19 Апреля, 2024 Пятница

Хутка выйдзе кніга Рыгведы ў перакладзе з санскрыту на беларускую мову

  • 21 марта 2016 Культура Беларуская 0

    Рыхтуецца да выдання першая кніга Рыгведы ў перакладзе на беларускую мову.

    Ёсць пераклады, якія не толькі ўзбагачаюць нацыянальную літаратуру сюжэтамі і сэнсамі, але і з'яўляюцца пэўнага кшталту гонарам для культуры, мовы народа. У ліку падобных знакавых кніг, што пабачылі свет цягам апошніх гадоў, можна згадаць англа-саксонскі эпас «Бэўвульф», перакладзены на беларускую Антонам Францішкам Брылём, і фінскую «Калевалу», якая летась выйшла па-беларуску ў перастварэнні Якуба Лапаткі. І вось — новая знакавая падзея для айчыннай культуры. Зроблены паэтычны беларускамоўны пераклад першай кнігі старажытнаіндыйскай «Рыгведы». Аўтар перакладу — паэт, філолаг, санскрытолаг Ігар КУЛІКОЎ.

    Пра тое, чаму менавіта паэтычны пераклад «Рыгведы» ўводзіць беларускую мову ва ўмоўны «Клуб вялікіх», чаму перакладчыку давялося прыдумаць новы стыль беларускай мовы і як «Рыгведа» паўплывала на яго ўласны паэтычны голас — наша сённяшняя гутарка з Ігарам.

    — Як атрымалася, што для перакладу ты выбраў такі грандыёзны тэкст — «Рыгведу»?

    — На той момант, калі я вырашыў перастварыць «Рыгведу» па-беларуску, ужо вывучаў санскрыт цягам некалькіх гадоў і «прымерваўся», што б такое перакласці. «Рыгведа» — пачатак індыйскай літаратуры, самы старажытны твор Індыі і адзін з самых старажытных для чалавецтва ў цэлым. Не кожная культура можа пахваліцца тым, што мае пераклад «Рыгведы». Поўныя пераклады існуюць толькі на абмежаваную колькасць моў: некаторыя індыйскія, англійскую, нямецкую, французскую, рускую. Фрагменты перакладзены на чэшскую, украінскую. І калі «Рыгведа» выйдзе па-беларуску, гэта адразу ўвядзе нашу культуру ў «Клуб вялікіх». Ёсць і больш празаічная прычына: калі прыехаў з Індыі, было вельмі сумна, і неяк спантанна паставіў сабе мэту штодзень працаваць над перакладам. Цягам двух гадоў гэтую працу рабіў амаль кожны дзень.

    — Здаецца, што паміж санскрытам і беларускай мовай вялікая розніца не толькі ў прасторы, але і ў часе. Ці здатная наша мова перадаць усе сэнсы старажытнаіндыйскага эпасу?

    — Санскрыт, як і беларуская мова, уваходзяць у групу індаеўрапейскіх моў, таму граматычна яны досыць блізкія: ёсць склоны, часы, будова сказаў падобная. З пункту гледжання сінтаксісу беларуская мова нават бліжэйшая да санскрыту, чым да англійскай. Але з іншага боку, санскрыт вельмі адрозніваецца ад беларускай мовы свабодай словаўтварэння і вельмі частым ужываннем складаных слоў. Гэта стварае вялікія цяжкасці: тое, што ў арыгінале выказваецца адным словам, у перакладзе ператвараецца ў цэлы сказ. Больш за тое, мова «Рыгведы» параўнальная з народнымі беларускімі песнямі. Таму перакладаць яе на літаратурную беларускую мову было б стылістычна не зусім правільна. Так, я сутыкнуўся з пытаннем: з якой беларускай мовай працаваць? У выніку прачытаў шмат зборнікаў народных песень, замоў, чытаў царкоўныя гімны на царкоўнаславянскай мове, каб стварыць адмысловы стыль.

    Таму чытач, калі будзе знаёміцца з перакладам, можа быць здзіўлены, шакіраваны і нават абураны. Надта многа тут ужываецца рэдкіх слоў, наватвораў, незвычайных канструкцый, якія выцякаюць у тым ліку з асаблівасцяў самой «Рыгведы». Можна сказаць, што я стварыў своеасаблівы стыль беларускай мовы.

    — Тое, што ты сам паэт, паўплывала на выбар менавіта паэтычнай формы для перакладу?

    — Амаль усе пераклады «Рыгведы», што існуюць, празаічныя. Гэта фактычна падрадковікі акадэмічнага характару. Добрых паэтычных перакладаў толькі тры: на нямецкую (Г. Грасман), французскую (С. Ланглуа), англійскую (Р. Грыфіт). Але і яны ўжо састарэлі, не адпавядаюць новым даследаванням. Трэба разумець, што «Рыгведа» стваралася прыкладна 2,5 тысячы гадоў таму, і мы маем справу з аднымі з самых старажытных вершаў чалавецтва. З традыцыі мы ведаем імёны большасці аўтараў гімнаў «Рыгведы». Чытаючы гэтыя тэксты, маем магчымасць сёння, у ХХІ стагоддзі, дакрануцца да свядомасці старажытнага паэта. Такі пераклад для паэта — вялікі скарб. Я не ставіў сабе задачу зрабіць падрадковы пераклад (ён ужо ёсць на рускай мове), а імкнуўся перастварыць «Рыгведу» так, нібыта гэта ад пачатку быў беларускі паэтычны тэкст. Магчыма, у плане дакладнасці ён саступае падрадковікам, але ў плане духу, атмасферы значна бліжэйшы за іншыя пераклады.

    — Зразумела, што пераклад «Рыгведы» — гонар для мовы і культуры. Але ці будуць у кнігі зацікаўленыя чытачы?

    — У нашай краіне ёсць кола людзей, зацікаўленых індыйскай культурай. Натуральна, іх не тысячы, але сотні дакладна. Ды і мне задаецца, што наконт запатрабаванасці твораў такога ўзроўню, як «Рыгведа», хвалявацца не трэба. Яны ў любым выпадку прынясуць карысць: хай не сэнсава, але нават самім фактам свайго існавання. Дарэчы, інтарэс да «Рыгведы» можа прывесці замежнікаў і да цікавасці да беларускай мовы. Напрыклад, даследчык у любой краіне пачне шукаць пераклады гэтых старажытных тэкстаў і ўбачыць, што ёсць рэдкае паэтычнае перастварэнне на беларускую мову. Мець пераклад «Рыгведы» — гэта нічым не горш, чым мець пераклады «Іліяды», «Адысеі» (іх у нас пакуль, на жаль, няма).

    — А калі гаварыць пра звычайных беларусаў. Ім будзе цікава?

    — «Рыгведу» можна чытаць проста як паэзію. Яна не такая простая, як, напрыклад, фінская «Калевала». «Рыгведа» — гэта бессюжэтныя гімны багам; калі ў іх і расказваецца нейкая гісторыя, то вельмі хаатычна, непаслядоўна. Задачай старажытных паэтаў было ўславіць бога, паралельна пра нешта згадваючы. Але ў «Рыгведзе» ёсць вельмі цікавыя філасофскія гімны, сустракаюцца і гумарыстычныя моманты, гімны мове ці прысвечаныя пахавальным, вясельным абрадам — іх тэматыка досыць разнастайная. У той частцы, якая ўжо перакладзена на беларускую мову, прадстаўлены гімны багам, але я стараўся перакладаць іх так, каб гэтыя творы чыталіся, як звычайныя вершы, каб чытач, не задумваючыся, атрымліваў асалоду ад вобразаў, паэтычнай формы. Магчыма, не ўсе яны простыя для разумення, але ў тым і плюс: у паэзіі павінна быць загадка, таямнічасць.

    — Значыць, гэта магчымасць перанесціся ў іншую рэчаіснасць?

    — Так. Той свет, у якім жылі людзі, што стваралі «Рыгведу», знік. Іх светапогляд для нас недаступны, мы можам яго часткова рэканструяваць, уявіць паводле тэкстаў, але да канца ніколі не зможам аднавіць. Напрыклад, старажытныя арыі верылі ў сілу слова. Лічылася: існуе толькі тое, што мае імя. І калі ведаеш таемнае імя рэчы, то атрымліваеш над ім поўную ўладу. У цэнтры іх сусвету стаяла ідэя ахвяравання, яна прадугледжвала, што людзі прыносяць ахвяры багам, і багі наўзамен дораць дастатак, здароўе. Перарыванне кола ахвяравання азначала хаос, разбурэнне свету. Усе, хто гэтага не рабіў, лічыліся ворагамі арый, успрымаліся напаўдэманічнымі істотамі.

    — Санскрыт — досыць загадкавая мова. Яна яшчэ жывая?

    — Гэтая мова ўнікальная тым, што фактычна з часу свайго ўзнікнення яна не пераставала выкарыстоўвацца ў Індыі.

    Паводле ацэнак, у Індыі жыве каля мільёна чалавек, якія валодаюць санскрытам як другой роднай мовай, і каля 10 тысяч тых, для каго санскрыт — першая родная мова.

    Ведаць санскрыт у Індыі дагэтуль вельмі прэстыжна, гэта адна з афіцыйных моў краіны, яна — вельмі важная частка сучаснага жыцця дзяржавы. Штогод ладзяцца канферэнцыі, прысвечаныя санскрыту. На канале Youtube ў інтэрнэце штодзень выходзяць кароткія выпускі навін, на гэтай мове выдаюцца газеты, пішуцца літаратурныя творы. Яна старажытная і адначасова вельмі сучасная.

    — А ці паўплываў пераклад «Рыгведы» на тваю ўласную паэзію?

    — Безумоўна. У першую чаргу тым, што ў маёй паэзіі дадалося непасрэднай, пачатковай простасці. Я стаў больш звяртацца да прыродных вобразаў, якіх у «Рыгведзе» шмат. Яны з часам пачалі ўспрымацца як сялянскія і перасталі быць папулярнымі. Але мне захацелася гэтую вобразнасць пераадкрыць, проста ўвесці ў новы кантэкст, ужываць іх не так, як класікі, а па-іншаму.

     «Рыгведа» — вельмі аб'ёмны твор. і яе паэтычны пераклад можа стаць напраўду справай цэлага жыцця...

    — Традыцыйна «Рыгведа» дзеліцца на дзесяць частак-колаў. Я пераклаў толькі самую першую і самую вялікую, яна ўключае 191 гімн. Наступнай буду перакладаць менавіта 10-ю частку: яна самая цікавая, разнастайная паводле зместу. Для мяне гэтая праца — не справа жыцця, я шмат чым займаюся. Але калі палічыць, то сапраўды: пераклад усёй «Рыгведы» можа заняць дзесяцігоддзе. Каб было зразумела, прывяду паралелі: у «Рыгведзе» амаль 40 тысяч радкоў — гэта прыкладна ў паўтара раза больш за «Іліяду» і «Адысею», разам узятыя. Але для мяне гэты пераклад — не праца, а адпачынак, асалода, таму такая задача зусім не палохае.

    — Ці будуць у кнізе дадаткі, слоўнікі для глыбейшага і больш уважлівага прачытання «Рыгведы»?

    — Кніга, што рыхтуецца да выдання, акрамя гімнаў, будзе змяшчаць артыкулы пра «Рыгведу» і яе ўзнікненне, пра тое, якой мовай яна напісаная, яе стылістычныя асаблівасці. Тут жа распавядаю, як перакладаў і транслітараваў імёны з санскрыту на беларускую мову, згадваю тых, хто займаўся перакладам гэтых тэкстаў да мяне і якія існуюць пераклады. Тэкст «Рыгведы» суправаджаецца таксама і прыкладна двума дзясяткамі артыкулаў пра ключавыя паняцці, важныя для разумення. Да кожнага гімна прыводзяцца заўвагі, дзе я акрэсліваю самыя важныя і самыя спрэчныя моманты. Ёсць і спіс імёнаў, якія сустракаюцца ў кнізе: князёў, багоў, паэтаў. Чытаючы гімн, можна будзе звярнуцца да спіса і даведацца, пра каго ідзе ў ім гаворка. Гэта вельмі важна, бо амаль усе імёны на санскрыце маюць значэнне. Ёсць тут слоўнік рэдкіх слоў і наватвораў. Гэта не манаграфія па «Рыгведзе», я проста стараўся дапоўніць кнігу дэталямі, якія аблегчаць чытанне і разуменне самога тэксту.

    vesіaluha@zvіazda.by

    Автор: Марына ВесялухаЗвязда

Комментарии (0)