18 Апреля, 2024 Четверг

Лагайчанка са "Старага Ольсы"

  • 05 марта 2016 Культура Беларуская 0

    Стары Ольса – так называецца ручай на захадзе Магілёўшчыны і гурт беларускай сярэднявечнай музыкі, заснаваны 17 гадоў назад музыкантам, гісторыкам Зміцерам Сасноўскім. Дзякуючы гэтаму калектыву айчынная і замежная публіка пачула беларускія народныя балады і ваярскія песні, творы нашых кампазітараў эпохі Рэнесансу, п’есы са зборнікаў прыдворнай музыкі («Полацкі сшытак», «Віленскі сшытак»), канты ХVI-пачатку XVII стст., а таксама еўрапейскія папулярныя мелодыі эпохі Сярэднявечча і Рэнесансу.

    “Стары Ольса” працуе над рэканструкцыяй музычных традыцый Вялікага княства Літоўскага, таму ўся творчасць гурта грунтуецца на гістарычных крыніцах. Каб перадаць дух эпохі, музыканты выкарыстоўваюць максімальна дакладныя копіі многіх забытых інструментаў (дуда (валынка), гуслі, жалейка, варган, акарына, сурма, гудок і інш.), апранаюць прыгожыя сярэднявечныя строі. Гурт плённа супрацоўнічае з рыцарскімі клубамі, музеямі, даследчыцкімі цэнтрамі, майстрамі старадаўніх інструментаў, іншымі гуртамі і асобнымі выканаўцамі, тэатрамі агню. Ён актыўна выступае на розных канцэртных пляцоўках. Усяго ў творчай скарбонцы яго – 11 альбомаў і  музычны праект.

    У апошнюю пятніцу лютага музыканты выступілі з камерным канцэртам у Доме-музеі Ваньковічаў у Мінску. Увазе публікі былі прадстаўлены творы вядомых кампазітараў-лютністаў XVI–XVII стст.  падчас выступлення музыканты расказвалі  пра аўтараў, а таксама пра гісторыю інструментаў, на якіх выконваліся прыдворныя мелодыі. Так, напрыклад, слухачы даведаліся, што лютневая камерная музыка была вельмі папулярнай у тагачаснай Еўропе, асабліва ў Італіі. А на беларускіх землях яна распаўсюдзілася дзякуючы жонцы вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І каралеве Боне Сфорцы, якая была італьянкай па паходжанні.

    Для тых, хто раней чуў “Старога Ольсу” толькі ў запісах ці на вялікіх пляцоўках, вечар лютневай музыкі стаў сапраўдным адкрыццём. Утульнае памяшканне, адносна невялікая аўдыторыя, адсутнасць гукаўзмацняльнай апаратуры дазволілі адчуць хараство даўніх мелодый і тэкстаў. І гэта ўсё дзякуючы Ілью Кубліцкаму, які іграў на лютні, Алесю Чумакову (рэбек, колавая ліра, вакал), Аляксею Войцеху (барабаны, перкусія). А наша зямлячка, лагайчанка Марыя Шарый у той вечар цудоўна іграла на флейце. З ёй атрымалася пагутарыць пасля таго, як усе жадаючыя набылі пасля канцэрта дыскі і кнігі па гісторыі беларускай музыкі.

    Удзельніцай “Старога Ольсы” я стала ў 2007 годзе, – расказала Марыя. – Тады якраз шукалі флейтыстку, і нечакана для мяне патэлефанаваў Ілья Кубліцкі, які запрасіў іграць з імі. Я ў той час вучылася ва ўніверсітэце культуры і вельмі ўзрадавалася, бо даўно была аматаркай “Старога Ольсы”. Камерная музыка часоў ВКЛ – мая любімая. У ёй прыгожая гармонія, выкшталцоныя мелодыі, дзе кожны інструмент – гэта асобны голас са сваёй роляй і гісторыяй.

    Да прыходу ў гурт Марыя Шарый працавала ў некалькіх калектывах БДУ, у музычнай школе ў Бараўлянах. А пачынаўся яе музычны шлях у Лагойску, дзе яна навучылася іграць на флейце у дзіцячай школе мастацтваў, прадоўжыўся – у Мала-дзечанскім музвучылі-шчы. Пасля яго заканчэння Марыю размеркавалі ў Плешчаніцкую школу мастацтваў, дзе маладая выкладчыца знаёміла дзяцей з разнастайнымі народнымі духавымі інструментамі, якія прывозіла на ўрокі.

    Сёння творчы шлях таленавітай флейтысткі працягваецца ў “Старым Ольсе”. Марыя прызналася, што супрацоўніцтва з гуртом – гэта не асноўная яе дзейнасць, таму што ў сучасных рэаліях зарабляць музыкай вельмі складана. І кожны з 6-ці ўдзельнікаў калектыву мае іншую работу, у некаторых яна нават не звязана з музыкай. Аднак гэта не перашкаджае гурту развівацца. Па словах музыканткі з Лагойска, раней “Старога Ольсу” можна было пачуць больш у суседніх краінах (Польшчы, Украіне, Літве, Расіі), дзе старадаўняя музыка надзвычай запатрабаваная. А ў апошнія 3 гады гурт стаў часцей выступаць на Радзіме, і ў яго ёсць свая ўдзячная публіка, якая заўсёды ахвотна прыходзіць на канцэрты.

    У бліжэйшых планах “Старога Ольсы” – прэзентацыя новага альбома, – паведаміла Марыя. – Яна адбудзецца 15 красавіка ў Мінскім тэатры эстрады. Падчас канцэрта прагучаць усе кампазіцыі з новага альбома і даўно вядомыя, любімыя слухачамі, творы.

    А яшчэ мы запусцілі вялікі праект, штуршком да якога стала неверагодная колькасць водгукаў з замежжа. Яго гісторыя пачалася год таму, калі “Старому Ольсу” паступіла прапанова сыграць твор “Metallica” на сярэднявечных інструментах для тэлевізійнага праекта “Легенды. Live”. Тое, што ў выніку атрымалася, выклікала выбух папулярнасці. Дзякуючы арыгінальнай кавер-версіі наша вядомасць распаўсюдзілася па ўсім свеце, пачалі прыходзіць прапановы ісці ў дадзеным накірунку далей. І мы вырашылі афіцыйна выдаць эксперыментальны альбом рок-кавераў, у які ўвойдуць песні гуртоў “Metallica”, “Pink Floyd”, “Red Hot Chili Peppers”, “The Beatles”, “Deep Purple”, “Nirvana”. Ён будзе каштаваць нятанна з улікам выплаты ганарараў аўтарам гэтых песень, таму мы запусцілі праект па зборы сродкаў на адной з вядомых міжнародных краўндфандынгавых платформ, каб нас маглі падтрымаць прыхільнікі з усяго свету. Верым, што ўсё атрымаецца!

    У “Старога Ольсы” сапраўды ўсё атрымаецца, бо, як стала вядома на гэтым тыдні, за 3 дні пасля запуску праекта ўжо была сабрана амаль трэцяя частка ад патрэбнай сумы, а збор сродкаў будзе працягвацца да 27 сакавіка.

    А ў тым, што сучасная рок-музыка ў сярэднявечнай аранжыроўцы гучыць шыкоўна, можна было ўпэўніцца падчас канцэрта ў Доме Ваньковічаў, які завяршыўся хітом ліверпульскай чацвёркі “Yesterday» унепаўторным гучанні лютні, рэбека і флейты.

    Алена МАСЦЕРАВА.

    Автор: Алена МасцераваРодны край
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)