04 Мая, 2024 Суббота

“Ваяры княства Літоўскага” у Ашмянах

  • 22 марта 2016 Культура Русский 0

    У наш імклівы тэхнагенны век, эпоху камп’ютараў і мабільнікаў вялікім попытам карыстаецца менавіта тое, што дазваляе адчуць дух тых часоў, калі славутыя князі і мужныя рыцары ваявалі не бомбамі і танкамі, а мячамі ды дзідамі і перамагаў самы высакародны, а не той, у каго ёсць атамная зброя. Таму людзі з цікавасцю наведваюць разнастайныя імпрэзы, прысвечаныя даўніне.

    У раённым цэнтры культуры 12 сакавіка прайшло незвычайнае прадстаўленне. Упершыню ашмянцы ўбачылі на сцэне тое, што можна назваць адгалоскам Сярэднявечча. Усе цікаўныя маглі адчуць атмасферу тых часоў: у госці да нас завітаў вандроўны сярэднявечны тэатр “Ваяры княства Літоўскага”.

    З вандроўнымі артыстамі ашмянскі глядач ужо знаёмы – яны ўдзельнічалі ў фестывалі “Гальшанскі замак” і спаборнічалі на турніры ля яго муроў. А вось на сцэне яны паказалі сябе ўпершыню. Зрэшты, для іх гэта таксама не вельмі звыклая справа – сцэна здавалася маленькай і цеснай у параўнанні з “жалезнабокімі” гасцямі. Такія каларытныя фігуры найбольш арганічна ўпісваюцца ў іншы антураж – ля сцен замка, на вольным паветры ды ў чыстым полі.

    Шоу пачалося з пралогу, калі вядучы і кіраўнік тэатру Аляксандр Шоць абвясціў, што мэтай імпрэзы з’яўляецца ўшанаванне памяці тых, хто не шкадаваў сіл і мужнасці, змагаючыся за тых, у каго гэтых якасцяў бракавала. Вядома, самі тагачасныя воіны не лічылі вялікай славай сваю справу – для іх гэта было хутчэй рамяство, рамяство змагацца і гінуць за чужыя інтарэсы. Цікава, што падчас мірнага часу яны “мянялі прафесію”: зараблялі гісторыямі пра свае паходы і прадстаўленнямі на гарадскіх плошчах.

    Гэты тэзіс пацвердзілі і самі артысты. Яны літаральна ўваскрасілі тагачасныя традыцыі, не забываючы пры гэтым, што сучаснаму чалавеку патрабуюцца дадатковыя тлумачэнні для кожнага эпізода той пары.

    Перш за ўсё, наглядна прадэманстравалі розныя роды войска, якія належалі да розных народаў: перад гледачом прайшлі ліцвінскія воіны, пешыя шоты (шатландцы) і татарскія нукеры. Кожная група адрознівалася сваёй асаблівай зброяй і даспехамі. Аб іх таксама было расказана асобна.

    У адным з эпізодаў быў паказаны цікавы эпізод – лёсы дзяцей Сярэднявечча. Хваробы,  голад, войны, гвалт – усё гэта не магло не ўплываць на маленькіх жыхароў нашай зямлі. Таму нельга было без жалю глядзець на маленькага “рыцара”, які ў якасці барабаншчыка нароўні з дарослымі ішоў у паход.

    Магчымасці шатландскай пяхоты, ліцвінскіх ваяроў і татарскіх нукераў былі раскрыты ў невялікіх батальных сцэнках. Няхітрыя сюжэты цалкам кампенсаваліся шыкоўным выкананнем, адпрацаванымі рухамі і своеасаблівай харэграфіяй паядынкаў. Некаторыя эпізоды наогул маглі б стаць асновай асобнай гісторыі, без адзінага слова,  і пры гэтым вельмі красамоўнай.

    А асаблівую цікавасць выклікаў эпізод з удзелам добраахвотніка з ліку гледачоў. Падлетак выканаў ролю асуджанага на пакаранне. На ім прадэманстравалі розныя віды пазбаўлення “лішніх” частак цела і калечанняў. Дарэчы, аднымі з самых страшных злачынстваў лічыўся крадзеж у сваіх, за які маглі і адсекчы руку.

    Паміж эпізодамі прадстаўлення, якія былі неабходныя артыстам, каб падрыхтавацца і ўзброіцца, гледачоў забаўляў дудар Сяргей Ярук.

    На жаль, былі і дробныя штрыхі, якія псавалі ўражанне: не было адзінай сюжэтнай лініі, не хапала скразнога развіцця падзей, пераходы паміж эпізодамі былі рэзкаватыя. З іншага боку, тэатр самадзейны, своеасаблівая “зборная” з некалькіх асобных аматарскіх клубаў – таму нават тое нямногае, што магло не спадабацца, перакрываецца іх вялізным энтузіязмам.

    Таму смела можна сказаць, што асноўная мэта аўтараў – распавесці пра гісторыю наёмнага войска і зладзіць забаву – была дасягнута. Мы мяркуем, што на наступны сезон мы ўбачым яшчэ больш дынамічнае і яскравае прадстаўленне.

    Автор: Дзмітрый РАДКЕВІЧАшмянскі веснік

Комментарии (0)