19 Апреля, 2024 Пятница

Шляхецкі баль, салодкі камплімент

  • 11 марта 2016 Культура Беларуская 0

    Калі юнаку на балі спадабалася дзяўчына, ён рабіў ёй салодкі камплімент. Менавіта гэта лягло ў аснову маладзёжнага шляхецкага балю, які нядаўна прайшоў у Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К. Агінскага.

    Мерапрыемства – своеасаблівая абарона дыпломнай работы выпускніцы факультэта рэжысуры, абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алесі Каролік. Яна пастаралася пазнаёміць моладзь з багатай культурнай спадчынай нашых продкаў.

    Баль ладзіўся ў форме тэатралізаванага прадстаўлення, дзе ўдзельнікі і гледачы маглі далучыцца да танцаў і гульняў. А. Каролік адзначае, што ўсе навучэнцы каледжа, якія былі задзейнічаны ў падрыхтоўцы мерапрыемства, вельмі адказна паставіліся да рэпетыцый.

    «Мы развучвалі ў асноўным вядомыя танцы — паланэз, вальс, катыльён», — расказвае Алеся. Многія хлопцы і дзяўчаты ўжо ўмелі танцаваць паланэз, таму падрыхтоўка не заняла шмат часу.

    Шляхецкі бал – першае маштабнае мерапрыемства Алесі Каролік у якасці яго аўтара і выканаўцы. Да гэтага дзяўчына часта была асістэнтам галоўнага рэжысёра мінскага Палаца культуры чыгуначнікаў, а таксама праходзіла практыку ў адной са сталічных школ з тэатральным ухілам. Яна спадзяецца, што баль спадабаўся навучэнцам і адміністрацыі маладзечанскага каледжа і стане традыцыйным мерапрыемствам.

    «Беларуская культура — невычэрпная скарбонка творчасці, — гаворыць Алеся. — Таму гэта багацце нашай культурнай і народнай спадчыны адлюстроўваю ў сваіх праектах і навукова-даследчых работах».

    У мерапрыемстве ўдзельнічала каля ста чалавек. Акрамя танцавальнай часткі, госці балю паслухалі рамансы на беларускай, італьянскай, нямецкай мовах, даведаліся пра папулярныя на шляхецкіх сустрэчах гульні, а таксама прызналіся ў сваіх сімпатыях праз салодкія кампліменты.

    Тэкст і фота: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.

    Автор: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)