што ніхто не забароніць мне займацца любімай справай. Гэтыя словы і сталі апошнім аргументам на маю карысць.

    Гурт заснаваў у 1999 годзе Дзмітрый Сасноўскі (трэці справа). Менавіта ён з’яўляецца перакладчыкам старадаўніх тэкстаў песень з рэпертуару «Старога Ольсы».

    Маё дэбютнае выступленне адбылося праз некалькі месяцаў пасля праслухоўвання. Давялося тэрмінова асвойваць новыя інструменты і ўваходзіць у рэпертуар – ужо тады ён складаў некалькі дзясяткаў кампазіцый. А мой першы міжнародны сярэдневяковы фестываль быў у Польшчы. Кірмаш майстроў, рыцарскія баі, старадаўнія забавы, музыка, танцы… Гэта захапляла!

    Поўныя залы нават у крызіс

    «Стары Ольса» — вялікае хобі для душы. У кожнага ўдзельніка гурту ёсць асноўная работа, якая ў большасці з іх не звязана з музыкай.

    За час існавання гурт набыў папулярнасць і за межамі Беларусі. Радуе, што павялічваецца колькасць выступленняў на радзіме, наша музыка падабаецца моладзі. Можна нават гаварыць пра кола фанатаў, якія ходзяць на канцэрты і ў крызісныя часы. Цікава чытаць у сацсетках уражанні тых, хто пачуў нас упершыню. Прыемна чуць падзякі, знаёміцца з публікай, раздаваць аўтографы…

    «Еўрабачанне»? Добры жарт!

    Так гурт адрэагаваў на маю прапанову ўдзельнічаць у праекце. Мы абмеркавалі і вырашылі, што гэта не наш фармат.

    У пачатку сваёй творчасці акрамя арыгінальных старадаўніх мелодый гурт ствараў і аўтарскую сярэдневяковую музыку. Цяпер шмат ідэй бяром з «Полацкага сшытка». Гэта своеасаблівы збор хітоў XVI – пачатку XVII стагоддзя. Складаецца ён з песень, танцаў і кантаў. У ім шмат цікавых мелодый, якія яшчэ нідзе не гучалі. Некаторыя кампазіцыі маюць вельмі дзіўныя назвы, а іх сэнс цяпер амаль незразумелы. Увогуле, сярэдневяковую музыку ніхто не запісваў: лічылася ганебным двойчы аднолькава выконваць адну і тую ж мелодыю. Таму кожны музыкант імправізаваў. Магчыма, з-за гэтага ў «сшытак» трапілі толькі пачаткі куплетаў, бо песні лічыліся агульнавядомымі, запісваць іх было бессэнсоўна. Напэўна, так нашы продкі разумелі папулярнасць.

    Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.

    Фота прадаставіла Марыя Шарый.

    Автор: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)