26 Апреля, 2024 Пятница

Развіталіся с зімой

  • 10 марта 2016 Культура Беларуская 0

    У рамках рэалізацыі ў Полацкім раёне праекта міжнароднай тэхнічнай дапа­могі ЕС/ПРООН «Са­дзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» у вёсцы Экімань адбыліся «Праводзіны зімы на сельскай сядзібе». Ганаровымі гасцямі свята сталі  кіраўнік Консульства Лат­війскай Рэспублікі ў г.Віцебску Угіс Скуя, старшыня Экіманскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Скрыган і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Аляксей Клінішоў. 

    Гаспадыня аграэкасядзібы «Лука» Алена Пруднячонак запрасіла прыехаўшых гасцей — прадстаўнікоў турыстычных аргані­зацый, сродкаў масавай інфармацыі, экскурсаводаў, гаспадароў аграэкасядзіб, усіх зацікаўленых, і хто мае дачыненне да развіцця турыстычнай сферы ў Полацкім раёне — прыняць удзел у звычаях і традыцыйных гуляннях, прымеркаваных да Праводзінаў зімы, якія жыхары вёскі Экімань беражліва захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне. 

    Інтэрактыўную праграму прадставілі самадзейныя артысты з вёскі Шпакоўшчына Астроўшчынскага сельсавета. Прыехаўшыя на свята навучэнцы Полацкага каледжа ВНУ «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава» і ўсе жадаючыя госці з задавальненнем слухалі цудоўныя песні, удзельнічалі ў прапанаваных конкурсах, завязвалі рознакаляровыя стужкі на пудзіла Масленіцы, каб разам з ім згарэла ўсё дрэннае, што было ў мінулым годзе.

    Кіраўнік Консульства Латвійскай Рэспублікі ў г.Віцебску Угіс Скуя расказаў, што на свяце «Праводзіны зімы» ў Беларусі ён прысутнічае ўпершыню і вельмі задаволены ўбачаным. Сам з задавальненнем вадзіў карагод вакол пудзіла Масленіцы, частаваўся гарачай гарбатай на зёлках. Замежны госць выказаў упэўненасць, што міжнародныя праекты, у якіх удзельнічаюць Полацк і населеныя пункты Латвіі, паспяхова рэалізуюцца таму, што тут, у старажытным горадзе, працуюць нераўнадушныя да развіцця дружбы паміж народамі людзі — Аляксей Клінішоў, Наталля Сініца, Алег Хвежанка і іншыя.

    Гаспадыня аграэкасядзібы прапанавала гасцям пачаставацца блінамі з гарбатай. Ня­гледзячы на тое, што Масленічны тыдзень яшчэ наперадзе, у Экімані гэтае свята ўжо суст­рэлі. Напэўна, сяльчанам вельмі хочацца, каб хутчэй прыйшла вясна.

    Дарэчы, толькі сыдзе снег, у гэтым населеным пункце будуць упарадкаваны тэрыторыя былой панскай сядзібы і крыніца з гаючай вадой, з’явяцца аб’екты экскурсійнага паказу. Мера­прыемствы мясцовай ініцыятывы «Стымуляванне развіцця ўнутранага і міжнароднага турызму ў в.Экімань з дапамогай захавання, прасоўвання культурнай, прыроднай і гістарычнай спадчыны ўнікальных сельскіх тэрыторый і пазіцыянавання сучаснага патэнцыялу як эфектыўнага інструмента перспектыўнага ўстойлівага развіцця мясцовасці» стартавалі ў лютым.

    Автор: Алина БольшаковаПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)